У расійскім праваабарончым цэнтры «Мемарыял» назвалі злачынным рашэнне кіраўніка самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі больш не браць палонных. Праваабаронцы ўпэўненыя, што гэта парушае Міжнароднае гуманітарнае права.

«Я аддам загад больш палонных не браць. Нам не патрэбныя абмены», — абвясціў 23 студзеня лідар прарасійскіх тэрарыстаў Данбаса Захарчанка. Ён растлумачыў, што такое рашэнне прынята пасля абстрэлу тралейбуснага прыпынку ў Данецку, з-за чаго загінулі каля 10 чалавек.

«Такі загад злачынны, — незалежна ад таго, як кваліфікаваць узброены канфлікт на ўсходзе Украіны: як міжнародны канфлікт ці як грамадзянскую вайну», — гаворыцца ў заяве «Мемарыялу».

Праваабаронцы спасылаюцца на нормы Міжнароднага гуманітарнага права і Жэнеўскія канвенцыі.

Насуперак нормам гэтых канвенцый, баевікі ўжо двойчы арганізоўвалі «парад палонных» па вуліцах Данецка.

У Данбасе ўкраінскай арміі процістаяць узброеныя атрады ДНР і ЛНР. Яны ўзброеныя расійскай зброяй і часткова ўкамплектаваны «добраахвотнікамі з Расіі». Расія, аднак, называе гэтыя атрады «мясцовымі апалчэнцамі». Дзеянні баевікоў каардынуе былы кіраўнік КДБ Прыднястроўя Анцюфееў, перадавымі штурмавымі атрадамі кіраваў палкоўнік ФСБ Гіркін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?