Ілюстрацыйны здымак. Фота: АР
Расгвардеец распавёў выданню, што калі УСУ ўвайшлі ў горад, адбылася перастрэлка. «Потым нам паведамілі, што яны [УСУ] ўзялі горад у кальцо і акружылі яго. Мы вырашылі прарывацца, калі загінем — загінем, там заставацца было нельга», — паведаміў ён.
Паводле суразмоўцы выдання, ён з калегамі прарываліся з Балаклеі на двух КАМАЗах і адным БТР.
«Больш наогул нічога. Усю нашу тэхніку падбілі ўкраінцы, у тым ліку машыны з нашымі рэчамі і боепрыпасамі», — сказаў ён.
Ноччу (мабыць, гаворка пра ноч з 8 на 9 верасня — Рэд.), яны пайшлі на прарыў.
У адным КАМАЗе, з ягоных слоў, сядзелі два кабардзінцы — Хазраіл Тэміжаў і Амір Карданаў. «Яны зніклі, і мы не ведаем, што з імі адбылося. Таксама ў нас няма навін пра экіпаж БТР», — распавёў ён.
КАМАЗ, у якім ехаў ён сам, не праехаў і кіламетра — па яго словах, украінцы кінулі «вожыка» пад колы.
«Яны стралялі па нас з мінамётаў, мы адстрэльваліся. У выніку праз нейкія вёскі і палі мы выйшлі да балота, перайшлі праз яго і пераначавалі ў лесе», — распавёў расгвардеец.
Паводле яго слоў, перад наступам УСУ ў горадзе заставаліся некалькі расійскіх палкоў, у тым ліку і ягоны.
«Усе пакінулі пазіцыі — і ПВК, і звычайная армія, САХР, АМАП. Яны [УСУ] проста хлынулі ў горад, захапілі яго, ведаючы, што многія адтуль выйшлі. Мы выходзілі з горада апошнімі, адстрэльваючыся ад іх», — распавёў суразмоўца выдання.
9 верасня «Фортанга» — выданне, якое піша пра жыццё Інгушэціі, паведамляла, што толькі падчас баёў за Балаклею загінулі трое інгушоў з 126-га палка Расгвардыі (в/ч 3718, Назрань). У спісе параненых — 16 чалавек.
У ходзе наступу, распачатага 6 верасня, УСУ ўдалося вызваліць Балаклею, Ізюм, Купянск — больш за 40 населеных пунктаў Харкаўскай вобласці. Была вызвалена значная частка тэрыторый, акупаваных пасля 24 лютага.
У Мінабароны РФ адступленне сваёй арміі патлумачылі рашэннем «перагрупаваць расійскія войскі на Данецкі кірунак».
Чытайце таксама:
«Мы думалі, у Расіі ўсё гаўнянае, але армія… А яна таксама аказалася гаўном». Што ў беларускай арміі гавораць пра вайну
Байцы беларускага батальёна «Тэрор» штурмам узялі вышыню «Макдональдс» на Херсоншчыне. Раней яе спрабавалі ўзяць пяць разоў
Хто такі Аляксандр Сырскі, камандуючы украінскім наступам пад Ізюмам





