Падчас паседжання камісіі ЦВК, на якім выносілася папярэджанне ініцыятыўнай групе Уладзіміра Някляева, кіраўнік яго штабу, Андрэй Дзмітрыеў, прапанаваў праводзіць тэледэбаты не ў запісе, а ў жывым эфіры.
На гэта Л.Ярмошына адказала, што «Белтэлерадыёкампанія больш упэўнена сябе адчувае, калі дэбаты паказваюць у запісе». Па словах А.Дзмітрыева, такі стан рэчаў не задавальняе штаб Някляева. «Мы пакідаем за сабой права не ўдзельнічаць у такіх тэледэбатах», — паведаміў у размове з карэспандэнтам «НН» А.Дзмітрыеў.
Тэледэбаты адбудуцца на Першым нацыянальным канале з 19-й да 21-й гадзіны. Радыёдэбаты — з 6-й да 7-й раніцы.
У дэмакратычных краінах дэбаты адбываюцца ўжывую і дазваляюць выбарцам супаставіць праграмы і здольнасці кандыдатаў.
Паколькі ў Беларусі няма незалежнага тэлебачання, існуюць толькі лукашэнкаўскія каналы, правядзенне дэбатаў у запісе дае спакусу для цэнзуры і тэхнічнага скажэння прамоўленага апазіцыйнымі кандыдатамі.
Варта нагадаць, што
за дзесяць апошніх гадоў лукашэнкаўскія тэлеканалы ні разу не інфармавалі нейтральна пра дзейнасць апазіцыі і ні разу не давалі слова яе лідэрам.
Адсутнасць тэледэбатаў ужывую пазбаўляе выбары важнага элемента канкурэнцыі, без якога яны не могуць быць выбарамі. Увядзенне жывых дэбатаў стала б важным тэстам на дэмакратычнасць.