Russian prisoners

Ваеннапалонных пагрузілі ў фургоны, каб перавезці далей ад лініі фронту. Фота: Сяргей Каравайны для Wall Street Journal

Расійскай пяхоце на перадавых пазіцыях даручана стрымліваць атакі ўкраінцаў у акопах і лясных масівах. Яна нясе асабліва цяжкія страты. Так кажуць людзі, якія змагаюцца з абодвух бакоў.

Некалькі зняволеных ахарактарызавалі маральны стан расійскага боку як упадніцкі.

Па словах вайскоўца-кантрактніка Анатоля, людзі ў яго падраздзяленні амаль не размаўлялі адзін з адным, калі чакалі наступу ўкраінцаў.

«Усе маўчалі, думалі пра сваё, гадаючы, з якога боку яны прыйдуць, — сказаў ён. — Нам было вельмі страшна. Ніхто не хоча паміраць. Мы спадзяваліся, што контрнаступлення не адбудзецца».

Дома, у Горным Алтаі, Анатоль працаваў будаўніком. Ён пайшоў ваяваць ва Украіне, бо так зрабілі сябры і знаёмыя. «Прапаганда гаварыла, што Украіна дрэнная, тут людзі нацысты і гэтак далей. Мы чулі гэта паўсюль». На вайне ён быў кіроўцам, рамантаваў машыны і перапраўляў аператараў дронаў, але месяц таму яго адправілі на перадавую недалёка ад пасёлка Вялікая Навасёлка.

На мінулым тыдні, па яго словах, два дні ўсё было ціха. Але затым пачаўся моцны штурм.

Украінцы ўварваліся ў лесапаласу і закідалі траншэю ручнымі гранатамі. Пяць іншых мужчын побач з Анатолем, у тым ліку яго добры сябар Георгій, былі забітыя. «Я вылез з акопа і пачаў крычаць: «Здаюся, здаюся!» — расказвае Анатоль.

Сярод зняволеных у Краматорску былі прафесіяналы, прызыўнікі і найміты. Некаторыя — з этнічных меншасцяў Сібіры, іншыя — з Санкт-Пецярбурга або Уладзівастока. Многія насілі рваную баявую форму. Некаторыя былі перавязаныя.

Антон, баец расійскай ваенізаванай групоўкі Storm Z, у сакавіку атрымаў аскепкавыя раненні галавы і канечнасцяў. Раненне галавы было асабліва цяжкім, праз што ён пачаў заікацца. Доктар сказаў, што ён непрыдатны для працягу баявых дзеянняў ва Украіне, але камандзір загадаў Антону і іншым параненым вярнуцца на фронт.

Са слоў Антона, байцам Storm Z — звычайна гэта зняволеныя, завербаваныя з расійскіх турмаў, — нельга адступаць пад страхам расстрэлу.

Былы салдат, які сядзеў у турме за гандаль наркотыкамі, Антон падпісаўся на паўгода баявых дзеянняў ва Украіне за абяцанне памілавання. Але камандзіры ставіліся да жыцця салдат як да чагосьці аднаразовага, як кажа мужчына. Па яго словах, ён пачаў разумець, што ў гэтай вайне «яны не на баку тых, хто мае рацыю».

Яшчэ адзін палонны — прызыўнік Дзмітрый — сказаў, што яго адправілі на данецкі фронт пасля мінімальнай падрыхтоўкі стральбы ў палявых умовах і аказання першай дапамогі.

Яго голас дрыжыць, калі ён апісвае, як трапіў пад шквальны агонь — з танкаў, мінамётаў, артылерыі.

«Я не ведаў, што рабіць, быў у страху, панікаваў, — кажа Дзмітрый. Ён і яго таварыш выйшлі з акопа з паднятымі рукамі. Калі ўкраінцы паклалі іх на зямлю і звязалі рукі, з акопа выскачыў яшчэ адзін расеец і кінуў гранаты, параніўшы некалькіх украінцаў, перш чым яго забілі.

Дзмітрый спадзяецца, што яго не адправяць назад у Расію пасля абмену палоннымі. «З улікам таго, як цяпер працуюць нашы структуры ў Расіі, калі ў мяне будзе магчымасць, я адмоўлюся ад абмену», — кажа ён.

Усе згаданыя палонныя салдаты здаліся добраахвотна, што ў Расіі лічыцца злачынствам. З гэтай нагоды WSJ адмыслова не называе іх прозвішчы.

Чытайце яшчэ:

Украінскае Мінабароны гаворыць пра цяжкую сітуацыю на ўсходзе

Контрнаступ: украінцы ўжо вызвалілі восем населеных пунктаў — Мінабароны

Расійскі салдат здаўся ў палон дрону пасля таго, як двое яго параненых паплечнікаў скончылі жыццё самагубствам

Клас
51
Панылы сорам
4
Ха-ха
6
Ого
9
Сумна
2
Абуральна
18