Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Дэвальвацыя адбываецца і цяпер

Эксперт BEROC Анастасія Лузгіна лічыць, што чакаць рэзкай дэвальвацыі беларускага рубля бліжэйшым часам не варта.

«Дэвальвацыя і цяпер адбываецца — калі рубель знізіўся на долю адсотка. Але ўсіх палохае не плаўнае і малазначнае змяненне курсу, а калі дэвальвацыя паскараецца. У сённяшняй сітуацыі мы бачым, што курс можа змяніцца як у бок умацавання, так і ў бок зніжэння».

Праблемнай жа з'яўляецца сітуацыя, калі дэвальвацыя паскараецца ці мае пастаянны характар. Гэтага цяпер няма.

Рэзкую дэвальвацыю выклікаюць унутраныя праблемы ў эканоміцы ці сур'ёзныя вонкавыя фактары.

«Напрыклад, дэвальвацыя 2022 года была звязаная з дынамікай курсу расійскага рубля. Яна не мела ўнутрыэканамічных перадумоваў, таму разгортвалася як у адзін, так і ў другі бок», — тлумачыць эксперт.

У той жа час, калі ў эканоміцы разбалансіроўка, дэвальвацыя забяспечвае пераход рынку ў новы раўнаважны стан.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Што можа прывесці да падзення рубля?

На думку Лузгіной, асноўны фактар, які можа справакаваць паскарэнне дэвальвацыі, — гэта пагаршэнне сальда па знешнім гандлі.

«Калі паглядзець на даныя за сакавік, то ў нас расце адмоўнае сальда гандлёвага балансу перш за ўсё па таварах. Па выніках студзеня-лютага агульнае сальда па таварах і паслугах складала 23 мільёны. Калі маюцца такія невялікія станоўчыя паказчыкі па сальда, то ўзнікае рызыка прыйсці да адмоўных паказчыкаў.

У выпадку, калі па выніках года краіна выйдзе на адмоўны гандлёвы баланс, то атрымаецца, што прыток валюты ў краіну будзем меншым, чым яе трата.

У такім выпадку валюта будзе ў дэфіцыце, і курс беларускага рубля да даляра пачне зніжацца. Такая рызыка ёсць, але пакуль сітуацыя на рынку спакойная. З пачатку года беларускі рубель да даляра знізіўся на 1,75%, да расійскага рубля ўмацаваўся на 0,12%, агулам да валютнага кошыка зніжэнне з пачатку года склала менш за 0,5%. Летась было 0,35%».

Па выніках года мы будзем назіраць зніжэнне курсу беларускага рубля да даляра.

Такі прагноз супадае з тым, што мы назіраем цягам некалькіх апошніх гадоў. Напрыклад, пяць гадоў таму даляр каштаваў 2,1 рубля, вясной 2020 года — каля 2,4 рубля, а перад пачаткам вайны — каля 2,6. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Нацбанк зрабіў працу над памылкамі

«З прыходам Калаура Нацбанк змяніў падыход да вызначэння курсу беларускага рубля. У нас ужо на працягу 8 гадоў ідзе рынкавае курсаўтварэнне. Была праведзеная праца над памылкамі, цяпер Нацбанк не ўтрымлівае курс рубля, як гэта было да 2015 года, таму рэзкай дэвальвацыі чакаць не варта», — лічыць эксперт.

Падводзячы вынік, Анастасія Лузгіна адзначае, што для сапраўды рэзкай дэвальвацыі беларускага рубля павінны адбыцца якія-небудзь экстраардынарныя падзеі, як, напрыклад, пачатак поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Аднак нават у дадзеным выпадку не варта блытаць зніжэнне курсу беларускага рубля да ўсіх асноўных валют з-за ўнутраных эканамічных праблем і паскоранае зніжэнне да некаторых валют (у 2022 годзе — да даляра і еўра) з-за ўплыву сітуацыі на расійскім валютным рынку.

Клас
26
Панылы сорам
13
Ха-ха
6
Ого
15
Сумна
19
Абуральна
27

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?