Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак

«Сёння дастаткова выняць у магазіне тэлефон і навесці камеру на цэннік, каб таваразнавец прыбег з тлумачэннямі. Рызыкаваць ніхто не хоча. У мінулую нядзелю мяне, напрыклад, нават суправадзілі ў аддзел з яйкамі, каб паказаць, што марожаныя кураняты-бройлеры знаходзяцца менавіта тут. Увесь заяўлены асартымент, паводле слоў адказнага работніка, прысутнічае, а дзіўная лагістыка, дакладней, логіка, тлумачыцца тым, што гэта профільны тавар. Кураня па сутнасці — былое яйка, толькі ўкормленае. 

Яшчэ тыдзень таму пра такую раскошу чалавечых зносін паміж прадаўцом і пакупніком можна было толькі марыць.

Зразумела, што персанал любой крамы яшчэ з вечара мінуўлага чацвярга атрымаў выразны інструктаж на выпадак праверак, бухгалтэрыя правяла незвычайную працу па адпаведнасці гандлёвых надбавак нормам заканадаўства. Таму сёння шукаць кампрамат на паліцах няма сэнсу», — піша карэспандэнт.

Таму, паводле яго, «застаецца працягваць фатаграфаваць цэннікі і дзівіцца». І знаходзіць дзівосы.

Напрыклад, у гіпермаркеце сланечнікавы алей, разліты ў літровыя бутэлькі, каштуе 5,99 рубля. Дакладна такі ж у тары па 0,5 л ацэнены ў 3,34 рубля. 

«Разбежка ў 69 капеек з літра даволі істотная. Падкрэслю: алей аднаго і таго ж вытворцы», — робіць выснову карэспандэнт.

Далей ён звярнуў увагу на сасіскі. 

«Я ўзяў на вагу шэсць штук свайго любімага гатунку. Пакупка абышлася ў 4,08 рубля. Калі б я абраў ужо фасаваныя вытворцам, тыя ж паўтузіна каштавалі б 4,25 рубля. Дробязь, але, улічваючы шматлікія тоны сасісак, якія выпускаюцца, вытворца нядрэнна зарабляе нават на пакаванні. Сам гандаль, так і быць, выдае пакункі бясплатна», — знаходзіць новыя недахопы журналіст.

Паводле яго, нават фермеры на кірмашы знізілі цэны. «У Малінаўцы мінулым разам бульбачка ішла ў асноўным па 1 рублі за кіло, цяпер масавым коштам сталі 90 капеек», — пішуць «Минск-новости».

Клас
7
Панылы сорам
77
Ха-ха
21
Ого
5
Сумна
4
Абуральна
17