Як паведаміў адзін з ініцыятараў стварэння групы дэпутат Эгідыюс Варэйкіс, за дзве гадзіны сабрана больш як дзесяць подпісаў, а для стварэння групы дастаткова шасці-сямі.

«Існаванне такой групы — гэта ўжо шматгадовая традыцыя ў нашым сейме, — сказаў ён.
— Але паколькі ў новым парламенце (выбраны восенню мінулага года) яе пакуль яшчэ няма, мы вырашылі, што трэба стварыць. Гэта будзе група для паразумення з грамадствам Беларусі, з палітыкамі, якія, на жаль, не ўдзельнічаюць у афіцыйным палітычным жыцці».
Пры гэтым Варэйкіс падкрэсліў, што літоўскія парламентарыі зацікаўлены ў кантактах не толькі з апазіцыйнымі беларускімі палітыкамі, але і з афіцыйным Мінскам.

«У нас такая ініцыятыва заўсёды была. Мы хочам кантактаваць з усімі, — сказаў ён. — Але ўсім вядома, што ў Беларусі ў палітычным жыцці не ўсё ў парадку. Калі б было ўсё добра, еўрапейскіх праблем для Беларусі не было б. Сам я прадстаўляю Літву ў Савеце Еўропы і ведаю, чаму Беларусі там няма. А трэба, каб была, але гэта залежыць і ад Мінска. Я б хацеў, каб Беларусь стала нармальнай краінай Еўропы, і не трэба было б увесь час рабіць нейкія выключэнні, вылучаць Беларусь са спіса іншых краін».

Варэйкіс адзначыў, што заўсёды ўдзельнічаў ва ўсіх ініцыятывах, якія тычыліся Беларусі.
«Але не заўсёды мяне добра разумелі ў Мінску. У мяне няма, так бы мовіць, вольнага ўезду ў Беларусь, я — персона нон грата, хаця і не разумею чаму. Ніякіх злых намераў наконт Беларусі ў мяне няма», — сказаў літоўскі дэпутат.

«Я не люблю, калі гавораць, што Беларусь — апошняя дыктатура Еўропы. Я хачу, каб Беларусь была нармальнай краінай. Гэта залежыць ад усіх нас. Я не маю нічога супраць дэмакратычнага выбару, але ён павінен быць менавіта дэмакратычным і сумленным», — дадаў парламентарый.

Што да тэрмінаў стварэння рабочай групы «За дэмакратычную Беларусь», то, як адзначыў Варэйкіс, згодна з існай працэдурай на збор подпісаў адводзіцца прыблізна два тыдні, каб падтрымаць ініцыятыву змаглі ўсе ахвотныя. «На наступным тыдні пасяджэння парламента не будзе, думаю, дзесьці пасля 7 красавіка мы збяромся», — сказаў ён. І ўдакладніў, што ў складзе групы будуць працаваць прыкладна 15 дэпутатаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?