Мазырскі НПЗ. Фота: сайт прадпрыемства 

Мазырскі НПЗ. Фота: сайт прадпрыемства 

Чыстыя страты прадпрыемстваў Мазырскага раёна за студзень-люты 2024 года склалі 182,8 млн рублёў. У мінулым годзе за такі ж перыяд тут быў атрыманы чысты прыбытак у памеры 21,6 млн рублёў. Удзельная вага стратных арганізацый раёна складае ўсяго 14,3 працэнта, у сувязі з чым вялізныя страты можна звязаць з найбольш буйным прадпрыемствам раёна — Мазырскім НПЗ. 

Паводле інфармацыі крыніцы, звязанай з МНПЗ, першыя месяцы 2024 года дзейнасць завода прынесла страты. Для працаўнікоў прадпрыемства былі прыпыненыя выплаты, якія рэгуляваліся калектыўнай дамовай, паколькі яны выплачваліся з прыбытку прадпрыемства. 

Пра тое, што гэта не адзінкавы выпадак, а агульная сітуацыя ў беларускай нафтаперапрацоўцы, сведчаць фінансавая статыстыка Наваполацка, дзе размешчаны іншы беларускі нафтаперапрацоўшчык «Нафтан». Тут чыстыя страты яшчэ большыя — 324,5 млн рублёў. 

Праблемы нафтаперапрацоўкі негатыўна адбіваюцца на ўсёй эканоміцы рэгіёна. У параўнанні з мінулым годам чысты прыбытак усіх арганізацый Гомельскай вобласці скараціўся амаль у 2 разы з 234,2 да 128,2 млн рублёў. Экспарт тавараў за той жа перыяд знізіўся на 4,8%. 

У 2023 годзе Мазырскі НПЗ называўся ў ліку трох найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў Гомельскай вобласці. З другога квартала 2021 года прадпрыемства перастала публікаваць фінансавую інфармацыю аб сваёй дзейнасці. У 2020 годзе Мазырскі НПЗ быў самым прыбытковым прадпрыемствам сярод усіх акцыянерных таварыстваў Гомельскай вобласці.

Чытайце таксама:

Беларускі экспарт у Еўрасаюз скараціўся на 75%. Ці атрымалася знайсці замену еўрапейскаму рынку?

Шквал атак украінскіх беспілотнікаў на расійскія НПЗ рызыкуе парушыць працу сусветных рынкаў нафтапрадуктаў

­­Мазырскі НПЗ паўгода таму запусціў французскую ўстаноўку. Цяпер шукае спецыялістаў, якія б навучылі на ёй працаваць

Клас
23
Панылы сорам
9
Ха-ха
17
Ого
8
Сумна
16
Абуральна
29