Раскрыты разбойны напад на кватэру ў Мазыры. У студзені двое мужчын у масках прыйшлі дадому да жанчыны, звязалі яе і мужа, выкралі грошы і збеглі.

Падазраваных знайшлі і затрымалі днямі аператыўнікі крымінальнага вышуку Гомельшчыны.

Адзін з затрыманых — 46-гадовы мужчына, які быў раней судзімы за незаконны абарот наркатычных сродкаў і кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап'янення. Другі — 28-гадовы хлопец, таксама судзімы за замах на забойства. Абодва яны жыхары Гомеля.

Да злачынства ў Мазыры яны рыхтаваліся старанна. Абмеркавалі маршрут руху, транспарт, дзе і на чым будуць дабірацца. Абгаварылі ролю кожнага ўжо на месцы, шляхі адыходу і план дзеянняў на выпадак, калі нешта пойдзе не так.

Пры ператрусе кватэры аднаго з затрыманых былі выяўленыя бронекамізэлька, макет ручной гранаты, электрашокер, радыёстанцыі, кайданкі, касцюмы армейскага ўзору, нож у чахле.

Завялі крымінальную справу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0