Мы павінны думаць сваёй галавой, а не скакаць пад дудку МВФ, заявіла 19 чэрвеня журналістам у Мінску старшыня праўлення Нацыянальнага банка, ацэньваючы перспектывы рэалізацыі новай крэдытнай праграмы з фондам.

«Вы ведаеце, што МВФ прад’яўляе да нас жорсткія патрабаванні, якія не толькі звязаныя з эканамічнымі пытаннямі, але і ўвязаныя з палітычнымі, — цытуе Ермакову агенцтва БелТА. — Чаму мы павінны скакаць пад іх дудку? Мы павінны думаць сваёй галавой, як нам жыць для таго, каб развівалася наша эканоміка, каб у нас у краіне было стабільна і каб мы не ішлі за пазычаннем, а скарачалі даўгі».

Між тым раней Савет дырэктараў МВФ адзначыў зацікаўленасць уладаў Беларусі ў новай дамоўленасці з фондам. «Умовай заключэння такой дамоўленасці павінна быць цвёрдая прыхільнасць улад да рэалізацыі комплекснага і паслядоўнага пакета мер палітыкі і структурных рэформ», — падкрэслівалася ў паведамленні фонду.

У сакавіку ў Мінску працавала місія МВФ, якая праводзіла чацвёрты постпраграмны маніторынг беларускай эканомікі пасля ажыццяўлення праграмы stand-by.

Кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Дэвід Хофман у ходзе сакавіцкай сустрэчы з журналістамі паведаміў, што для новай праграмы супрацоўніцтва з Беларуссю неабходны пакет мер па рэфармаванні эканомікі, падтрыманы на самым высокім узроўні.

Паводле яго слоў, МВФ і Беларусь пакуль нязначна прасунуліся ў перамовах аб новай праграме супрацоўніцтва, якая магла б быць падтрымана фінансаваннем з боку фонду.

У 2009–2010 гадах Беларусь атрымала ад МВФ у рамках праграмы stand-by пяць траншаў крэдыту на агульную суму 3,46 млрд. долараў. Асноўны пік выплат прыпадае на 2013–2014 гады, калі Беларусі трэба будзе вярнуць большую частку пазыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?