Фота: vecteezy

Як і ў выпадку з большасцю псіхічных захворванняў, сімптомы СДУГ (англ. ADHD — attention deficit hyperactivity disorder) могуць адрознівацца па тыпе і ступені цяжкасці. І многія з сімптомаў — «гэта паводзіны, якія ў той ці іншы момант адчуваюць усе», — кажа Джоэл Ніг, прафесар псіхіятрыі Арэгонскага ўніверсітэта аховы здароўя і навукі. 

Згодна з ім, ключ да дыягностыкі захворвання патрабуе вызначэння таго, што гэтыя сімптомы сур'ёзным і надзвычайным чынам уплываюць на жыццё чалавека. Таксама вельмі важна, каб яны прысутнічалі з дзяцінства.

Гэтыя нюансы можна лёгка не заўважыць у сацыяльных сетках, кажуць эксперты. Фактычна адно даследаванне паказала, што больш за палову відэаролікаў пра СДУГ у TikTok (а ролікі гэтыя збіраюць мільёны праглядаў) уводзяць у зман. Калі відэа (або артыкул) прымушае вас думаць, што ў вас можа быць не дыягнаставаны СДУГ, вось што трэба ўлічваць.

Чаму СДУГ часта не дыягнастуецца ў дарослых?

The New York Times распавядае, што прыкладна 4 % дарослых у ЗША маюць дастаткова сімптомаў, каб кваліфікаваць СДУГ, але толькі кожны дзясяты з іх дыягнастуецца і лечыцца. Для параўнання, прыкладна ў 9 % дзяцей у ЗША дыягнаставанае гэта захворванне, а тры чвэрці атрымлівалі лекі або паводзінную тэрапію.

Адной з прычын адсутнасці дыягназаў у дарослых з'яўляецца тое, што, калі людзі думаюць пра СДУГ, яны часта ўяўляюць сабе хлопчыка, які не можа сядзець на месцы і перашкаджае ў класе. Але гэтыя стэрэатыпныя сімптомы гіперактыўнасці прысутнічаюць толькі ў 5 адсоткаў дарослых выпадкаў.

Замест гэтага ў дарослых часцей сустракаюцца такія сімптомы, як няпамятлівасць, праблемы з канцэнтрацыяй увагі, праблемы з арганізацыяй і пракрастынацыя — тое, што эксперты называюць «безуважлівым СДУГ» (у адрозненне ад «гіперактыўнага СДУГ»).

Выява: vecteezy

СДУГ таксама можа быць памылкова дыягнаставаны як іншае псіхіятрычнае захворванне. Напрыклад, у людзей са СДУГ часта ўзнікаюць праблемы з рэгуляваннем эмоцый: яны могуць хутка раззлавацца або мець рэзкія перапады настрою, могуць узнікаць празмернае хваляванне і трывога. У выніку многім дарослым можа быць пастаўлены дыягназ дэпрэсія або трывога, калі карэннай праблемай можа быць менавіта СДУГ.

Як дыягнаставаць СДУГ у дарослых?

Ёсць тры асноўныя пытанні, якія псіхіятр разгледзіць з вамі, каб дапамагчы вызначыць, ці то ў вас звычайная няўважлівасць і непамятлівасць, ці то сапраўды СДУГ: 

  1. Колькі ў вас сімптомаў? 
  2. Ці былі гэтыя сімптомы ў вас з дзяцінства? 
  3. І ці ўплываюць яны на дзве ці больш частак вашага жыцця?

Апошнія два асабліва карысныя для вызначэння дыягназу, кажуць дактары.

Чалавек павінен мець пяць з дзевяці сімптомаў, пералічаных у афіцыйным кіраўніцтве па псіхіятрычнай дыягностыцы, каб прэтэндаваць на «безуважлівы СДУГ». Гэтыя сімптомы ўмоўна дзеляцца на тры катэгорыі: праблемы з прадукцыйнасцю ці эфектыўнасцю (пракрастынацыя на працы або невыкананне хатніх спраў); памяць (часта губляюць тэлефон або ключы ці забываюць купіць малако па дарозе дадому); і арганізацыя аб'ектаў і часу (беспарадак дома або заўсёдныя спазненні).

Гэтыя сімптомы павінны негатыўна ўплываць на дзве або больш частак жыцця, такіх як праца, дом і адносіны. Калі ў вашым доме беспарадак, але вы паспяховыя на працы і ваша асабістае жыццё насычанае — вы, верагодна, не падпадаеце пад дыягназ.

Выява: vecteezy

Сімптомы таксама павінны прысутнічаць яшчэ да таго, як вам споўнілася 12 гадоў. У вачах большасці клініцыстаў СДУГ з’яўляецца парушэннем нервовага развіцця; гэта значыць, што яно пачалося, калі чалавек (і яго мозг) быў маладым. Гэта можа быць найбольш складана вызначыць, таму што людзі маглі атрымаць дапамогу або кампенсаваць свае сімптомы, не ўсведамляючы гэтага. Напрыклад, бацькі маглі штодня нагадваць аб выкананні хатняга задання, што дапамагло чалавеку прайсці школу.

Такія людзі могуць усё запісваць, або яны вельмі добра прытрымліваюцца структуры і ўкладаюць шмат часу і намаганняў у арганізацыю.

У хлопчыкаў прыкладна ўдвая часцей дыягнастуюць СДУГ у дзяцінстве, чым у дзяўчынак, таму што нават у маладым узросце сімптомы ў дзяўчынак больш «безуважлівыя», чым «гіперактыўныя». У выніку дзяўчынкам са СДУГ можа быць цяжка ў школе ці іх могуць лічыць ціхімі летуценніцамі. Але яны могуць ухіляцца ад дыягностыкі, таму што яны не выклікаюць заўваг у класе або дома.

Калі вы сур'ёзна занепакоеныя сваёй увагай, але не мелі сімптомаў СДУГ у дзяцінстве, вашы праблемы могуць быць выкліканы іншымі медычнымі або псіхалагічнымі праблемамі — нядаўнімі траўматычнымі ці стрэсавымі падзеямі, зменамі ў рэжыме сну ці ўжываннем псіхаактыўных рэчываў, іншымі псіхічнымі захворваннямі або нават раннім пачаткам нейрадэгенератыўнага засмучэння. Існуе па меншай меры тузін псіхічных і кагнітыўных захворванняў, якія могуць імітаваць СДУГ, а таксама вялікі спіс медыцынскіх захворванняў. Калі вы думаеце, што ў вас менавіта СДУГ — дактары рэкамендуюць прайсці поўнае абследаванне.

Што рабіць, калі вам паставілі дыягназ?

Добрая навіна ў тым, што СДУГ даволі лёгка лячыць. Існуюць некаторыя стымулюючыя лекі, якія эфектыўна дапамагаюць людзям накіроўваць сваю увагу. Іншы клас лекаў можа дапамагчы людзям засяродзіцца без многіх непрыемных пабочных эфектаў стымулятараў, такіх як праблемы са сном ці зніжэнне апетыту.

Нефармацэўтычныя метады лячэння, такія як паводзінная тэрапія, таксама могуць быць карыснымі. Гэтыя метады дапамагаюць людзям зразумець, як СДУГ уплывае на іх паўсядзённае жыццё, і даюць ім стратэгіі барацьбы.

Выява: vecteezy

Паколькі стымулятарамі можна злоўжываць, пытанне пра тое, калі і як лячыць людзей са СДУГ, можа быць складаным для клініцыстаў. Калі хтосьці адпавядае дыягнастычным крытэрам, але сімптомы не прыносяць яму асаблівых пакут, і чалавек у цэлым добра функцыянуе з дня ў дзень, дактары схільныя рэкамендаваць менавіта паводзінную тэрапію замест лекаў.

Незалежна ад рэкамендаванага плана лячэння, важна сур'ёзна паставіцца да СДУГ. Без лячэння людзі з гэтым захворваннем маюць больш высокую рызыку ранняй смерці як у выніку няшчасных выпадкаў, так і самагубства. У іх таксама часцей узнікаюць праблемы з фінансамі, ужываннем псіхаактыўных рэчываў, юрыдычныя праблемы, небяспечныя сэксуальныя паводзіны і небяспечнае кіраванне аўтамабілем. Але пры эфектыўным лячэнні гэтыя рызыкі значна зніжаюцца.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
хх / Адказаць
06.12.2022
"Становіцеся звышзасяроджаным падчас працы над праектам?"
Оой... оказывается - и это болезнь?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру