Прэстыжнае музычнае спаборніцтва пройдзе ў горадзе Ліверпулі.

Арганізатары прэзентавалі свой лагатып у выглядзе сэрцаў у нацыянальных колерах Украіны і Вялікабрытаніі, якія «змагаюцца ва ўнісон».

Класічнае шматслойнае сэрца ў сінім, жоўтым, ружовым і фіялетавым колерах стане сімвалам шоу, якое пройдзе пад лозунгам «Мы аб’яднаныя музыкай». 

У 2022 годзе ў конкурсе перамагла ўкраінская рэп-група Kalush Orchestra, таму фінал 2023 года павінен быў бы прайсці ва Украіне. Але яшчэ ў чэрвені стала зразумела, што правесці конкурс у краіне, дзе працягваецца вайна, немагчыма. У выніку фінал конкурсу быў перанесены ў Вялікабрытанію, выканаўца з якой летась заняў другое месца.

Вялікі фінал спаборніцтваў адбудзецца на Liverpool Arena ў суботу, 13 мая, а паўфіналы — 9 і 11 мая. Удзельнікі з Украіны аўтаматычна праходзяць у галоўны фінал разам з так званай «Вялікай пяцёркай», у якую ўваходзіць і Вялікабрытанія. 

Украіну гэтым разам будзе прадстаўляць гурт Tvorchi («Творчыя»), які грае электронную музыку. Беларусы ад удзелу ў Еўрабачанні адхіленыя з 2021 года за грахі рэжыму Лукашэнкі.

Клас
7
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0