Студэнты Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Фота: bsmu.by

Студэнты Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Фота: bsmu.by

Як у рэгіёнах?

Згодна з нацыянальным банкам вакансій, у краіне шукаюць 4614 дактароў-спецыялістаў, 3607 медсясцёр, 2209 санітараў.

Мінскім бальніцам і паліклінікам не хапае 3506 работнікаў. Яны застаюцца без 1329 дактароў-спецыялістаў, 1514 медсясцёр і 663 санітараў.

Установам аховы здароўя Мінскай вобласці патрабуецца 1592 работнікі.

На Гомельшчыне не хапае 1325 дактароў, медсясцёр і санітараў, у Гродзенскай вобласці — 1025. На Брэстчыне бракуе 1022 медработнікаў.

На Віцебшчыне з медычнымі кадрамі лепей, але не нашмат. Не хапае 966 дактароў, медсясцёр і санітараў. Установы аховы здароўя Магілёўшчыны не ўкамплектаваныя 738 медработнікамі. 

«За ўсімі гэтымі лічбамі стаіць чалавечае здароўе і жыцці»

На думку дактароў з Магілёўскай вобласці, тутэйшая «пазітыўная» статыстыка з медыцынскімі кадрамі ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі тлумачыцца яе аддаленасцю ад заходніх межаў краіны. Раней медыкі з'язджалі ў Расію, а цяпер там вайна і ахвотных няшмат, адзначаюць суразмоўцы.

Паводле іх, недахоп сямі соцень медработнікаў адчувальны ў мясцовых бальніцах. Тутэйшы персанал не ўдаецца ўтрымаць падвышэннямі да заробкаў, бо яны мізэрныя.

«Вялікі адток кадраў прызнаецца і чыноўнікамі. Медыкі вучаць мову і зʼязджаюць», — кажа пра сітуацыю медык з Бабруйска.

«За ўсімі гэтымі лічбамі стаіць чалавечае здароўе і жыцці, — адзначае ён. — Хтосьці пазбаўлены магчымасці атрымаць медыцынскую дапамогу ці атрымаць яе ў поўным аб'ёме».

Некаторыя з суразмоўцаў звязваюць недахоп кадраў з падзеямі 2020 года. На пратэсты ў Мінску і заходніх абласцях выходзіла больш медыкаў, якія па задушэнні пратэстаў вымушаныя былі зʼязджаць услед з айцішнікамі. Акцэнтуюць увагу суразмоўцы і на іншых акалічнасцях.

«У Мінску непаважлівае стаўленне да сябе доўга трываць не будуць, а зʼедуць, нягледзячы на цяжкасці. Дактароў з'ехала шмат, многія з іх былі адзінкавыя прафесіяналы», — адзначае медык з магілёўскай глыбінкі.

Вырашэнне праблемы паводле Лукашэнкі: «Мы цябе рыхтавалі — адпрацуй 10 гадоў»

Чыноўнікі настойваюць, што па рэгіёнах укамплектаванасць кадрамі неаднародная. Лепшая сітуацыя ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях. Праблемы з кадрамі маюць лякарні Віцебшчыны, Магілёўшчыны, Міншчыны ды сталіцы. Але звесткі Дзяржаўнай службы занятасці сведчаць, што сітуацыя з медработнікамі ва ўсходніх рэгіёнах выглядае лепей.

Праблему нястачы медыкаў чыноўнікі спрабуюць вырашаць павелічэннем бюджэтных месцаў у навучальных установах. Яны спадзяюцца выправіць сітуацыю захадамі па сацыяльнай падтрымцы спецыялістаў на месцах. Абяцаюць даваць ім жытло.

Летась Лукашэнка настаўляў кіраўніка Міністэрства аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, каб той падрыхтаваў прапанову аб абавязковай 10-гадовай адпрацоўцы размеркавання выпускнікамі медыцынскіх вучэльняў.

Лукашэнка і Піневіч у Чачэрскай раённай бальніцы. Фота: grodnonews.by

Лукашэнка і Піневіч у Чачэрскай раённай бальніцы. Фота: grodnonews.by

«Ты мне маеш унесці ў новым годзе прапанову. Прыйшоў ва ўніверсітэт вучыцца — прыйшоў, скончыў. Мы цябе рыхтавалі — адпрацуй 10 гадоў. Нам трэба паставіць усе кропкі над «i», — патрабаваў Лукашэнка.

Ён абураўся, што медыкі выязджаюць за мяжу, а ўрады суседніх краін завабліваюць беларусаў тым, што спрашчаюць працэдуры ўладкавання.

Так, напрыклад, зрабіла Польшча. У ёй з 2021 года замежны медык можа працаваць па спецыяльнасці пяць гадоў, а за гэты час ён абавязаны здаць неабходныя іспыты, каб пацвердзіць кваліфікацыю для атрымання ліцэнзіі.

Сёлета міністр аховы здароўя Польшчы Адам Нядзельскі заявіў, што за апошні год у яго краіне працаўладкавалі тысячу беларускіх медыкаў. 

Адток медычных кадраў спыніцца толькі тады, калі забароняць выезд з краіны наогул, лічаць дактары. Паводле іх, ніякія чыноўніцкія ўмовы не дапамогуць. Сітуацыя з дэфіцытам медычнага персаналу чыноўнікаў не хвалюе.

«Яны заклапочаныя толькі тым, як самім утрымацца на плаву, — лічыць медык з Гомеля. — Лячыцца ў бальніцах, дзе бракуе дактароў патрэбнага на момант хваробы ім профілю, яны не будуць. Праблему згадаюць толькі тады, калі пра яе скажуць ці загадаюць яе заўважыць».

«Пандэмія і рэпрэсіі ўзарвалі сістэму». Дактары расказваюць, як змянілася медыцына за тры гады

Рэарганізацыя хуткай дапамогі і паняцце медычнай памылкі. Пяць прапаноў наконт будучай рэформы ў сістэме аховы здароўя

«Не хачу перагортваць старонку, проста каб пракарміцца». Максімальна шчырае інтэрв’ю рэаніматолага Мартава

Клас
10
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
20
Абуральна
20