Даследаванне праводзілася беларускімі незалежнымі сацыёлагамі пры падтрымцы Фонду Фрыдрыха Эберта, анкеты распаўсюджваліся ў сацсетках.

99% апытаных не ўхваляюць дзеянні Лукашэнкі і яго ўрада. Каля 95% падтрымліваюць Украіну ў вайне, астатнія некалькі працэнтаў — ніводны з бакоў.

Большасць лічыць, што віна ў распачатай вайне ляжыць на Расіі — такіх 94-97% у залежнасці ад краіны эміграцыі. Разам з тым бачаць тут і віну Беларусі — пра гэта казалі 34-42%.

Больш за 70% апытаных рэлакантаў адказалі, што дапамагалі ўкраінцам. Самыя частыя формы падтрымкі — удзел у мітынгах і аказанне фінансавай падтрымкі.

Колькі беларусаў за мяжой сутыкалася з дыскрымінацыяй асабіста? У Польшчы гэта 31% апытаных беларусаў, у Літве — 16%, у Грузіі — 39%.

Ёсць некалькі меркаванняў, чаму ў Літве дыскрымінацыя меншая. Сацыёлаг і адзін з аўтараў даследавання Філіп Біканаў кажа, што ў Вільні, дзе асядае большасць эмігрантаў у Літву, шчыльнае кам'юніці беларусаў, за межы якога можна асабліва не выходзіць. Да таго ж у Літве больш разумення ўнутраных працэсаў Беларусі і таго, што адбывалася ў нашай краіне пасля 2020 года.

Тыя, хто сутыкаўся за мяжой з дыскрымінацыяй, адзначылі, што часцей гэта тычылася слоўных абраз ад незнаёмцаў, адмовы пры абслугоўванні ў банку, адмовы ў арэндзе жытла. Для Грузіі характэрнае таксама завышэнне цэн на тавары і паслугі для беларусаў.

У Польшчы з дыскрымінацыяй часцей сутыкаюцца з боку ўкраінцаў, у Грузіі і Літве — з боку мясовага насельніцтва. Але рэагуюць больш востра беларусы на словы ў свой бок ад украінцаў.

У Грузіі, заўважае сацыёлаг Наталля Рабава, сярод рэлакантаў вялікая доля мужчын-айцішнікаў. Напружаная сітуацыя там была ў сакавіку-красавіку, калі хлынуў паток эмігрантаў (беларусаў і расіян) і цэны на арэнду жылля ўзляцелі. Накладаецца таксама стаўленне грузінаў да Расіі праз папярэднія канфлікты ў рэгіёне. Хадзілі нават чуткі пра тое, што ў Грузію могуць засылацца прадстаўнікі расійскіх спецслужб, што насцярожвала арандадаўцаў.

Кіраўнік Freedom House Віціс Юрконіс адзначыў, што паток беларусаў, якія ўязджаюць у Літву па праваабарончай лініі, расце. Цяпер ніякіх перашкод для ўезду і атрымання візы з гуманітарных прычын няма — адмененыя толькі тыя візы, дзе падставай для выдачы з'яўляецца турызм.

Клас
17
Панылы сорам
7
Ха-ха
2
Ого
15
Сумна
35
Абуральна
4