Даследчыкі адзначаюць, што вырасла колькасць зафіксаваных праваабаронцамі палітычна матываваных затрыманняў.

Калі летам у сярэднім затрымлівалі па 100-120 чалавек на месяц, то ўвосень — у 3,5 раза больш.

Вырасла і колькасць палітычна матываваных судоў: увосень іх было ў сярэднім 145 у месяц, тады як у папярэднія месяцы — па 84.

Павялічыліся тэрміны крымінальных пакаранняў. Калі летам сярэднемесячныя сукупна прысуджаныя тэрміны зняволення складалі прыкладна 125-127 гадоў, то ў верасні гэты паказчык склаў 412, у кастрычніку — 426 гадоў. Такі рост звязаны з разглядам некалькіх гучных спраў — БелаПАНа, Аўтуховіча, групы «Буслы ляцяць», «справы дзесяці».

Растуць тэмпы прызнання зняволеных палітычнымі. Летам іх штомесяц станавілася больш у сярэднім на 87 чалавек, восенню — на 110 (а ў лістападзе наогул плюс 139 чалавек).

У восеньскіх затрыманняў было некалькі асаблівасцяў.

Першае — захавалася тэндэнцыя пераследаваць сваякоў палітвязняў і тых, хто змагаецца з рэжымам. Часам затрымліваюць сем'ямі.

Другое — трэнд на «карпаратыўныя» затрыманні, калі бяруць супрацоўнікаў аднаго прадпрыемства, прычым самага рознага профілю.

Трэцяе — шырыцца тэндэнцыя рэпрэсавання пэўных прафесійных груп — ад святароў да дальнабойшчыкаў. На новы ўзровень выйшлі рэпрэсіі супраць адвакатуры і медыя. Адвакатаў, якія выступаюць на гучных палітычных справах, не толькі пазбаўляюць ліцэнзіі, але часам і заводзяць на іх крымінальныя справы. Што да незалежных журналістаў, то пераследуюць не толькі тых, хто піша пра палітыку, але і з нейтральных СМІ, напрыклад, пра спорт ці эканоміку (кейсы «Прэсбола», партала Blizko.by, анлайн-выданнія «Бабруйскі кур'ер»).

Пачалі таксама заводзіць крымінальныя справы за інтэрв'ю медыя, якія прызнаны экстрэмісцкімі фарміраваннямі.

Некаторым палітвязням выстаўляюць новыя абвінавачванні і даюць паўторныя тэрміны.

Даклад «Беларускі трэкер перамен» ахоплівае аналіз трох месяцаў — верасень, кастрычнік, лістапад. Мэта — зафіксаваць і даследаваць тэндэнцыі. Працавалі над дакладам асацыяваны аналітык Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах Павел Слюнькін, заснавальнік агенцтва Sense Analytics Арцём Шрайбман, незалежны сацыёлаг Філіп Біканаў, праграмны дырэктар «Беларускай Акадэміі» і старшы аналітык «Цэнтра новых ідэй» Генадзь Коршунаў, акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова і старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
8
Абуральна
70