Гомельская пенсіянерка пазбавілася на тры з паловай гады волі за падбухторванне да давання хабару і махлярства.

Як паведамілі ў пракуратуры Гомельскай вобласці, 60-гадовая жанчына «дапамагала» знаёмым вырашыць тую ці іншую праблему і брала ўзнагароду за перадачу хабараў нейкім уплывовым людзям.

Пенсіянерцы інкрымінаваўся 21 эпізод злачыннай дзейнасці. Ад сваіх знаёмых яна даведвалася, хто збіраецца паступаць ва ўніверсітэт, каму трэба трапіць на лячэнне ў бальніцу, хто жадае ўладкавацца ў міліцыю, і казала пра тое, што ў яе ўсюды ёсць сувязі і яна з усімі можа дамовіцца.

Яе знаёмыя, якія пасля сапраўды паспяхова здавалі іспыты, ці ўладкоўваліся на працу, але рабілі гэта самастойна, лічылі, што ім дапамагла знаёмая. Пенсіянерка заяўляла, што гэта яна ўсё ўладкавала, толькі трэба перадаць грошы ўплывовым персонам.

На самай справе грошы яна забірала сабе, такім чынам прысвоіўшы больш як 5 тыс. долараў і прыкладна 2 млн. рублёў. Некаторыя пацярпелыя звярталіся да пенсіянеркі па некалькі разоў.
Адна з кліентак западозрыла яе ў падмане і заявіла ў міліцыю.

На судзе жанчына прызнала ўсе выпадкі перадачы грошай, але зацята заяўляла, што нішто сабе не забірала, а перадавала хабары. Толькі не сказала — каму.

Гомельскі абласны суд пакінуў у сіле вырак раённага суда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?