Удава Алега Бябеніна Кацярына ў сваім блогу заклікала спыніць розныя спэкуляцыі вакол сьмерці яе мужа.

Прапануем вам фрагмэнты звароту Кацярыны Бябенінай.

«Я удава Алега Бябеніна. Уласна, мне не хацелася і па-ранейшаму не хочацца нічога казаць, але атрыманы ўчора email ад невядомага мне адрасата, у якім утрымліваецца чарговая фантазія на тэму сьмерці майго мужа са спасылкай на нібы атрыманую ад мяне інфармацыю, змушае мяне выказацца, коратка і аднойчы.

Я не ведаю, што, як і чаму адбылося. Я нават не ведаю, калі гэта адбылося: 2 або 3 верасьня.

Самае страшнае, што магчыма ніколі і не даведаюся, кожны дзень вяртаючыся да гэтых пытаньняў без адказаў. Няма нічога горш невядомасьці. Матэрыялы праверкі (у частцы, зь якой я знаёма), вядомыя мне факты, дэталі і падзеі тых дзён адназначных адказаў не даюць. Менавіта таму я не хачу нічога казаць: любыя мае словы на тэму «што здарылася», мае сумневы, вэрсіі, думкі будуць толькі здагадкамі, але я ня ведаю ісьціны. У нас з Алегам і са Сьцяпанам была куча плянаў на бліжэйшыя дні і тыдні, але ім не наканавана было спраўдзіцца.

І яшчэ, ведаеце, проста вельмі балюча гаварыць.

Ніякія СМІ (друкаваныя, тэлевізійныя, інтэрнэт) не атрымлівалі ад мяне ніякіх камэнтароў, якія тычацца гібелі Алега. Пра тое, што адбылося, я казала толькі і выключна з нашымі з Алегам сябрамі і блізкімі, а таксама з прадстаўнікамі праваахоўных органаў і экспэртамі.

Любая інфармацыя са спасылкай на мае словы зь іншых крыніцаў — хлусьня.

Вакол выявілася нечакана шмат чужых людзей, якія прагнуць абмеркаваньняў і сэнсацыйных падрабязнасьцяў. Не, не сяброў — зусім чужых і незнаёмых людзей, якія чамусьці лічаць, што маюць права знайсьці наш хатні тэлефон і патэлефанаваць з пытаньнямі, або прыехаць на нашу дачу «паглядзець усё сваімі вачамі». Я разумею, што трагічная сьмерць чалавека — гэта выдатны інфармацыйны нагода, куды больш пэрспэктыўная, чым навіны аб надвор’і, але прашу: зазірніце ў сябе і паспрабуйце знайсьці хоць нешта чалавечае.

Калі ён быў вам блізкі — памятаеце яго, любіце яго, рабіце ўсё для яго памяці.

Калі ён быў вам нікім — не рабіце балюча тым, хто памятае і любіць.

Жыцьцё — вельмі далікатная штука, якімі б доўгатэрміновымі не былі вашыя пляны на шчасьце. Дастаткова некалькіх сэкундаў, каб жыцьцё назаўсёды падзялілася на «да» і «пасьля». Магчыма, калі-небудзь вы гэта зразумееце, дай Бог — не зразумееце ніколі, таму што такога я не пажадаю нікому.

Нікому не пажадаю бачыць раней заўсёды шчасьлівага і вясёлага сына, які ляжыць, згарнуўшыся, і не плача нават, проста ціха скуголіць: «татачка, татачка, татачка…», і я не магу яму дапамагчы. Алег быў выдатны муж і самы лепшы тата. Кожны вечар, укладваючыся спаць, Сьцёпа казаў: «Тата, я цябе люблю. Мама, я цябе люблю. Як добра, што вы ў мяне ёсьць „. Зараз таты няма, але мы са Сьцёпам па-ранейшаму кажам адзін аднаму, як мы яго любім, і становіцца ледзь-ледзь лягчэй, як быццам тата зноў з намі, проста мы яго не бачым.

Калі назаўжды сыходзіць блізкі чалавек, ты раптам выяўляеш, колькі ня сказанага, не пачутага, не пазнанага ён панёс з сабой,

і ўсё гэта ўжо не сказаць, не пачуць і не пазнаць ніколі. Вельмі хочацца, каб не было так балюча. Хоць бы на пяць хвілін, на хвіліну атрымаць перадышку і мець магчымасьць паглядзець па баках з той ціхамірнасьцю, якая была ў мяне раней. На сьнег, на сонца, на дзяцей, якія шпацыруюць з татамі. Магчыма, калі-небудзь змагу. Можа быць, не змагу ніколі, але я з кожным днём спрабую вучыцца цярпець…».

Для прадстаўнікоў СМІ, якія, магчыма, прачытаюць гэта, я паўтару яшчэ раз: зазірніце ў сябе і паспрабуйце знайсці хоць нешта чалавечае. Не здзекавацца са сказанага, устаўляючы ў прыдуманы кантэкст з прыдуманымі каментарамі...

***

Цела заснавальніка апазыцыйнага сайту «Хартыя-97» Алега Бябеніна было знойдзенае ў пятлі на ягоным лецішчы пад Менскам 3 верасьня. У міліцыі ад самага пачатку разглядалі вэрсію аб самагубстве ў якасьці асноўнай. Да праверкі абставінаў сьмерці журналіста прыцягваліся экспэрты АБСЭ. У падрыхтаваным імі заключэньні сказана: вынікі ўскрыцьця і рэчавыя доказы, сабраныя на месцы здарэньня, «ясна сьведчаць, што прычынай сьмерці стала самазабойства праз павешаньне». Шматлікія калегі і сябры журналіста, у тым ліку кандыдат на прэзыдэнта Беларусі Андрэй Саннікаў, у чыю каманду ўваходзіў Бябенін, з вэрсіяй самазабойства не згодныя.». Пракуратура Мінскай вобласьці правядзе дадатковую праверку па справе Алега Бябеніна. Яе мэта — вызначэньне матываў самагубства журналіста.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?