Фота: БелТА
У крамах электратэхнікі гэты тавар яшчэ не з'явіўся. Няма навінкі ні на сайце «Гарызонта», ні ў інтэрнэт-крамах.
«Першы беларускі ноўтбук выходзіць на рынак у мадэлі H-book MAK4. Гэта айчынная распрацоўка, створаная на аснове перадавога досведу і тэхналогій. Гэта сучасны камп'ютар, які па сваёй якасці і прадукцыйнасці параўнаем са знакамітымі брэндамі. Апаратная аснова H-book MAK4 распрацавана на працэсарах Intel Core 11 пакалення, якія забяспечваюць паказчыкі бесперабойнай працы і высокай прадукцыйнасці як ва ўмовах офіснай і хатняй працы, так і пры выкананні задач высокай сістэмнай нагрузкі, захоўваючы пры гэтым выключную аўтаномнасць», — расказаў БелТА генеральны дырэктар «Гарызонта» Юры Прадко.
Гендырэктар расказаў, што «над стварэннем прадукту працавала вялікая каманда дызайнераў, інжынераў, распрацоўшчыкаў, схематэхнікаў, праграмістаў, вытворцаў, маркетолагаў з міжнародным вопытам работы».
Характарыстыкі беларускага ноўтбука. Фота: Tochka.by
Мадэль на i-3 працэсары прадаецца за 1599 рублёў, піша Tochka.by. Раней паведамлялася, што беларускі ноўтбук у базавай камплектацыі з дыяганаллю 15,6 цаляў абыдзецца ў суму ад 1300 рублёў, але, як патлумачыў кансультант, выйшла крыху даражэй-з-за лагістыкі.
Цікава, што ў аддзеле продажаў прадпрыемства «Гарызонт», куды тэлефанавала «Наша Ніва», не сталі называць цану.
«Цэн у мяне няма. Прыходзьце на выставу ў Galleria Minsk, там можна паглядзець ноўтбукі і цэны», — адказалі ў аддзеле.
Мадэль Asus з такімі характарыстыкамі каштуе каля 650 еўра.
У 2023-м у продажы з'явяцца ноўтбукі з i-5 і i-7 працэсарам. Абяцаюць, што i-5 будзе на 200-300 рублёў даражэй, піша Tochka.by.
Серыйная вытворчасць ноўтбукаў мусіла стартаваць у лістападзе, але затым яе перанеслі на снежань. У 2023 годзе плануюць выпусціць каля 80 мадэлей.