Беларус Сяргей Лук'янаў абвінавачваецца ў марадзёрстве падчас акупацыі Бучы. Калаж: «Наша Ніва»

Беларус Сяргей Лук'янаў абвінавачваецца ў марадзёрстве падчас акупацыі Бучы. Калаж: «Наша Ніва»

18 кастрычніка ўкраінскі суд завочна арыштаваў грамадзяніна Беларусі, якога вінавацяць у тым, што ён займаўся марадзёрствам падчас акупацыі Бучы. За гэта Сяргею Лук'янаву пагражае ад пяці да васьмі гадоў зняволення. 

Буча — адна з самых жахлівых старонак расійска-ўкраінскай вайны. Прыгарад Кіева з насельніцтвам 36 тысяч чалавек месяц прабыў пад расійскай акупацыяй. Толькі ў Бучы акупанты забілі амаль 500 чалавек, а ва ўсім раёне знойдзена больш за 1300 целаў жыхароў.

Калі людзі пачалі вяртацца, то заўважылі, што іх дамы абрабаваныя. Запісы камер відэаназірання паказалі, што некаторымі з рабаўнікоў былі людзі, якіх яны лічылі прыяцелямі, якія жылі зусім побач. Сярод такіх людзей яны пазналі свайго суседа-беларуса, якога ведалі як Сяргея «Шляха».

Іх здзіўленню не было межаў: у яго была сям'я і трое дзяцей, яму дапамагалі суседзі, якія лічылі яго ахвярай беларускага рэжыму, а мужчына меў добрыя сувязі з мясцовай адміністрацыяй. Здзіўляла таксама, што мужчына здолеў свабодна перасоўвацца па Бучы.

Шакаваныя суседзі выклікалі паліцыю. Пры ператрусе ў Сяргея знайшлі некалькі ровараў, дзясяткі адзінак дарагой тэхнікі і шмат дарагога алкаголю. А на заднім двары дома ён закопваў чужое золата і ўпрыгожанні. Тады ж стала вядома ягонае сапраўднае прозвішча — Сяргей Лук'янаў — і ўсплыла ягоная беларуская гісторыя.

Хто такі Сяргей Лук'янаў?

Сяргею Лук'янаву 38 гадоў. У Беларусі апошняя вядомая праца мужчыны — мастак у Свята-Елісавецінскім манастыры. Таксама вядома, што не менш за 10 гадоў з перапынкамі Сяргей прапрацаваў у Расіі. Там яны з брыгадай займаліся стварэннем мазаік і малюнкаў для розных будынкаў, у тым ліку культавых пабудоў, а таксама будаўнічымі працамі.

Сяргей падчас працы ў 2011 годзе ў Маскве. Фота: сацсеткі

Сяргей падчас працы ў 2011 годзе ў Маскве. Фота: сацсеткі

У 2019 годзе ён уступіў у незарэгістраваную партыю Мікалая Статкевіча «Народная грамада».

«Тады быў вялікі набор, здаецца, яшчэ перад выбарамі ў парламент 2019 года. І прыйшло вельмі шмат людзей, у тым ліку і своеасаблівых, мякка кажучы. Працаваць з ім было цяжка. Ён вельмі шматслоўны, любіў пісаць капслокам усе свае «разумныя думкі», мітуслівы чалавек. Таксама ў яго цалкам адсутнічае самакрытыка і, мяркуючы па апошніх падзеях, эмпатыя таксама», — расказаў «Нашай Ніве» былы член партыі «Народная Грамада», які цяпер знаходзіцца ў эміграцыі.

Пасля гэтага Лук'янаў паўдзельнічаў з «Народнай грамадой» у парламенцкіх выбарах і у тым жа 2019-м быў выключаны з партыі.

Пазней ён далучыўся да чата «Армія з народам».

«Армія з народам» — тэлеграм-чат і канал, створаныя ў чэрвені 2020 года. Сутнасць іх была ў тым, каб агітаваць за змены ў краіне прадстаўнікоў сілавога блока. 24 чэрвеня «Армія з народам» правяла адкрытую сходку актыўных падпісчыкаў на рацэ Пцічы пад Мінскам — а ўжо на наступны дзень пачаліся затрыманні чальцоў і адміністратараў чата.

Хапун зачапіў каля 20 чалавек, з якіх пяць у выніку засталіся пад вартай — гэта сябар «Народнай грамады» Сяргей Спарыш, Антаніна Канавалава, Сяргей Ярашэвіч, Сяргей Коршун і Яўген Прывалаў.

Трапіў пад рэпрэсіі і Сяргей Лук'янаў, які таксама быў на сходцы. Яго затрымалі 29 чэрвеня 2020 года, але выпусцілі са штрафам, як і большасць затрыманых тады. Далей пачалася зусім іншая гісторыя.

Паказанні і цьмяныя тлумачэнні

Другі раз Сяргея затрымалі 21 ліпеня, праз тры тыдні пасля першага вызвалення. На допыце ён даў паказанні на Мікалая Статкевіча і будучых фігурантаў справы «Армія з народам», таму што «спужаўся за жонку і дзяцей». Так ён патлумачыў журналісту «Нашай Нівы».

Пасля ва «УКантакце» ён пісаў, што пайшоў на другі допыт 29 ліпеня.

«Калі Сяргей выйшаў, ён нават пісаў ці званіў Марыне Адамовіч, жонцы Мікалая Статкевіча. Сказаў, што трапіў у турму і даў паказанні на Мікалая, але быццам там нічога такога не было, а ён мусіў ратаваць сваю сям'ю, — кажа былы актывіст партыі «Народная грамада».

Пасля ён паабяцаў усім, што раскажа пра гэта публічна, але сказаў, што зробіць гэта не адразу, а калі «вырашыць свае пытанні і сям'я будзе ў бяспецы». І неўзабаве ён даслаў актывістам партыі спасылку на сваю старонку. І там быў тэкст, што, маўляў, ён даў паказанні, але паспрабуе ўсё выправіць на чарговым допыце ў СК.

На нейкі час пасля Лук'янаў знік, потым зноў з'явіўся.

«Пасля гэтых падзей большасць паплечнікаў па партыі перарвалі з ім адносіны», — расказаў нам грамадовец.

Той самы пост Сяргея. Фота: сацсеткі

Той самы пост Сяргея. Фота: сацсеткі

З самім Лук'янавым па гэтай справе «Наша Ніва» пагутарыла яшчэ ў чэрвені 2022 года. Ён тады сказаў:

«Я не мог гаварыць па справе «Арміі з народам» больш за тое, што ведаў на той момант. Пад пагрозай гвалту ў дачыненні да цяжарнай жонкі і малалетніх дзяцей я пайшоў на здзелку.

Я бачыў людзей на сустрэчы, але я не ведаў іх імёнаў ды іншых персанальных даных, я расказаў, як яны сябе паводзілі, і даў згоду на вочную стаўку. Але калі я выйшаў з Акрэсціна, то схаваў жонку з дзецьмі ў Беларусі, бо яна не хацела з'язджаць, а сам сеў на ровар і з'ехаў праз Расію.

Па справе Статкевіча ім былі ад мяне патрэбныя паказанні, і яны іх выбівалі. Я ведаў, што прыйдзецца ім нешта даць.

І я расказаў пра тое, што Статкевіч заклікаў да байкоту выбараў — гэта была яго пазіцыя, але ён рабіў гэта публічна. І таму я вырашыў, што гэтага ім будзе дастаткова. 

Таму лічу, што ў тых маіх паказаннях я не нарабіў людзям шкоды, і гэтых паказанняў недастаткова, каб асудзіць людзей. З гэтай нагоды я не даваў больш інфармацыі КДБ-ГУБАЗіКу, акрамя таго, што даў пад прымусам, і тое, што па сэнсе я вам апісаў. 

Я прызнаў факт паказанняў публічна на сваёй старонцы ва «УКантакце» і мінімізаваў магчымыя наступствы тым, што з'ехаў ва Украіну, а потым вывез жонку і дзяцей», — сказаў нам Лук'янаў.

Мікалай Статкевіч атрымае 14 гадоў калоніі. Фігуранты «Арміі з народам» — ад 4,5 да 6 гадоў калоніі.

Сяргей Лук'янаў становіцца «Шляхам»

У Кіеве Лук'янаў прадстаўляўся як «Сяргей Шлях», і ў дыяспары амаль ніхто не ведаў ягонага сапраўднага прозвішча.

«Першае ўражанне пра яго было добрае. Ён быў вельмі актыўны, аж занадта, генераваў шмат ідэй. Ён тады яшчэ рабіў праект «Варта святла» і шмат іншых палітычных ініцыятыў. Людзі грамадой дапамагалі яму і ягонай сям'і праз тое, што яны ўцекачы і дзяцей шмат у іх. Усё, што тады ён казаў, — гэта што ён неяк актыўнічаў у 2020 годзе, за гэта яго пераследавалі, што ён з'ехаў на ровары, пасля вывез цяжарную жонку (яна нарадзіла ва Украіне) і дваіх дзяцей. Што ён мастак, робіць мазаікі», — расказаў «Нашай Ніве» кіеўскі знаёмы Сяргея.

У Бучы была прастора «Партал», Лук'янаў з ёй супрацоўнічаў. Да прыкладу, да Дня горада ў Бучы ў 2021 годзе ён рабіў герб горада.

Герб горада Буча з мазаікай аўтарства Лук'янава. Фота: ягоны інстаграм

Герб горада Буча з мазаікай аўтарства Лук'янава. Фота: ягоны інстаграм

Былы сусед Лук'янава ў Бучы расказвае, што той напаўняў увесь эфір тэлеграм-чата беларусаў сваімі ініцыятывамі.

«Ведаеце, часам здавалася нават, што ён або правакатар, або асоба, ад якой варта трымацца падалей — таму кантакту з ім я не шукаў», — заўважае ён.

Сяргей Лук'янаў на акцыі «Варта святла». Фота: сацсеткі

Сяргей Лук'янаў на акцыі «Варта святла». Фота: сацсеткі

Калі пачалася вайна, то Лук'янаву з сям'ёй прапаноўвалі дапамагчы выехаць.

«Сяргей адмовіўся і застаўся ў Бучы, а жонка не наважылася націснуць, бо яна ў іхняй пары хутчэй вядомая, — згадвае кіеўскі прыяцель. — Але чалавек, які прапаноўваў дапамогу, пакінуў ім вялікую суму грошай, каб, калі яны захочуць выбрацца, у іх была такая магчымасць. 

Пасля з імі згубілася сувязь. І людзі з дыяспары пачалі біць ва ўсе званы, каб іх знайсці — пісалі ў чаты, пісалі валанцёрам, што сям'я з дзецьмі ў акупацыі. І тут усплыло прозвішча Сяргея — Лук'янаў.

Тады людзі, якія былі знаёмыя з Антанінай Канавалавай і Сяргеем Ярашэвічам, расказалі нам пра тое, што ён даваў паказанні. Усплылі дзіўныя і падазроныя гісторыі пра яго — інфармацыя пра пошук разышлася шырока, і людзі пачалі яго пазнаваць. А пасля мы даведаліся пра тое, што ён рабіў падчас акупацыі».

Бучанская гісторыя

Сусед Лук'янава выехаў з Бучы за пару дзён да вайны. Але працягваў сачыць за мясцовымі чатамі.

«Чытаць іх было страшна — людзі казалі, што ў іх канчаецца ежа, канчаецца вада, пыталіся, як прайсці, каб іх не забілі акупанты, развітваліся з суседзямі на ўсялякі выпадак. Людзі пачалі выдаляцца, мяняць нікнэймы…

Паведамленне Сяргея Лук'янава на пачатку вайны

Паведамленне Сяргея Лук'янава на пачатку вайны

Аднойчы ў чаце напісаў наш сусед: «А вы ведаеце, што Сярожа абмарадзёрыў усе нашы таўнхаусы?» Прычым шмат хто з ім нармальна сябраваў і дапамагаў яго дзецям, шашлыкі смажылі разам. І ўсе, хто быў там пад акупацыяй і ведаў яго, бачылі, як ён лазіў па дамах, і пазналі яго.

Расіяне бралі трафеі і запаскуджвалі дамы, а Лук'янаў цягнуў усё без разбору. У нас ён нічога каштоўнага не забраў, бо мы пераехалі да вайны. Але ў астатніх, хто не рыхтаваўся да пераезду, ён забіраў, напрыклад, тэхніку. Рэчы ён закопваў і складзіраваў паўсюль у сябе дома.

Так выглядаюць таўнхаусы комплексу «Кентэрберы 1», якія абнёс Лук'янаў. Сінім на мапе пазначана месца, дзе жыў Лук'янаў, а чырвоным — таўнхаусы. Фота: Google Maps / Кентэрберы 1

Так выглядаюць таўнхаусы комплексу «Кентэрберы 1», якія абнёс Лук'янаў. Сінім на мапе пазначана месца, дзе жыў Лук'янаў, а чырвоным — таўнхаусы. Фота: Google Maps / Кентэрберы 1

І калі нашы пачалі выкладаць фота таго, што ён набраў, — а там процьма дзіўных рэчаў. З маіх рэчаў ён забраў, да прыкладу, нейкую старую падраную сумку, тэрмасы. Людзі вярталі накрадзеныя ім рэчы больш за месяц і разбіраліся, што каму належыць, частку аддала жонка Лук'янава ўжо пасля яго арышту.

Калі прыехала паліцыя, то адбылася цікавая гісторыя. Ва Украіне яна стараецца выконваць усе працэдуры — не забрала нават у СІЗА спачатку. Пасля Сяргея закрылі на нейкі час, але ён выйшаў пад заклад і пачаў жыць у сваім доме, быццам нічога не было, і ўсім казаў, што рабіў толькі добрыя рэчы. А пасля здолеў выехаць з Украіны», — кажа беларус.

Лук'янаў умее маніпуляваць людзьмі, мяркуе наш суразмоўца. Калі ўскрыліся факты пра яго паводзіны падчас акупацыі, адным ён стаў тлумачыць, што збіраў гэтыя рэчы, каб нядорага іх прадаваць і карміць сваю сям'ю, а таксама дапамагаць людзям падчас доўгай акупацыі, іншым — што так ён зберагаў рэчы ад расіян-марадзёраў.

Паведамленні Сяргея Лук'янава з тлумачэннем яго паводзін у Бучы. Скрыншот з чата

Паведамленні Сяргея Лук'янава з тлумачэннем яго паводзін у Бучы. Скрыншот з чата

Былы кіеўскі сябар Лук'янавых задаецца пытаннем: «Якім чынам ён, дужы малады мужчына, здолеў спакойна перасоўвацца па Бучы?»

«Ëн расказвае, што яго нават затрымлівалі, але ён, па ягонай версіі, проста сказаў акупантам, што ён беларус, і яго адпусцілі. Ён агулам дзіўна сябе паводзіў, а ў адзін момант заявіў нашаму знаёмаму, што збіранне чужых рэчаў стала кшталту… ягонага хобі. Гэта нас усіх тады моцна ўзрушыла».

Аповед Сяргея пра сітуацыю ў Бучы свайму сябру. Скрыншот з чата

Аповед Сяргея пра сітуацыю ў Бучы свайму сябру. Скрыншот з чата

Пасля таго, што стала вядома, беларусы Украіны перарвалі з ім адносіны.

Жонку Лук'янава з дзецьмі вывезлі з Бучы ў Польшчу ўкраінскія валанцёры, і яна нейкі час жыла ў лагеры для бежанцаў. Пасля ў Варшаве намаляваўся і сам Лук'янаў.

«Лук'янава цяжка ацаніць, — расказвае ягоны бучанскі сусед. — Акупацыя — гэта была альтэрнатыўная рэальнасць, у якой людзі трапілі ў ненармальны свет. Я думаю, што гэта нейкая спецыфіка асобы. А з другога боку, быў такі выпадак. Ён скраў у кагосьці паляўнічую стрэльбу, а пасля вярнуў яе гаспадару. А калі яго выпусцілі, то суседзі да яго прыйшлі і сказалі, што жыць тут ён не будзе. Тады Лук'янаў у адказ: гэта я адну стрэльбу аддаў, а вы не ведаеце, што ў мяне дома».

Паведамленне Лук'янава з пагрозай суседзям. Скрыншот з чата

Паведамленне Лук'янава з пагрозай суседзям. Скрыншот з чата

Сам Лук'янаў «Нашай Ніве» патлумачыў свае дзеянні так: быў складаны час акупацыі, і ён дзейнічаў па абставінах, каб забяспечыць выжыванне сям'і.

«Я забяспечыў, але прыйшлося парушыць закон. Мы ўсе нешта чалавечнае трацім.

Але цяпер я ва ўсім прызнаўся следству і добраахвотна вярнуў рэчы, акрамя таго, што было выкрадзена некаторымі асобамі, якія скарысталіся тым, што на момант следства да мяне была прыменена мера пазбаўлення волі.

Невялікая частка назбіранага Сяргеем Лук'янавым у Бучы. Фота з сюжэта тэлеканала «Белсат»

Невялікая частка назбіранага Сяргеем Лук'янавым у Бучы. Фота з сюжэта тэлеканала «Белсат»

Я не магу цяпер дакладна казаць, што на той момант я прымаў адэкватныя і добрыя рашэнні, калі вакол бамбёжка, забойствы. І, на жаль, гэта было па-за межамі закона, але гэта дапамагала выжыць. Мне цяпер сорамна перад суседзямі і перад усімі людзьмі.

Выбраўся з Украіны я вельмі проста — перасек мяжу, купіўшы білет на цягнік да Пярэмышля. Мяне надглядалі памежнікі і мытнікі, але пытанняў у іх не ўзнікла, акрамя таго, што я пратэрмінаваў дакументы, бо тады не меў статусу бежанца — за гэта мне выпісалі штраф. І ў маім пашпарце ёсць штамп, што я цалкам законна перасек мяжу з Польшчай».

Што цяпер з героямі гэтай гісторыі?

Сяргей Лук'янаў падаўся на міжнародную ахову ў Польшчы і, па звестках нашых суразмоўцаў, калі яго не дэпартавалі, то ён мусіў яе атрымаць. Жонка і дзеці знаходзяцца з ім.

Мужчына цяпер вядзе гурток для дзяцей украінскіх бежанцаў у цэнтры горада, у Палацы навукі і культуры ў Варшаве. Распавядае пра вайну, пра Бучу і нават намаляваў партрэт Зяленскага.

Цяперашняя творчасць Сяргея Лук'янава — Зяленскі ў вобразе Бэтмена і дзіцячы гурток. Фота: ягоны інстаграм

Цяперашняя творчасць Сяргея Лук'янава — Зяленскі ў вобразе Бэтмена і дзіцячы гурток. Фота: ягоны інстаграм

Таксама нядаўна мужчына паўдзельнічаў у рэзідэнцыі ў «Доме творцаў», які робяць былыя палітзняволеныя мастакі. Ён быў адным са стваральнікаў інсталяцыі, якую паказвалі на фестывалі «Тутака».

Інсталяцыя Лук'янава з фестывалю «Тутака». Фота: ягоны інстаграм

Інсталяцыя Лук'янава з фестывалю «Тутака». Фота: ягоны інстаграм

Мікола Статкевіч адбывае пакаранне ў глыбоцкай калоніі на самым жорсткім, асаблівым, рэжыме. Яго часта змяшчаюць у ШІЗА, у зняволенні ён перанёс запаленне лёгкіх. Больш за восем месяцаў ад яго няма аніякіх вестак — у калоніі адказваюць проста, што ён жывы і знаходзіцца там.

Антаніна Канавалава (ПК-4) і Сяргей Ярашэвіч (ПК-20), якіх затрымалі восенню 2020-га, спачатку былі асуджаныя на 5,5 года кожны. З часу арышту яны не бачылі дзяцей, якія цяпер жывуць з бабуляй у Польшчы. Сяргею Ярашэвічу ў студзені 2023-га дадалі яшчэ дзевяць месяцаў зняволення.

Сяргей Коршун адбывае пакаранне ў ПК-3 «Віцьба». У лістападзе-снежні 2022-га Сяргей быў 38 дзён запар у ШІЗА. За кратамі піша вершы.

У Яўгена Прывалава двое дзяцей, ён адбывае пакаранне ў ПК-2 у Бабруйску.

Усе пералічаныя асобы ўнесеныя ў спісы «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». Праз гэта яны не могуць атрымліваць грошы на рахунак у калоніі, і ім амаль немагчыма будзе ўладкавацца на працу ў Беларусі.

Беларусы, якія ведалі Сяргея Лук'янава, адмовіліся дапамагаць яму і сям'і — гэта адзіны такі выпадак у дыяспары.

Калі вам важна тое, што робіць «Наша Ніва», то дапамагчы нам можна праз Патрэон па спасылцы ніжэй.

Клас
21
Панылы сорам
59
Ха-ха
7
Ого
14
Сумна
22
Абуральна
93