Фота: AP

 Фота: AP

Задачу нумар адзін ва Украіне — узяць Кіеў за тры дні — Расія праваліла. Не ўдалося выканаць і другую задачу — адразанне Украіны ад мора.

Але ў многіх заставаліся чаканні, што на Данбасе расійскае войска, няўмольнае, як ледавік, будзе напаўзаць на ўкраінскія пазіцыі, сціраючы агнявым валам украінскія лініі абароны.

Што Пуцін, маючы велізарную перавагу ў адзінках тэхнікі і боепрыпасах, выйграе вайну на знясіленне.

Апошні тыдзень змяніў сітуацыю. Расійскі фронт, — дакладней, яго тыл на 60-80 км у глыбіню — гарыць увесь. Гарыць склад у Кадзіеўцы. Гараць дзясяткі складоў у Данецку. Гарыць тэхніка на аэрадроме ў Мелітопалі, склады ў Херсоне і Новай Кахоўцы, гарыць чарговы раз Чарнабаеўка. На наступны дзень пасля ўзяцця Лісічанска згарэў вялізны дывізіённы склад у Папаснай.

Пажар на складзе боепрыпасаў у Красным Лучы. Фота з сацсетак

Пажар на складзе боепрыпасаў у Красным Лучы. Фота з сацсетак

Прыцэльная ўкраінская стральба ракетамі па складах уяўляе сабой ашаламляльны кантраст з расійскімі абстрэламі Харкава, Мікалаева, Часавага Яра, дзе ракеты адвольна падаюць на жылыя кварталы.

Ваенны эксперт і былы лётчык, палкоўнік УСУ ў запасе Раман Світан ацэньвае колькасць знішчаных расійскіх складоў у 15-20%. Украінскае войска не пойдзе ў наступ, пакуль не знішчыць усе склады, мяркуе ён.

Для знішчэння складоў выкарыстоўваюцца «Хаймарсы» — M142 High Mobility Artillery Rocket System (HIMARS), змантаваныя на шасі стандартнага амерыканскага вайсковага грузавіка M1140 пускавыя ўстаноўкі для шасці ракет GMLRS. Ёсць яшчэ варыянт, які дазваляе замест шасці GMLRS выпускаць адну ракету ATACMS, якая ляціць на 300 км, але іх Украіне пакуль не пастаўляюць.

HIMARS валодае шэрагам істотных пераваг. Па-першае, ён мабільны, як звычайны грузавік. Гэта значыць, што HIMARS едзе па звычайнай дарозе, выязджае на пазіцыю, выпускае ракеты, і тут жа «змотваецца» з хуткасцю 80 км/г. Накрыць яго ў адказ цяжка.

Па-другое, ракеты GMLRS (G у гэтым выпадку азначае guided, кіраваная), якімі страляе «Хаймарс», арыентуюцца па GPS. Гэта адрознівае іх ад расійскіх «Смерчаў», «Градаў» і «Ураганаў», якія б'юць па плошчах.

Па-трэцяе, HIMARS, зноў-такі ў адрозненне ад расійскіх «Смерчаў», не мае патрэбы ні ў якой пуска-зараджальнай устаноўцы. Ён проста пад'язджае да месца, дзе на зямлі ляжыць блок з ракетамі, падчапляе яго — і voila!

Фота: US Army photo

Фота: US Army photo

Ужыванне HIMARS падарвала лагістыку расійскай арміі. Яна была такая: гіганцкія склады за 60 км ад фронту, з якіх на фронт снарады возяцца грузавікамі. «60 км аддалення, — кажа дарадца офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч. — Гэта тры ходкі грузавіка на дзень, 90 — гэта дзве, 120 — гэта адна».

Прымяненне «Хаймарсаў» пацвярдзіла дзве тэзы вайсковых аналітыкаў. Першая: сучасная сеткацэнтрычная вайна перамагае сталінскую канцэпцыю 1941 года — агнявы вал плюс гарматнае мяса.

І другое — Пуціну не ўдалося ператварыць гэтую вайну ў пазіцыйную, таму што пазіцыйная вайна прадугледжвае, што сапернік бачыць толькі лінію фронту і не можа з колькі-небудзь прымальнай дакладнасцю наносіць удары па ключавых аб'ектах ваеннай інфраструктуры за ёй.

«Што ж за ваенную машыну выбудаваў Пуцін, — саркастычна пытаецца Арастовіч. — Калі чатыры HIMARS могуць з ёй пакончыць?»

Праўда, «Хаймарсаў» усё ж такі не чатыры. Ваенны эксперт і былы супрацоўнік Генштаба УСУ, палкоўнік запасу Алег Жданаў сказаў, што «амерыканскіх HIMARS і іх аналагаў ва Украіне 17 штук». Той жа Арастовіч пацвердзіў, што прыбылі яны не тады, калі было аб'яўлена, а «на тыдзень раней».

Але і 17 — зусім малая лічба проці тысяч адзінак тэхнікі, якімі мае на фронце Расія.

Аналітыкі мяркуюць, што і разгром расійскага гарнізона на востраве Змяіны і С-300 пад Херсонам каля дзесяці дзён таму — гэта таксама заслуга HIMARS.

«Хаймарсы» ужываліся ЗША і ў Афганістане, і ў Сірыі, і ў Іраку, але такіх разбуральных вынікаў іх ужыванне не мела. Чаму? Адказ просты.

Для паспяховага прымянення «Хаймарса» патрэбныя дзве рэчы: дакладна акрэсленая лінія фронту і добрыя дарогі па адзін бок гэтай лініі. У Афганістане і Сірыі ні дарог, ні фронту, ні тылу не было. І цэляў таксама не было: гіганцкіх складоў снарадаў, рыхтуючыся да наступу велізарнай жывой сілай пасля агнявога вала, ідзілаўцы і талібы не трымалі.

Украінскія HIMARS працуюць у асноўным па начах. Днём яны, хутчэй за ўсё, стаяць у нейкіх ангарах ці пад маскіроўкай, дзе яны нябачныя для расійскіх беспілотнікаў.

Праца па начах мае і яшчэ адну перавагу. «Уначы рызыка таго, што пад раздачу патрапяць цывільныя, мінімальная», — кажа Раман Світан. Гэта таксама адрознівае тактыку УСУ ад расійскай.

Як украінская разведка даведваецца пра цэлі? Ваенны эксперт Павел Лузін лічыць, што УСУ выкарыстоўваюць звычайныя камерцыйныя здымкі Maxar. Maxar робіць здымак два разы на дзень, і па іх з дапамогай спецыяльных праграм і Big Data можна вылічыць, дзе знаходзяцца склады, куды ідуць ваенныя грузавікі», — кажа Павел Лузін.

Не выключана, што разведзвесткамі пра размяшчэнне расійскіх войскаў з Украінай дзеляцца і заходнія выведкі.

Узнікае пытанне: а чаму Расія, у сваю чаргу, не можа высветліць з дапамогай усё тых жа касмічных здымкаў, як ходзяць «Хаймарсы»?

У Расіі няма доступу да Maxar, яна грунтуецца на звестках з уласных спадарожнікаў. Але расійскія спадарожнікі могуць рабіць здымкі толькі раз на некалькі тыдняў.

У Расіі былі спадарожнікі «Рэсурс», якія збіраліся з заходніх камплектуючых. Гэтыя камплектуючыя ЗША забаранілі пастаўляць законам. У выніку ўсе «Рэсурсы» рэсурс выпрацавалі. Апошні сышоў з арбіты ў снежні 2021 года. 

Макет спадарожніка «Рэсурс-П». Фота: Vitaly V. Kuzmin

Макет спадарожніка «Рэсурс-П». Фота: Vitaly V. Kuzmin

Гэта можа быць асноўнай прычынай, чаму Расія б'е па гарадах усляпую.

Іншымі словамі, Расія зноў прайграе не проста заходняй ваеннай сістэме. А заходняй ваеннай сістэме ў спалучэнні з цывільнымі тэхналогіямі. Камерцыйныя спадарожнікі Maxar, якія ствараліся не ў ваенных мэтах, вырашаюць праблему, якая аказваецца невырашальнай для расійскай арбітальнай групоўкі.

Гэтак жа цывільны Starlink Ілона Маска аказаўся непрыступны для расійскіх сродкаў радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ).

А ўкраінская сістэма кіравання артылерыйскім агнём «Крапіва», сабраная з цывільных планшэтаў, цывільных рацый і танных цывільных беспілотнікаў, на парадак павысіла эфектыўнасць украінскай артылерыі яшчэ тады, калі абодва бакі выкарыстоўвалі старыя савецкія гарматы і гаўбіцы. Цяпер украінцы ствараюць новы праект — «Армія дронаў».

Гэта можна назваць праявай яшчэ аднаго трэнду — ацывільвання ваенных тэхналогій.

Многія якасныя тэхналогіі і дэвайсы існуюць у мільярдах экзэмпляраў. Па вызначэнні такія тэхналогіі з'яўляюцца цывільнымі, таму што ваенным мільярдаў экзэмпляраў не трэба. Ваенны рынак проста не настолькі вялікі. У выніку на Захадзе лінія паміж цывільнымі і ваеннымі тэхналогіямі сціраецца.

10 самых буйных падрадчыкаў Department of Defense ЗША 54% сваёй прадукцыі прадаюць на рынку. У Расіі ж кампаніі, якія не могуць канкураваць на рынку, выйграюць закрытыя конкурсы на ваенныя пастаўкі. Часам яны папросту хлусяць пра свае дасягненні, іх прадукцыя не праходзіць выпрабавання полем бою.

Магчыма, гэта адбылося з комплексам С-400. Расійская ўра-патрыятычная прэса і стваральнікі комплексу абяцалі, што той будзе збіваць «Хаймарсы», як арэхі з галінкі. Выглядае, што гэта аказалася хлуснёй.

Ракеты з С-400 не могуць перахапіць ракету «Хаймарса» з некалькіх прычын. У тым ліку таму, магчыма, што цвёрдае паліва апошняй куды больш дасканалае. «Яна проста хутчэй ляціць», — кажа Павел Лузін.

Па-другое, украінцы ў асобных выпадках могуць перанасычаць расійскае СПА — даваць занадта шмат цэляў адначасова. «Яны запускаюць пакет «Смерча» ці «Урагана», і адначасова запускаюць «Хаймарс», — кажа Павел Лузін.

Галоўнае пытанне: што менавіта зробіць Пуцін у адказ? Пакуль, па словах Рамана Світана, у Беларусі ў небе пачалі кружляць расійскія лётчыкі, і заўважылі авіяцыйны комплекс навядзення і выяўлення А-50, расійскі аналог «Авакса». Адначасова да беларускай мяжы з Украінай сцягваюцца «Іскандэры», якія страляюць на глыбіню 500 км і прызначаныя для абстрэлу глыбокага тылу.

«Усё гэта падобна на падрыхтоўку да маштабнага ракетна-бомбавага ўдару, у тым ліку па мастах і інфраструктуры», — кажа Раман Світан.

Клас
160
Панылы сорам
9
Ха-ха
7
Ого
21
Сумна
18
Абуральна
31