Фота: vecteezy

Фота: vecteezy

TХЭ — гэта арганічны растваральнік, які ўяўляе сабой празрыстую, бясколерную і цяжкагаручую вадкасць. Па паху яна чымсьці падобная на хлараформ і мае саладкаваты прысмак. Рэчыва знайшло шырокае прымяненне ў шматлікіх сферах нашага жыцця: часцей за ўсё выкарыстоўваецца ў якасці абястлушчвальніка на прадпрыемствах (у прыватнасці, у металургіі і апрацоўцы металу), для запраўкі вогнетушыцеляў, а таксама ў якасці інгрэдыенту ў звычайных бытавых мыйных сродках, холадагентах, у хімчыстцы і хімапрацоўцы вопраткі. ТХЭ нават быў анестэтыкам да 1970-х гадоў. 

Людзі, якія працуюць у гэтых галінах, падвяргаюцца найбольшай рызыцы ўздзеяння ТХЭ, як і жыхары суседніх з прадпрыемствамі раёнаў, паколькі хімічнае рэчыва можа забруджваць глебу і падземныя воды. Лічыцца, што празмернае вострае ўздзеянне ТХЭ раздражняе лёгкія і скуру, а таксама выклікае галавакружэнне і галаўны боль. Ён таксама лічыцца канцэрагенам: пры працяглым уздзеянні, як вядома, павышаецца рызыка раку нырак і, магчыма, іншых формаў раку

Больш за дзесяць гадоў некаторыя навукоўцы сцвярджалі, што ТХЭ з'яўляецца прычынай хваробы Паркінсана — нейрадэгенератыўнага захворвання, якое знішчае здольнасць чалавека рухацца самастойна і часта выклікае дэменцыю. У артыкуле, апублікаваным у сакавіку ў Journal of Parkinson's Disease, навукоўцы прадставілі шэраг доказаў, якія пацвярджаюць гэтую гіпотэзу. 

Так, яшчэ ў даследаванні 2008 года даследчыкі апісалі сувязь пацыентаў з хваробай Паркінсана з працяглай гісторыяй уздзеяння ТХЭ, а даследаванне 2012 года на блізнятах толькі пацвердзіла папярэднія гіпотэзы. Іншыя даследаванні на жывёлах паказалі, што ТХЭ можа пашкодзіць спецыфічную сетку нейронаў, звязаных з гэтай хваробай.

У новым жа даследаванні прадстаўленыя профілі сямі пацыентаў, у якіх хвароба Паркінсана можа быць звязаная з ТХЭ, у тым ліку былога гульца НБА Браяна Гранта, якому быў пастаўлены дыягназ ва ўзросце 36 гадоў, а таксама памерлага ў 2021 годзе сенатара ЗША Джоні Ісаксана. У гэтых выпадках у пацыентаў была вядомая гісторыя жыцця або працы побач з месцамі, дзе ўзровень ТХЭ быў верагодна высокім і ў прыватнасці забруджваў пітную ваду.

Гэтая сувязь па-ранейшаму грунтуецца на ўскосных і абмежаваных даных, і не ўсе згодныя наконт трываласці доказаў, тлумачыць Gizmodo. Таксама магчыма, што ўздзеянне ТХЭ не раўнамерна павялічвае рызыку развіцця хваробы Паркінсана; магчыма, такія фактары, як генетыка, робяць канкрэтнага чалавека больш ці менш успрымальным да патэнцыйнай шкоды.

Неабходныя дадатковыя даследаванні, каб пацвердзіць, ці можа ТХЭ (разам з роднасным хімічным рэчывам пад назвай перхлорэтылен, або ПХЭ) выклікаць хваробу Паркінсана і якім чынам. Але ў святле яго вядомай і магчымай небяспекі хімічнае рэчыва ўжо павінна быць забаронена, кажуць даследчыкі. Яны таксама рэкамендуюць абараніць месцы, дзе адбываецца забруджванне ТХЭ, а людзей, што жывуць або працуюць у гэтых раёнах, трэба інфармаваць пра рызыкі і абараняць ад хімікатаў (напрыклад, ёсць спосабы выдаліць іх з пітной вады).

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
10
Сумна
12
Абуральна
1