Алег Каўрыгін. Фота: eyes.lt

Алег Каўрыгін. Фота: eyes.lt

«Магу сказаць, што гэтае рашэнне Міністэрства аховы здароўя прынята нават не міністрам. Мы бачым руку выканаўцаў, але дакладна ведаем заказчыкаў, — кажа бізнэсмен. —

Тое, што адбылося сёння, гэта абсалютна чакана. Я ведаў, якім будзе тэкст рашэння, мінімум за два-тры тыдні. Гаворка ідзе пра забарону працы прадпрыемстваў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь на любой падставе».

Заявы Міністэрства аховы здароўя аб падробленых дакументах, дзе былі пазначаныя «недакладныя звесткі аб адказных асобах, якія не былі працаўладкаваныя на прадпрыемстве», а таксама аб «памяшканнях і медыцынскіх вырабах, якія былі аформленыя на юрыдычную асобу да яе стварэння і рэгістрацыі», Каўрыгін называе «поўнай хлуснёй».

«Гэта проста памылка Міністэрства аховы здароўя, ліцэнзійнага аддзела, якая была дапушчаная 13 гадоў таму. Пры выдачы ліцэнзіі, натуральна, гэтыя ўсе дакументы правяраліся. Я ж не сам займаюся ліцэнзаваннем, — тлумачыць заснавальнік «Новага зроку». — Як мінімум дзіўна, што чалавек, які з'яўляецца рукапаціскальным і сябруе з найлепшымі афтальмолагамі свету, сядзіць на кангрэсах за адным сталом з імі ў прэзідыуме, займаецца нейкай падробкай дакументаў. Таму абліць брудам — гэта тыповы метад пэўных супрацоўнікаў [сілавых структур].

Нейрахірург з ЗША Карл Гольнік, загадчык аддзялення афтальмалогіі бальніцы хвароб вачэй Гейдэльбергскага ўніверсітэта (Германія) Герд Увэ Аўфарт, заснавальнік «Новага зроку» Алег Каўрыгін і Франка Мерчэза — галоўны афтальмолаг Мальты. Фота: асабісты архіў суразмоўцы

Нейрахірург з ЗША Карл Гольнік, загадчык аддзялення афтальмалогіі бальніцы хвароб вачэй Гейдэльбергскага ўніверсітэта (Германія) Герд Увэ Аўфарт, заснавальнік «Новага зроку» Алег Каўрыгін і Франка Мерчэза — галоўны афтальмолаг Мальты. Фота: асабісты архіў суразмоўцы

Каўрыгін лічыць рашэнне Міністэрства аховы здароўя забаронай на працу, праз якое калектыў з 500 чалавек будзе вымушаны з'ехаць з краіны:

«Прапанова перайсці ў дзяржаўныя клінікі выклікае ў мяне толькі лёгкую ўсмешку. Сапраўдны прафесіянал, які ведае цану сваёй працы, будзе працаваць там, дзе яго цэняць і паважаюць, дзе з ім лічацца.

Натуральна, топ-спецыялісты, якія неабходныя для нашай працы, на працягу года 100% пераедуць у іншую краіну, і гэта будзе вырашана вельмі хутка. Магчыма, нейкая частка калектыву пойдзе ў дзяржаўныя клінікі часова, для падтрымання штаноў. Але ў гэты час будзе шукаць сабе працу за мяжой.

Запэўніваю вас, высокакваліфікаваныя спецыялісты сеткі клінік «Новы зрок» знойдуць працу за мяжой у дзве секунды — Расійская Федэрацыя, Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Вялікабрытанія і гэтак далей.

З Беларусі з'едзе вялікая колькасць спецыялістаў у гэтай сферы. А між тым сетка клінік «Новы зрок» выконвала велізарную сацыяльную задачу і аперыравала да траціны ўсіх пацыентаў, якія мелі патрэбу ў лячэнні».

Па словах Каўрыгіна, сцвярджэнні Міністэрства аховы здароўя аб тым, што на «Новы зрок» прыпадае 1,7% наведванняў «у структуры афтальмалагічнай дапамогі, якая аказваецца ў рэспубліцы», выклікаюць у яго смех.

«Ведаеце, я ад смеху проста баюся лопнуць. Гэта поўная хлусня, — кажа бізнэсмен. — Гэта цяпер траціна, а быў час, калі мы рабілі палову ўсіх афтальмалагічных аперацый. Ну што ж, хай людзі самі адчуюць, што такое гэтыя 1,7%».

Алег Каўрыгін тлумачыць, што ў дзень на ўсе пяць клінік у Беларусі прыпадала па 1000 зваротаў, і цяпер гэтая нагрузка ляжа на дзяржаўныя медустановы:

«Ці справяцца яны? Як прафесіянал скажу: не. Да чаго гэта прывядзе? Да павышэння цаны на паслугі, пагаршэння якасці: медыцына [ў сферы афтальмалогіі] адкаціцца гадоў на 20 цягам паўгода.

Акрамя таго, нас чакае пагаршэнне дзелавога клімату. Ёсць інвестары, якія хацелі б весці нейкія праекты ў Беларусі. Яны звяртаюцца да мяне з прапановай, каб укласці вялікія грошы ў краіну. І, вядома, атрымаюць ад мяне адназначны адказ — не. Вось вынік сённяшняга пасяджэння.

Тыя людзі, якія прымаюць рашэнні, самі на сабе гэта адчуюць. Калі ў іх ёсць грошы, каб з'ездзіць у Маскву і зрабіць аперацыю, — добра. А калі не?»

Спрабаваць вярнуць ліцэнзію «Новы зрок» не будзе. Сёння клініка заявіла аб адыходзе з беларускага рынку.

«Мы ніколі не будзем падаваць на паўторнае аднаўленне ліцэнзіі, лічым гэтае рашэнне абразай вялізнага працоўнага калектыву, які працаваў сумленна і справядліва, — тлумачыць Каўрыгін. — Тое, што ўсё адбываецца настолькі жорстка і сур'ёзна, гаворыць пра тое, што магчымасці такія ў людзей, якія гэта ўсё робяць, ёсць.

Пры гэтым хацеў бы падкрэсліць: гэта не палітычная справа. Мы ні ў якім разе не задзейнічаныя (і ніколі не былі) у нейкіх палітычных працэсах. Тым больш што я ўжо жыву больш за 15 гадоў за мяжой і далёкі ад усяго гэтага».

Цэнтр «Новы зрок» узнік у канцы 1990-х. Бізнэс «Новага зроку» пачынаўся на арэндных плошчах МТЗ, а тагачасны міністр аховы здароўя Ігар Зелянкевіч радаваўся, што знайшлася кампанія, якая пераняла на сябе частку нагрузкі дзяржаўных клінік. 

Заснавальнік «Новага зроку» Алег Каўрыгін адукацыю атрымліваў у Германіі і першыя свае крокі ў бізнэсе зрабіў, займаючыся пастаўкамі абсталявання «Сіменс». 

У 2014 годзе на яго заводзілі крымінальную справу за нібыта кантрабанду медыцынскага абсталявання. Справа нічым не скончылася, яе закрылі, але ў Беларусь Каўрыгін не вяртаўся і вось ужо хутка 10 гадоў як жыве ў эміграцыі — спачатку ў Літве, а цяпер на Мальце.

Чытайце таксама:

Што ўяўляе сабой імперыя «Новы зрок» і ў якой схеме іх абвінаваціў ДФР

КДК узяўся за медцэнтр «Новы зрок», абвінавачваюць у заробках «у канвертах»

«Прычына продажу — узрост уласнікаў». Самыя дарагія бізнэсы, якія прадаюць у Беларусі

Клас
6
Панылы сорам
4
Ха-ха
2
Ого
7
Сумна
25
Абуральна
35