Крыніца, знаёмая з сітуацыяй са смерцю Алеся Пушкіна, расказала MOST, што адбылося ў гродзенскім шпіталі, дзе памёр палітвязень. У Алеся Пушкіна была прабадная язва, яму своечасова не дапамаглі ў турме.

Мастака ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў бальніцу 11 ліпеня, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца.

— Пушкіна прывезлі ў бальніцу фактычна пры смерці. У яго быў развіты перытаніт, быў сэптычны стан і паліорганная недастатковасць. Калі сказаць простай мовай, у яго была дзірка ў страўніку. Практычна не было шанцаў на выратаванне.

Прабадная язва выклікае востры боль. Таму пацыент адразу звяртаецца са скаргамі. У большасці выпадкаў у чалавека ёсць некалькі дзён для таго, каб ліквідаваць праблему аператыўна. Калі чалавеку своечасова дапамагчы, ён будзе далей жыць. Пасля такіх аперацый пацыента, як правіла, ужо праз пару дзён адпускаюць дадому. Калі гэтага не зрабіць своечасова, то прабадзенне язвы выкліча перытаніт і пасля сэптычны шок.

Сітуацыя з Пушкіным? Яго проста забілі ў турме, па-іншаму я гэта не назаву. Проста не магло быць такога, каб ён не звяртаўся ў турме па дапамогу, бо такая клінічная карціна выклікае востры боль.

Ён павінен быў адчуваць моцныя пакуты, гэта як кінжал у жываце, — сказаў суразмоўца Most.

Суразмоўца адзначае, што язва ў Пушкіна магла запаліцца праз турэмнае харчаванне, а таксама праз адсутнасць медыцынскай дапамогі.

— Кормяць у гродзенскай турме не вельмі, таксама сітуацыя з медыцынскай дапамогай там на нізкім узроўні. У выніку мы атрымліваем чарговую смерць палітвязня. Нельга замоўчваць пра такое бесчалавечнае стаўленне, беларусаў проста знішчаюць у турмах. Начальнік медыцынскай часткі Гродзенскай турмы Віктар Лутцаў адказвае за своечасовую дапамогу зняволеным. У яго абавязкі ўваходзіць рашэнне аб шпіталізацыі, але, як паказвае сітуацыя, Пушкіна шпіталізавалі вельмі позна, — сказала крыніца.

Алесь Пушкін памёр 11 ліпеня на 58-м годзе жыцця. Вядомы беларускі мастак, жывапісец-нонканфарміст, перформер быў затрыманы 30 сакавіка 2021 года і праз год асуджаны на пяць гадоў калоніі па абвінавачванні ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў (артыкул 370 КК) і распальванні варожасці (частка 3 артыкула 130 КК). Спачатку пакаранне адбываў у івацэвіцкай калоніі, а потым быў пераведзены на турэмны рэжым у Гродне. У яго засталіся чацвёра дзяцей.

Прабадная язва была таксама ў Марыі Калеснікавай, але ёй своечасова дапамаглі ў лістападзе 2022 года.

Чытайце таксама:

Алесь Пушкін: хто гэты геніяльны мастак і палітвязень, што згінуў у зняволенні

«А теперь давайте еще раз, на нормальном языке». Што адбывалася з Алесем Пушкіным за кратамі

Пушкіна прывезлі ў бальніцу непрытомным — «Радыё Свабода»

«Пры нявысветленых абставінах». Памёр палітзняволены мастак Алесь Пушкін

У розных гарадах Еўропы адбыліся акцыі памяці Алеся Пушкіна ФОТЫ

Наступствы маглі быць катастрафічныя. Доктар — пра хваробу Марыі Калеснікавай

Клас
2
Панылы сорам
5
Ха-ха
5
Ого
3
Сумна
53
Абуральна
165