У распараджэнні «Нашай Нівы» аказаўся тлумачальны дакумент Міністэрства аховы здароўя, у якім прыводзяцца пытанні і адказы аб налічэннях заробакаў медыкам, якія занятыя хворымі з COVID-19. 

Нагадаем, раней паведамлялася пра адчувальныя даплаты, але «суразмерна нагрузцы, ўзроўню небяспекі і адказнасці».

Чытайце: Дактарам з інфекцыйных аддзяленняў будуць даплачваць па 1500 рублёў, рэаніматолагам — па 3000 рублёў

Прыводзім тэкст дакумента цалкам. Яго скінулі ў закрыты чат тэлеграм-канала HARBACEVIČ.

Адметна, што пакуль усё роўна не ясна, хто, як і колькі атрымае. 

Дактары пераймаюцца, што даплаты будуць за кошт іх калег, незанятых у рабоце з хворымі на каранавірус: 

«У калег, якія не працуюць з кавіднымі, — у аддзяленнях фізіятэрапіі і мед.рэабілітацыі, напрыклад, — забіраюць стаўкі і даплаты», — сказаў нам паліклінічны работнік. 

Віцебскі хірург, часова перакінуты на работу з пнеўманіямі, у каментарыі «Нашай Ніве» адрэагаваў даволі эмацыйна. 

«Мне сказалі, што калі хачу надбаўку, то трэба прадаставіць спіс пацыентаў з COVID-19, да якіх ты выязджаў, якім рабіў аперацыі, каго вёў, каму рабіў агляд з указаннем агульнага часу, праведзенага з пацыентам, і пацверджаннем гэтага часу запісамі ў дакументацыі.

І аплоцяць мне па часе, а не адразу за змену. Таму мне, каб гэта ўсё сабраць, трэба столькі здадзеных у архіў гісторый хвароб перашуфляваць, што ажно ванітуе.

Апроч таго, ці дадуць мне гэтыя гісторыі ў іншых установах? Да таго ж, у якой колькасці людзей на момант майго агляду не былі гатовыя тэсты, і іх вынікаў я не ведаю, колькі я проста не ўспомню за гэты месяц? І колькі ў мяне зойме часу ўсё гэта сабраць, калі за мінулыя чацвёра сутак я не на рабоце знаходзіўся 17 гадзін?».

Мінскі тэрапеўт сказаў нам, што выглядае праблемным сабраць звесткі аб усіх хворых на каранавірус, бо далёка не ўсе тыя, хто прыходзіць на прыём, здавалі тэсты, але маюць сімптаматыку. 

Які грашовы выгляд прымуць усе гэтыя формулы і разлікі, мы зможам даведацца ўжо на наступным тыдні, калі будуць першыя заробкі за красавік. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?