Пачалася гэта гісторыя з таго, што пляменнік Генадзь прывёз мне з Поўначы, дзе зарабляў мастаком, скуру аленя, а жонцы — мяккія, упрыгожаныя арнаментам, утульныя пімы.

Шыкоўны падарунак па тым часе, каб не слёзы з пачырванелых вачэй дачушкі, апухлы нос і надрыўны кашаль — ужо праз паўгадзіны поўсць лётала па ўсёй аднапакаёўцы. Што рабіць? Ужо і не памятаю, каму першаму (мне ці жонцы) прыйшла ў галаву думка паехаць у Вільню на таўкучку.

Трэба сказаць, што ў Вільні, як і наогул у Літве, мы бывалі неаднаразова, але па зусім іншых, не такіх, умоўна кажучы, нізкіх матывах. Чурлёніс… Вострая Брама… Сярэднявечча… чорная кава з маленькіх кубачкаў у кавярнях, што месціліся па прыстасаваных сутарэннях, не тое, што са сталёвага бака ў мінскім кафе «Вясна»…

Да таго ж, ні я, ні жонка ніколі нічога не прадавалі. Але ж не выкідаць…

Я патэлефанаваў Віцю: «Ты калі-небудзь прадаваў на таўкучцы скуру паўночнага аленя?» Мне здавалася, што хто-хто, але Віця з ягоным дзетдомаўскім, ды ўвогуле насычаным жыццёвым вопытам…

Карацей кажучы, на наступны дзень мы ўжо імчалі на бацькоўскім «Масквічыку» па сухім, выбеленым першымі лістападаўскімі маразамі, асфальце…

Днямі я натрапіў у Інтэрнэце на паведамленне аб экскурсіях па Старавіленскім тракце… Сапраўды, мала хто помніць гэты стары шлях, роўна 205 кіламетраў. Калі праклалі новую шашу, скарацілі на 30 кіламетраў і адпаведна хвілін на 15 хуткай язды. Зручна, але нудна, пустэльна… Іншая справа — стары віленскі шлях. Не вельмі разгонішся, затое можна пільна ўглядзецца ў прыдарожнае жыццё. Вось Краснае са спічастым касцёлам і вясёлай царквушкай у мірным благачынным суседстве… За Красным з паварота прытармозіш, пастаіш ля двух круталобых валуноў. На адным шчымлівыя купалаўскія словы: «Мінск, Маладзечна, Вільня… Як жа знаёмы шлях гэты! Змерыў яго я калісьці, як шукаў шчасця па светах». На валуне побач — імёны: Сымон Будны, Міхал Агінскі, Мікалай Гогаль, Уладзіслаў Сыракомля, Канстанцін Паустоўскі, Максім Багдановіч, Ян Судрабкалн, Пятрас Цвірка… Ды ці ж умесцяцца на прыкручанай да вечнасці гранітнай дошцы імёны ўсіх беларусаў і літоўцаў, палякаў і ўкраінцаў, рускіх і латышоў, хто ў розныя стагоддзі, дні і гады «змерыў шлях гэты»?!

…Даімчалі да Смаргоні і вырашылі заначаваць. Ведалі, што ў Вільні патрапіць у гатэль амаль немагчыма, а на таўкучцы лепш апынуцца зранку.

Зранку немагчыма было не тое што ехаць, але нават дайсці да машыны — вільготны снег, што падаў усю ноч, ад раніцы быў укатаны ў суцэльную галалёдзіцу. Сунуліся да Вільні гадзіны тры. Хаця ад літоўскай мяжы шаша ўжо была пасыпана пяском. Пра зімнюю гуму на той час ніхто і не ведаў. Хіба толькі пра ланцугі…

Віленская таўкучка месцілася побач са звычайным рынкам па вуліцы Дзяржынскага, каго ж яшчэ. Што гэта — віленская таўкучка, адзінае, мо, на ўвесь захад СССР месца, дзе людзі маглі гандляваць паміж сабой без умяшальніцтва дзяржавы? Я думаў, што таўкучка — гэта вынаходніцтва пасляваенных савецкіх гадоў. Але не, у слоўніку 1928 года ёсць «толкучка», па-беларуску — ці чулі вы? — тандэт… А вось у Даля няма. «Толкучій» — у сэнсе «рынок, куда выносят ветошь», то бок старызну, ёсць. А вось таўкучкі няма…

Дык што гэта — віленскі тандэт пачатку 70-х? Гэта гразь і неймаверны натоўп, што гэтую гразь месіць. А снег усё сыпе і сыпе. А гразі ўсё больш і больш…

Віця прытуліўся да ўскрайку, разгарнуў скуру, падвесіў яе на адну руку, на другую — пімы… А я пайшоў уздоўж гандляроў аўтазапчасткамі шукаць дадатковы, бы бародаўка, паваротнік, што ўжо праз паўгадзіны быў акуратна зняты з крыла. Я ведаў, што большасць запчастак здабывалася менавіта з абрабаваных аўто, у тым ліку з тых, што прыехалі на таўкучку. Хто шукае, той знойдзе… Знайшоў!..

На дзіва, і скура з пімамі прадаліся даволі хутка, нават заставаўся час, каб прасадзіць набытыя 80 рублёў у славутай «Нерынзе». Ого, 80 рублёў! Інжынер зарабляў 120…

Але час заставаўся не для мяне — правае задняе (як цяпер памятаю) кола было наскрозь узрэзана тоўстым шклом. І пакуль я шукаў, дзе завулканізаваць кола, пакуль угаворваў у таксапарку нейкага дробнага начальніка, а Віця і жонка прасаджвалі ў «Нерынге» нечаканы здабытак, на Вільню сышла апраметная цемра…

Пачаць шукаць гатэль вырашылі з «Гінтараса», што месціўся побач з вакзалам. Дзе там! Добра хоць далі тэлефон. І тут я ўспомніў пра Леанарда.

Са сваім братам Леанардам мяне пазнаёміў мінскі сябар Жэня, калі мы ездзілі з ім у піўны рэстаран, таксама першы ў СССР, і дзе я ўпершыню паспрабаваў літоўскія сухарыкі да піва, падсмажаныя з часныком… Гэта асобная гісторыя, але пра начлег згадаць дарэчы, бо начавалі ў палатках на беразе возера ў Тракаі, хоць былы палкоўнік СА Леанард узначальваў усю экскурсійна-турыстычную гаспадарку Вільні.

Памятаю, як я прачнуўся ад нейкага звінячага металічнага гука — падкруціўшы спружыну, Леанард доўга соўгаўся механічнай брытвай «Спутник» па цалкам голенай галаве…

Недзе, а палове на адзінаццатую даведка дала нумар, я нагадаў Леанарду пра наша знаёмства, распавёў пра віленскія прыгоды і папрасіў дапамагчы з гатэлем. «Навошта? — пачулася ў слухаўцы. — У мяне вялікая кватэра…»

Праз гадзіну пошукаў мы апынуліся ў новым мікрараёне на ўскрайку Вільні, ля доўгага дома, за якім пачынаўся лес і ўгадвалася рака… Адчыніліся дзверы. На парозе стаяў Жэня. Толькі вельмі стары… Хвіліны ўзаемных тлумачэнняў, хто чаго не дачуў і хто каго з кім паблытаў, і вось ужо мы смокчам нейкі салодкі лікёр і ямо смачны літоўскі сыр. Адно ведаў я пра Дамініка, бацьку Жэні — стары бальшавік, браў Зімні… Але ён маўчыць, а Ядвіга, мачаха сябра, распытвае пра Жэню і ўсё кідаe на незнаёмцаў насцярожаны позірк…

Сярод ночы мяне распіхаў Віця: «Тваю машыну раздзяваюць!» Якую маю? Бацькаву! Я кінуўся да акна. Вакол аўто, пад ліхтаром, што ў адзіноце асвятляў маўклівую завіруху, завіхалася цёмная постаць… Пакуль нацягвалі боты, пакуль адчынялі безліч запораў і ланцужкоў… Карацей, той самы злашчасны паваротнік выдраны з мясам… І што, праз тыдзень зноў на таўкучку? «Слухай, — гаворыць Віця, — а давай у машыне даспім…» — «Змерзнем…» — «А коўдры навошта? Хадзем за коўдрамі…» Пачуўся нейкі грукат, і ў калідор, кульгаючы на драўляным пратэзе, увалілася мачаха Жэні, чамусьці са свечкай. Дасюль чую той немы лямант з націскам на другім скла-дзе: «Жулікі!» А што б вы падумалі, убачыўшы незнаёмцаў, што выносяць пасярод ночы вашы пярыны ды падушкі?

А раніцай во смеху было!..

Паснедалі кавай з літоўскім сырам і паехалі дадому. Ехалі восем гадзін па суцэльным лёдзе. Але што той лёд, што тыя восем гадзін, калі адлегласць да іх вымяраецца ўжо нават не гадамі — стагоддзем?!

P. S. Ледзь не забыўся.

Жэня ў якасці Яўгена Будзінаса напісаў многа нарысаў, некалькі аповесцяў, стварыў «Дудуткі» і заўчасна памёр.

Віця стаўся адным з найлепшых беларускіх пісьменнікаў Віктарам Казько. Днямі ён адзначыў 73-і год нараджэння і выдаў новую кнігу. Віншуйце!

Ну, а мне час пакінуў гэты ўспамін, адзін са шматлікіх.

А вы ўсё «Акропаліс»… «Акропаліс»…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?