Пралукашэнкаўскія арганізацыі вылучылі багата назіральнікаў на бягучыя выбары. Аднак наўрад ці нехта будзе мець ілюзіі, што гэтыя назіральнікі будуць сачыць за празрыстасцю выбараў. Прыгадайце прынамсі адзін выпадак, каб назіральнік ад БРСМу ці «Белай Русі» выявіў якое парушэнне ці знайшоў сведчанне фальсіфікацый.

Некалькі дзён таму мне трапіў у рукі адзін цікавы дакумент, які быў дасланы ў Глыбоцкі раённы камітэт БРСМ. Гэта «Метадычка назіральніка», якая змяшчае інструкцыю па назіранні за выбарамі.

Такі ж дакумент неабачліва быў апублікаванына афіцыйным сайце Нясвіжскага райвыканкама.

Першы сказ у раздзеле «Агульныя патрабаванні» фармулюе галоўную задачу назіральніка — «Правесці прэзідэнцкія выбары на высокім арганізацыйным ўзроні, не даць сілам, зацікаўленым у дэстабілізацыі грамадства, ніводнай падставы сарваць выбарчы працэс або не прызнаць вынікі галасавання».

Якія сілы зацікаўлены ў дэстабілізацыі грамадства, аўтары не тлумачаць. Аднак ужо праз некалькі радкоў знаходзім паняцце «наблюдатель от оппонирующих сил».

Назіральнікаў ад праўладных арганізацый інструктуюць быць вельмі пільнымі да дзейнасці незалежных назіральнікаў. Падкрэсліваецца, што назіральнікі павінны складаць акты аб парушэннях з іх боку. Таксама ёсць указанне фіксаваць час знаходжання на ўчастку назіральнікаў «от оппонирующих сил».

У выпадку з’яўлення на ўчастку міжнароднага назіральніка неабходна перадаць яму пісьмовую заяву з ацэнкай выбарчага працэсу. Аўтары рэкамендуюць загадзя рыхтаваць такія заявы.

Найбольшую частку дакумента займае разгляд «праблемных сітуацый», якія могуць узнікнуць на ўчастку. Мяркуючы па аб’ёму апісання, галоўнай праблемай з’яўляюцца пытанні, якія могуць узнікнуць падчас дыялогу з «оппонирующими наблюдателями».

Аўтары тлумачаць, што патрэбна адказваць, калі «оппонирующий» калега кажа пра незаконнасць вылучэння Лукашэнкі на чацвёрты тэрмін, прапануе ацаніць дэмакратычнасць выбарчага заканадаўства або згадвае прапанову Някляева забяспечыць усе ўчасткі празрыстымі скрынямі.

У той жа час назіральнікам раяць устрымлівацца ад абмеркавання канкрэтных тэмаў, бо «любая інфармацыя можа быць выкарыстана для дыскрэдытацыі Вас асабіста і выбарчага працэсу ў цэлым».

Падзел паміж «чэснымі» і «нячэснымі» назіральнікамі найбольш відавочны ў шостым пункце інструкцыі: «У выпадку складання назіральнікамі ад апазіцыі зваротаў аб парушэнні заканадаўства аб выбарах Вам неабходна разам з назіральнікамі ад канструктыўных арганізацый скласці зварот аб тым, што ніякіх парушэнняў не было выяўлена».

У той жа час у дапаможніку няма аніводнага сказу, які б тлумачыў парадак дзеянняў у выпадку парушэння выбарчага заканадаўства сябрамі камісіі.

Дадзеная «метадычка назіральніка» яскрава сведчыць, што пралукашэнкаўскія арганізацыі вылучаюць сваіх назіральнікаў не для рэальнага назірання за законнасцю выбараў. Улада вызначыла ролю «чэсным» назіральнікам у выбарчым працэсе — заявіць, што выбары быццам бы прайшлі па ўсіх дэмакратычных стандартах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?