«Бачыў стаўленне да бацькі ў грамадстве: праца дактароў шанавалася»

— Мой бацька — доктар, яшчэ ад дзіцячага садка мне ўсе вакол казалі: вырасцеш — магчыма, будзеш як тата. Да нас у госці прыходзілі сябры сям'і, татавы калегі-медыкі, — я слухаў іх размовы і ўжо ў восьмым класе даспеў сам для такога ж выбару. Бацька спытаў мяне, калі мы гутарылі пра будучыню: «А ці хочаш быць доктарам?» — «Так, хачу».

Пра тое, як доктарская праца аплачваецца, я таго моманту не думаў. Так, мы не жылі багата, але і нястачы не цярпелі — усё як ва ўсіх. Пры гэтым я бачыў стаўленне да бацькі і яго сяброў у грамадстве: праца дактароў шанавалася, іх паважалі — і значна больш, чым цяпер. 

Я паступіў у віцебскі мед, з трэцяга курса, калі пайшлі клінічныя дысцыпліны, вучыўся з такім задавальненнем — адзнак, ніжэйшых за 9, у мяне проста не было. З кожным днём я ўсё больш пераконваўся, што гэта — маё, натхняўся прыкладамі: у нас выкладалі хірургі, якіх прызнаюць ва ўсім свеце. Я глядзеў, як працуе на аперацыях наш рэктар Анатоль Тадэвушавіч Шчасны, і думаў: клас, мне б так!

З трэцяга ж курса ўсе летнія практыкі я праходзіў за мяжой, у прыватнасці у Расіі і Казахстане. 

Вельмі-вельмі ўразіла мяне практыка ў Назарбаеўскай клініцы ў Астане. Яна супрацоўнічала з універсітэтам Токіа — і там я ўпершыню ўбачыў VR-аперацыйную, а таксама як дактары друкуюць на 3D-друкарцы пратэзы для аўтатрансплантацыі, фрагменты тканак і ўсё, што ім спатрэбіцца на аперацыі. 

Вельмі матывацыйны прыклад для мяне — прафесар той самай клінікі: ён працаваў у Астане, навуковы кіраўнік у яго быў у Нью-Ёрку, а сама навуковая база — у Токіа. І ён жыў на 3 гарады. Я слухаў яго і думаў: крута, вось так хацелася б! 

«Паедзеш у сталіцу — нічому не навучышся, там свае зоркі. А выйшла наадварот»

— Інтэрнатура і адпрацоўка па ўніверы ў мяне былі ўжо ў Мінску. Я быў адным з першых на курсе, таму змог трапіць інтэрнам у цэнтр транспланталогіі.

Я хацеў працаваць у аддзяленні трансплантацыі органаў, але мяне замацавалі за аддзяленнем кардыяхірургіі. Спачатку я не вельмі гэтаму ўзрадаваўся, але там аказаўся такі круты калектыў — і я пераняў шмат з таго, чаму не навучыўся б больш нідзе. 

Пазней я працаваў і ў аддзяленні трансплантацыі — быў асістэнтам на аперацыях па трансплантацыі печані і нырак, ездзіў на заборы органаў па ўсёй краіне. 

У Віцебску мяне ўсё палохалі: вось паедзеш у сталіцу — нічому не навучышся, там свае «зоркі», яны не дадуць табе аперыраваць. А выйшла наадварот: мне і іншым, хто з’ехаў у Мінск, якраз давалі рабіць усё — мы шмат асісціравалі, нас вучылі, «насіліся» з намі. 

Уласна ўдзельнічаць у аперацыях я стаў ужо на другі дзень інтэрнатуры — мне вельмі імпануе, як уладкаваная ў гэтым плане сістэма навучання ў бальніцах. Я толькі-толькі прыйшоў і ўжо асісціраваў пры аортакаранарным шунціраванні на працоўным сэрцы. 

Памятаю, на першай аперацыі мне кажуць, што рабіць, — я выконваю, а ў галаве ў мяне: божухна, я нічога не разумею… Вакол столькі розных трубак, манітораў. Абсталяванне, якога я не тое што ніколі не бачыў, толькі краем вуха чуў пра такое. І я дапамагаю забіраць з нагі вену, якую далей сшыюць у аорту і ў сэрца, каб замяніць ёю непрацоўны сасуд. 

Праз два тыдні я ўжо самастойна забіраў шунт з ніжняй канечнасці. Але гэта нармальная практыка: маладых дактароў заўжды хутка «ўкочваюць» у працоўны працэс. 

«Атрымаў першы заробак — пачалася дэпрэсія. 650 рублёў!»

З пункту гледжання прафесійнага развіцця ў мяне ўсё было добра, але, калі я атрымаў першы заробак у інтэрнатуры, пачалася дэпрэсія. 650 рублёў! Я здымаў жытло з сябрам на дваіх — і гэтага хапала б толькі на арэнду і камуналку. А я ж прыехаў у Мінск не толькі, каб працаваць, плаціць за кватэру і есці грэчку. Хацелася яшчэ штосьці сабе дазволіць — часам хадзіць на Зыбіцкую, апранацца, купляць штосьці. А на гэта грошай ужо не было.

Я стаў зарабляць яшчэ ў студэнцтве: быў рэпетытарам па англійскай, гадзіна заняткаў каштавала 15 — і ў мяне заўжды было 4-5 актыўных вучняў. Яшчэ час ад часу падпрацоўваў у грузаперавозках — там у залежнасці ад заказу можна было зрабіць ад 20 да 200 рублёў за раз. 

Таму я і тут знайшоў выйсце — стаў браць гадзіны на моўных курсах, зарэгістраваўся на сайтах-агрэгатарах рэпетытараў. Працаваў у камфортным для сябе рэжыме і ў прынцыпе зарабляў так, што на жыццё больш-менш стала хапаць — за месяц дабіраў яшчэ адзін заробак інтэрна ці крыху больш. 

«Як беспамылкова ацэньваць сітуацыю, калі твая змена доўжыцца ўжо 24 гадзіны?»

Так прайшла інтэрнатура. А далей — праца. Я прыйшоў у 2-ю бальніцу Мінска ў аддзяленне экстраннай хірургіі. 

Натуральна, мяне, як «маладога», загадчык тут жа паставіў дзяжурыць у «прыёмнік». У першы ж дзень я выйшаў на 24 гадзіны — і яны прайшлі як 24 хвіліны, такі быў стрэс. Я нават ні разу не прысеў за гэтыя суткі. Аб’ектыўна, трэба двух дактароў на дзяжурства ставіць — такая там плынь пацыентаў, і ўсе ў стане, які пагражае жыццю.

Графік дзяжурстваў у бальніцы ўзгадняецца нанова штомесяц — я мог працаваць у дзённую змену плюс мець яшчэ ад 5 да 13 дзяжурстваў.

Растлумачу, як гэта: ты прыходзіш у бальніцу да 8:30 і адпрацоўваеш 8 гадзін, у 16:30 заступаеш на дзяжурства і адпрацоўваеш да 8:30 наступнага дня — і потым усё яшчэ застаешся ў сябе ў аддзяленні і працуеш да 16:30. 

Я працаваў у сярэднім на 1,5 стаўкі (медыкі наогул менш не працуюць — дактароў, якім хапала б адной стаўкі, я асабіста не ведаю), амаль жыў на працы. Але што прыемна: дактарам тады даплачвалі «за кавід», таму зарабляў я нядрэнна — не менш за 3000 рублёў на месяц, амаль як мідл-распрацоўшчык. 

Вядома, працаваць так цяжка. Ад гэтага выгараеш! Але ж доктар мусіць хутка прымаць рашэнні — а як можна беспамылкова ацэньваць сітуацыю, калі твая змена ўжо доўжыцца 24 або 32 гадзіны? А яшчэ не спаць — у такім рэжыме можна прапрацаваць тыдзень, ну месяц… А потым усё. Я бачыў, як людзі не давалі рады — плакалі на працы, сыходзілі з медыцыны, хаця марылі быць дактарамі. 

Плюс пацыенты розныя бываюць. Колькі разоў назіраў, як хворыя кідаліся на паважанага доктара з кулакамі, ледзь не плявалі яму ў твар або мацюкаліся так, што вушы вялі. І гэта таксама не дадавала ўпэўненасці ў тым, што ты пайшоў правільнай дарогай, калі выбраў медыцыну. 

Той жа каранавірус наклаў свой адбітак на ўсіх: людзі хварэлі, людзі паміралі… А нікога з нас ва ўніверсітэце не рыхтавалі да таго, што яны будуць паміраць проста так і ў такой колькасці. І калі ты суткамі гэта бачыш, прапускаеш праз сябе, — так, вядома, маральна гэта цябе знясільвае.

«А айцішніку ж не трэба здаваць экзамены, пацвярджаць дыплом»

Пра тое, каб сысці з медыцыны, я задумаўся яшчэ інтэрнам, калі атрымаў першы заробак, — пра гэта я ўжо згадваў. Было крыўдна, што знаёмыя, з якімі я меў зносіны, многае маглі сабе дазволіць. А я, які да інтэрнатуры адчуваў сябе не горшым, — не мог сабе дазволіць не толькі тое ж самае, але і хоць нешта, што аддалена нагадвала б тое жыццё, пра якое марыў. 

Хаця здавалася б: я ж прыкладаў столькі намаганняў, вучыўся не менш, а можа і больш, развіваўся — і ўсё гэта было дарма? І калі б наперадзе бачылася перспектыва! Але я глядзеў на дарослых дасведчаных дактароў і разумеў: іх жыццё таксама не адпавядае выяве, якую я стварыў ў сваёй галаве. 

Калі ў калектыве пачыналіся размовы пра грошы, старэйшыя калегі заўжды пярэчылі: «Які заробак? Мы тут за ідэю — мы жыцці ратуем!» Але я думаю так: гэта ўсё ж праца — так, я гатовы працаваць шмат і цяжка, але я хачу зарабляць так, каб забяспечваць усім сябе і сваю сям’ю. 

Яшчэ ў інтэрнатуры я пачаў вывучаць, кім бы я мог быць у ІТ. Мы з сябрам нават прайшлі нейкі бясплатны курс па HTML і CSS, але я неўзабаве зразумеў, што вярстальшчыкам не стану працаваць, праграмістам — таксама. Гэта не маё! 

Я стаў гутарыць з айцішнікамі больш прадметна, і мне сказалі: паспрабуй праектны менеджмент або бізнэс-аналіз — магчыма, будзе цікава. 

Але тут якраз скончылася інтэрнатура, пачалася праца ў бальніцы. А там — пандэмія, усе сілы кінутыя на барацьбу з кавідам, дактары з’яўляюцца дома, толькі каб паспаць… Калі пандэмія пайшла на спад, з працай стала прасцей, але і з заробкам — пагорш. Кавідных даплат не стала. 

Пры канцы адпрацоўкі я ажаніўся. Мая жонка вучыла польскую — хацела пераехаць у Польшчу, мы вырашылі, што рэалізуем яе мару, як толькі завершым двухгадовую адпрацоўку. Я пайшоў да рэпетытара — і праз 6 месяцаў здаў экзамены ў Варшаве, у мяне ў сертыфікаце напісана, што я магу працаваць доктарам у Польшчы.

І вось тады ж пасля экзаменаў я сядзеў у кавярні ў Варшаве, гартаў навінную стужку на тэлефоне — і на экране з’явілася рэклама ІТ-курсаў. 

Я разумеў: шанцаў, што адразу па прыездзе я змагу працаваць доктарам — ніякіх.

Значыць, мне патрэбная прафесія, якая дазволіць зарабляць, пакуль я не пацверджу свой доктарскі дыплом. І я падумаў: а айцішніку ж не трэба здаваць экзамены, не трэба нічога пацвярджаць.

Ну і чым чорт не жартуе — раптам мне так спадабаецца, што я не захачу нават вяртацца ў медыцыну. Бо пра ІТ заўжды так салодка расказваюць: аддаленая праца, велізарныя заробкі.

Акей — я зааплаіўся на курсы па бізнэс-аналізе і з галавой сышоў у вучобу.

«Спачатку кайфаваў ад аддаленай працы, але потым стаў сумаваць па жывых зносінах»

Я скончыў курсы ў жніўні — а працу знайшоў нават раней, яшчэ пакуль вучыўся. Мяне ўзялі пасля першага ж сумоўя. 

Не скажу, што я прыкладаў намаганні да пошуку, — выпадкова натрапіў на аб’яву пра наборы на стажыроўку, выслаў рэзюмэ. Са мной звязалася эйчарка, дала тэставае заданне — я выканаў. Потым была праверка ўзроўню англійскай (што не праблема, бо ў мяне ўзровень C1 academic) і яшчэ тэхсумоўе. Ну і ўсё. Мы дамовіліся: як толькі я пераеду ў Польшчу — пачнём працаваць.

Я бачыў артыкул пра хлопца, які 15 гадоў спрабуе трапіць у EPAM — туды мяне таксама клікалі пасля курсаў. Але ў гэты момант я ўжо прыняў офер іншай кампаніі.

Што сказалі мне ў бальніцы — падтрымалі. Калегі гаварылі: «Вядома, едзь! Вярнуцца заўжды паспееш — а такі досвед дарагога варты», — я не чуў аніводнага дрэннага слова ні ад кога.

Праз тры тыдні мы ўжо былі ў Польшчы — і я адразу выйшаў на новую працу. 

Спачатку я кайфаваў ад аддаленай працы, мне падабалася, што нікуды не трэба ісці: прачнуўся, сеў за камп’ютар — і працуй. Але потым я стаў сумаваць па жывых зносінах, па тым пачуцці, якое маеш, калі працуеш у экстранным аддзяленні, — быццам пад табой зямля гарыць. Я прывык жыць «пад адрэналінам» у пастаяннай плыні падзей, а тут гэтага не было — усё вельмі «паважна».

Я сумаваў па аперацыях. Гаварыў жонцы: «Я так больш не магу — паеду дадому ў Беларусь». Яна супакойвала: «Неўзабаве прызвычаішся». Знаёмыя захапляліся: «Крута! Ты так памяняў жыццё…» А я думаў: так, быццам бы памяняў, быццам бы ўсё крута, але я так хачу назад да пацыентаў, у аперацыйную. 

І вось я мусіў выйсці на праект. Напярэдадні сазвону з яго каардынатарам я лёг спаць з цяжкім сэрцам, а прачнуўся з лёгкім — я для сябе ўсё вырашыў: адмоўлюся. Сказаў гэта жонцы. Яна здзівілася: «Як так?» Я адказаў, што не хачу падманваць ані сябе, ані людзей. Па-чалавечы гэта будзе правільна: сысці, пакуль не пачаўся анбордзінг.

Мы стэлефанаваліся з камандай. Я ўсё ім растлумачыў. Вядома, усе знерваваліся: «Вельмі шкада!» Але калі спыталі: «А чым ты плануеш займацца?» — я адказаў: «Хірургам буду» — і вось тады ўсе сталі гаварыць па-іншаму: «Крута, ведаеш! Малайчына, правільна! Удачы табе!» 

«Усё, па чым я сумаваў, вярнулася ў маё жыццё. Але… у адэкватнай прапорцыі»

Потым я сеў і стаў думаць: я знаходжуся ў чужой краіне, працы ў мяне ўжо няма — а значыць, і даходу. Трэба штосьці рабіць, бо экзамен, які дазволіць пацвердзіць дыплом доктара, — толькі ў сакавіку.

І якраз у гэты час жонка стэлефанавалася са сваёй аднагрупніцай, якая ўжо год як пераехала ў Польшчу, — і працуе тут асістэнткай доктара. Яе экзамен — яшчэ праз год, але бальніца ўзяла яе на працу з умовай, што потым яна будзе працаваць у іх. 

Мы з жонкай вырашылі паспрабаваць зрабіць гэтак жа, склалі CV — і проста заспамілі аўтарассылкай шпіталі Польшчы. Мы чакалі, што хто-небудзь дакладна патэлефануе, але тэлефанаванняў было вельмі шмат — і ўмовы ў тым ліку вельмі добрыя.

Мы прайшлі каля дзясятка сумоўяў і спыніліся на шпіталі ў ваколіцах Уроцлава. Паехалі на асабістую сустрэчу — і пераканаліся: тое, што нам трэба.

Што нас падкупіла: тут няма іерархіі, усе адно аднаму калегі, загадчык аддзялення і нават галоўны доктар бяруць дзяжурствы ў бальніцы, падчас сустрэчы вітаюцца з табой за руку і цікавяцца справамі — гэта амаль як у ІТ.

А яшчэ цікава, што ў нас у шпіталі працуюць і беларусы, і ўкраінцы, і казахі, і індусы — поўны «інтэрнацыянал». Палякі нават жартуюць: «Мы ў меншасці». 

Усё, па чым я так сумаваў, зноў вярнулася ў маё жыццё. Але… у адэкватнай прапорцыі — больш і не трэба. У Беларусі лічылася нормай, калі тры дактары працуюць у аддзяленні на 50 ложкаў — і пры гэтым кансультуюць усю бальніцу па хірургіі. А тут аддзяленне на 25 ложкаў, у якім працуюць 8 хірургаў, і яны лічаць, што дактароў варта было б мець і больш — цяжка. І я кажу ім: «Спадарства, вы ў нас не бывалі».

У маім кантракце асістэнта доктара прапісаная амаль такая ж сума, якую я атрымліваў, калі плацілі кавідныя надбаўкі. І так, я ўжо бачу: калі хочаш шмат зарабляць, то і тут трэба шмат працаваць — седзячы на стаўку, горы залатыя не атрымаеш. Але тут гэта магчыма: уладкоўваешся ў некалькі бальніц, вядзеш прыватную практыку — а на выхадзе атрымліваеш тое, пра што марыў.

Клас
30
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
3