«Радыё Свабода» атрымала ў распараджэнне адзін са злітых дакументаў Мінабароны ЗША, у якіх раскрываюцца падрабязнасці аб сумесных ваенных манеўрах Беларусі і Расіі на мяжы з Украінай. Амерыканская выведка лічыць, што падобныя дзеянні з'яўляюцца наўмыснай дэзінфармацыяй.

У сакрэтных дакументах змяшчаецца інфармацыя пра расійскую аперацыю па «аператыўнай маскіроўцы», якая была санкцыянаваная Генштабам РФ і праводзілася з 3 па 10 лютага 2023 года. Аперацыя складалася з перакідкі ў Беларусь ракетна-тактычных комплексаў «Іскандэр-М», сумесных лётна-тактычных вучэнняў і больш агрэсіўных ваенных навучальных манеўраў на мяжы з Украінай.

Згодна з уцечкамі, усе гэтыя дзеянні ўзгадняліся з Генштабам Узброеных сіл Беларусі.

«Кіраўніцтва расійскага Генштаба заявіла, што аперацыя паспяхова пераканала ўкраінскія выведвальныя службы ў магчымасці сумеснага расійска-беларускага наступлення з беларускай тэрыторыі», — цытуе «Радыё Свабода» інфармацыю з сакрэтнага дакумента ЗША.

Аперацыі па дэзінфармацыі ўкраінскага вайсковага камандавання працягнуліся і пасля гэтага. Выведка ЗША падзяліла іх на дзве фазы: першая фаза павінна была працягвацца да 6 сакавіка, а другая — з 6 па 11 сакавіка. Планы абедзвюх фаз таксама меркавалася даслаць на зацвярджэнне ў Генштаб Узброеных сіл Беларусі.

Пры гэтым у самой Украіне неаднаразова афіцыйна заяўлялі, што лічаць магчымасць паўторнага нападу з Беларусі малаверагоднай (ды і самі беларусы збольшага выступаюць супраць падобнага).

Чытайце таксама:

Украіна запытвала ў краін NATO лічбавыя карты Беларусі, па якіх самалёты і дроны могуць лятаць на гранічна нізкіх вышынях — Le Monde

Беларусь дала зброю ПВК «Вагнер», а Кітай адмовіў — Financial Times

У злітых сакрэтных дакументах ЗША тлумачыцца дыверсія ў Мачулішчах

Клас
8
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0