Фота: vitvesti.by

Фота: vitvesti.by

«Павел Латушка, займаючы пасаду міністра культуры […] даставерна ведаючы аб адсутнасці падстаў для фінансавання за кошт бюджэту шэрага заведама незапатрабаваных кінапраектаў, аддаў указанне падначаленым аб уключэнні іх у тэматычны план вытворчасці фільмаў на 2012-2013 гады.

На гэтай падставе Дэпартамент па кінематаграфіі Мінкульта заключыў з кінавытворцамі дамовы і незаконна прафінансаваў вытворчасць указаных фільмаў», — напісала пракуратара.

Сам Павел Латушка сцвярджае, што справа тычыцца фільма па Быкаве «У тумане». Але ёсць версія, што віной усяму даўні скандал з фільмам «З 8 Сакавіка, мужчыны!».

Дамову на здымкі гэтай стужкі ў 2012 годзе заключыла Міністэрства культуры і «Беларусьфільм», а потым далучылася і расійская кампанія. Сума кантракта — каля $1,5 мільёна.

Фота: kino-teatr.ru

Фота: kino-teatr.ru

Праз некаторы час кіраўніка «Беларусьфільма» Алега Сільвановіча пачалі падазраваць у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Следства сцвярджала, што Сільвановіч заключыў дамову з расійскай кампаніяй «Маскіт» на паказ фільма па ўсім свеце.

У 2014-м годзе перадаў ім выключныя правы на фільм на 10 год. Пры тым, што яны належалі Міністэрству культуры і прыбытак ад фільма павінен быў ісці ў бюджэт Беларусі. Між тым карціна пайшла ў расійскі і ўкраінскі пракат і сабрала каля $3 мільёнаў.

Як кажуць нашы крыніцы, беларускі бок быў нават вымушаны плаціць за права паказу знятага ў сябе ж фільма. Крымінальную справу тады завялі па артыкуле 424 «Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі». Чым яна скончылася, так і невядома.

«У канцы 80-х у Саюзе здымалі нашмат больш смелыя творы, чым тое, што робіцца ў Беларусі апошнія 20 гадоў»

«Наша Ніва» звярнулася да экспертаў, якія адзначылі, што за датычнасць да «незапатрабаваных кінапраектаў» у Беларусі можна судзіць усю сферу і за многія гады, справа не ў Латушку, а ў сістэме.

«Агульнасусветная практыка вымярэння запатрабаванасці і паспяховасці фільма — гэта яго камерцыйны поспех падчас пракату ці пры продажы анлайн-платформам, а таксама ўдзел у буйных міжнародных фестывалях, кшталту Кан, Таронта, Берлінале, Венецыі і г. д. У гэтым плане дзяржаўны кінематограф не можа пахваліцца ні тым, ні іншым», — кажа адзін з нашых суразмоўцаў.

«У Беларусі поспех мастацкага кіно мераецца па выкананні ідэалагічных мэтаў: наша сітуацыя падобная да сітуацыі савецкай, хіба што ў канцы 80-х у Саюзе здымалі нашмат больш смелыя творы, чым тое, што робіцца ў Беларусі апошнія 20 гадоў.

З палітыкай «выхавання насельніцтва і моладзі сродкамі кінематографу» мы зайшлі ў тупік, — гаворыць іншы суразмоўца «НН». — Штогод на здымкі кіно і серыялаў Мінкульт выдаткоўвае каля 10 мільёнаў рублёў. Каб прэтэндаваць на частку сродкаў, трэба са сваёй ідэяй прайсці экспертную камісію пры Міністэрстве.

Так павялося, што гадамі беларускія рэжысёры ходзяць па Мінску ледзь не з працягнутай рукой, не маюць, над чым працаваць і за што жыць. А ў гэты ж час расійскія кампаніі атрымліваюць грошы з запланаванага бюджэту».

«Расійская частка «інвестыцый», як правіла, часта праходзіць пад выглядам аплаты «кансультацый»

Па словах нашага суразмоўцы, так склалася, што большасць кінематаграфічных заявак на бюджэтныя сродкі — гэта сумесныя з рускімі серыялы.

У чым сэнс схемы сумесных праектаў? На паперы яна нібыта выглядае добра: расійскі бок дамаўляецца з «Першым каналам» аб наступным пракаце знятага твора, укладаецца часткай грошай, прыбытак дзеліцца.

Натурная пляцоўка «Беларусьфільма». Фота: Onliner.by

Натурная пляцоўка «Беларусьфільма». Фота: Onliner.by

«Але каб нешта зняць, трэба, каб былі людзі, месца і тэхніка. Так «Беларусьфільм» пераўтварыўся ў палігон для другаснага расійскага кіно: у беларускіх студыях, у беларускіх дэкарацыях, беларускімі камерамі, у беларускіх мантажных, за беларускія грошы, але пад кіраўніцтвам расійскіх рэжысёраў і з расійскімі галоўнымі акцёрамі і робіцца серыял ці фільм.

Расійская частка «інвестыцый», як правіла, часта праходзіць пад выглядам аплаты «кансультацый», «сцэнарных планаў», «ганарараў рэжысёраў», «камандзіровак» і гэтак далей, — гаворыць наш суразмоўца. — Пасля таго, як усё зроблена за наш рахунак, рускія кажуць, што прадаваць жа мы будзем у Расіі, вы там нічога не разумееце, з вамі ніхто не гаворыць, давайце правы на фільм вы дасцё нам, а прыбытак падзелім напалову.

А потым гэтая ж расійская кампанія перадае правы трэцяй расійскай кампаніі, з якой заключае дамову таксама аб дзялёжцы касавых збораў. І да Беларусі даходзяць нейкія слёзы, усё невялікае, што ёсць, асядае ў дзялкоў. На паперах у Мінску гэты этап таксама выглядае прыгожа: рабіць нічога не трэба, а грошы з дыстрыб’юцыі капаюць».

«Калі Латушка дасць публічныя паказанні, то пракуратуры будзе чым займацца найбліжэйшыя некалькі год»

У выніку апытаныя намі эксперты прыгадваюць масу праектаў, ад якіх нічога не атрымаў ні беларускі бюджэт, ні беларускае мастацтва.

«З акупных праектаў прыгадваецца толькі серыял «Ой, мамочки!». Першая частка сябе акупіла, бо былі продажы на расійскія каналы. Але больш нічога і не ўспамінаецца.

Нейкія там «Сляды на вадзе», напрыклад, адназначная лічба працэнта акупнасці. Пры гэтым, расіянін Ягор Канчалоўскі мае сотні тысяч беларускіх рублёў за яго, — гаворыць суразмоўца. — Успомнім такога персанажа, як Дзмітрый Астрахан. Беларускія рэжысёры не здымаюць нічога. А Астрахан здымае «Жизнь после жизни». Фільм нават блізка не акупляецца, а ён пачынае адразу здымаць другі — «Судьба диверсанта». Ніякага камерцыйнага патэнцыялу, ніякай мастацкай якасці».

Ён лічыць, што расійскія рэжысёры ўваходзяць сюды, бо ведаюць, з кім трэба гаварыць і якую матывацыю выкарыстоўваць.

«Калі Латушка дасць публічныя паказанні, то пракуратуры будзе чым займацца найбліжэйшыя некалькі год», — кажа адзін з нашых суразмоўцаў. Ён дадае, што ёсць шмат рэчаў, якія патрабуюць расследавання тут і цяпер.

«Яшчэ ў 2018-м кіраўніцтва «Беларусьфільма» пераканала міністра культуры, што трэба ўступіць у сумесны праект з рускімі і зняць серыял «Фаіна» пра Фаіну Ранеўскую.

Грошы далі, ажно палову гадавога бюджэту — пяць мільёнаў рублёў на 10 серый, ніхто даражэй не здымае ў рэгіёне, — адзначае наш суразмоўца. — Так, гэтыя грошы выдаткавалі не ўсе, пералічылі тысяч 800, але ж куды яны пайшлі, ніхто не ведае. Серыял здымаць так і не пачалі, бо рускія не дамовіліся з Эрнстам, што змогуць прадаць яго».

Рэзюмуючы тэму паспяховых праектаў, нашы суразмоўцы адзначаюць, што назваць поспехам можна было б фільм «Купала», які так і не выйшаў на экраны.

«Яго нават не прадалі «Яндэксу», хаця тыя дакладна ім цікавіліся, — адзначаюць нашы суразмоўцы. — Увогуле, сэнс у тым, што цяпер асноўны спажывец беларускага кінематографу — гэта чыноўнік, якому важнае нейкае выкананне функцый выхавання. А глядач тое, што падабаецца чыноўніку, глядзець не хоча. У гэтым сэнсе амаль усё, што робіцца ў кінематографе, трапляе пад азначэнне генеральнай пракуратуры аб «заведама незапатрабаваных праектах», уся галіна мае патрэбу ў рэфармаванні».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?