Фота: pressball.by

Фота: pressball.by

Сабралі звесткі пра іншых спартоўцаў, што былі вымушаныя пакінуць Радзіму праз палітычны пераслед. Усе імёны пералічыць цяжка, таму ўзгадаем самыя вядомыя.

Алена Леўчанка

Фота: pressball.by.

Фота: pressball.by.

Леўчанка — адна з найлепшых баскетбалістак у беларускай гісторыі, уладальніца бронзы чэмпіянату Еўропы, фіналістка жаночай лігі NBA, удзельніца дзвюх Алімпіядаў. Як і іншыя спартоўцы з нашай выбаркі, яна падпісвала ліст за сумленныя выбары і ўдзельнічала ў акцыях пратэсту.

Якраз за адну з іх Алена атрымала 15 сутак арышту, якія правяла на Акрэсціна. Там яна спала без пасцелі і матрацаў, два тыдні зняволеныя не наведвалі душ і не мелі працуючага зліву ў туалеце, іх не выводзілі на прагулкі.

Пасля выхаду на волю баскетбалістка з'ехала ў Грэцыю — як паведамлялася, на планавае лячэнне и рэабілітацыю. У пачатку 2021 года Леўчанка пачала граць у складзе грэчаскага клуба «Панацінаікас», з якім паспела выйграць у маі нацыянальны чэмпіянат. Пра вяртанне на Радзіму яна публічна не выказваецца.

Аляксандра Герасіменя

Фота: reform.by / Instagram

Фота: reform.by / Instagram

Пасля прэзідэнцкіх выбараў Аляксандра Герасіменя, срэбраная медалістка Алімпіяды-2012 і бронзавая прызёрка Гульняў-2016, не здолела маўчаць.

Яна падтрымлівала мірныя пратэсты і сама выходзіла на вуліцы. Герасіменя разам з калегамі стаяла ля вытокаў адкрытага ліста спартоўцаў за сумленныя выбары, вызваленне палітвязняў і спыненне гвалту. Яе подпіс пад гэтым лістом таксама ёсць.

Пазней былая плыўчыха ўзначаліла Беларускі фонд спартовай салідарнасці (БФСС), што дапамагае рэпрэсаваным спартоўцам і распаўсюджвае інфармацыю пра пераслед, пад які яны трапляюць. Каманда Фонду працуе з-за мяжы, а сама Герасіменя цяпер жыве ў Вільні. 

У красавіку 2021 года беларускі Следчы камітэт абвясціў Аляксандру і выканаўчага дырэктара БФСС Аляксандра Апейкіна ў вышук. На Герасіменю і Апейкіна завялі крымінальную справу па частцы 3 арт. 361 КК РБ («Заклікі да здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі»). Мера пакарання па артыкуле складае ад 2 да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Віталь Гуркоў

Фота: k16.by.

Фота: k16.by.

Шматразовы чэмпіён свету ў тайскім боксе, Гуркоў ніколі не хаваў сваёй грамадзянскай пазіцыі. Спартовец шчыра выказваўся на вострыя тэмы, выносіў БЧБ-сцяг у рынг і выступаў у складзе гурту Сяргея Міхалка BRUTTO.

За некалькі дзён да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Гуркоў паехаў ва Украіну. Гэта была запланаваная паездка з працоўнымі мэтамі, але ж байцу далі зразумець, што на Радзіму вяртацца яму не варта. У дадатак, напярэдадні выбараў Гуркоў бачыў, што за ім сочаць сілавікі. 

Пасля выбараў-2020 і гвалту з боку сілавікоў тайбаксёр падпісаў ліст спартоўцаў за сумленныя выбары. Цяпер ён жыве ў Кіеве і заяўляе, што «не плануе вяртацца ў Мінск, нават калі ў краіне зменіцца ўлада». 

Ва Украіне Гуркоў працягвае працаваць з BRUTTO, а таксама займаецца трэнерствам. Праз год працы ён трапіў у зборную Украіны (як трэнер), з якой паехаў на чэмпіянат свету па тайскім боксе. Адтуль падапечная Гуркова Марыя Берко прывезла бронзу.

Віталь працягвае гучна выказвацца ў медыя наконт сітуацыі ў Беларусі. «Будзе прыкра, што я беларус» — так спартовец адказаў на пытанне пра тое, што ён будзе адчуваць, калі з беларускага боку пачнецца агрэсія ў бок Украіны.

Крысціна Ціманоўская

Фота: Instagram / kristi_timanovskaya.

Фота: Instagram / kristi_timanovskaya.

Гісторыя, што прагрымела на ўвесь свет. Спрынтарка Крысціна Ціманоўская не наведвала акцый пратэсту, не падпісвала ліста за сумленныя выбары і ўстрымоўвалася выказвацца пра палітыку.

Летам 2021 года спартоўка прыехала ў Токіа ў складзе беларускай алімпійскай зборнай. Праз адхіленне іншых айчынных легкаатлетак ад спаборніцтваў Ціманоўскай прапанавалі ўдзельнічаць у эстафеце на нетыповую для яе дыстанцыю. Крысціна раскрытыкавала гэтае рашэнне ў сацсетках, пасля чаго яе спрабавалі гвалтоўна вывезці з Алімпіяды ў Беларусь.

Некалькі еўрапейскіх дзяржаў прапанавалі Крысціне дапамогу. Спартсменка абрала Польшчу, дзе і атрымала палітычны прытулак. Там Ціманоўская трэніруецца з спартовай камандай канцэрна Orlen. 

Як сведчыць спрынтарка, праз бацькоў ёй прапаноўвалі вярнуцца на Радзіму і абяцалі, што ніякіх рэпрэсій за гісторыю з Токіа не будзе. Але Крысціна не верыць беларускім уладам і спрабуе наладзіць жыццё ў новай краіне.

Андрэй Краўчанка і Яня Максімава

Фота: tv8.md.

Фота: tv8.md.

Легкаатлеты Андрэй Краўчанка і Яня Максімава з'ехалі з краіны ў ліпені 2021 года. Тлумачылі гэта тым, што, як адчувалі спартсмены, заставацца на Радзіме ім небяспечна.

За час са жніўня 2020 года і да ад'езду Краўчанка і Максімава неаднаразова праяўлялі сваю грамадзянскую пазіцыю. Яны падпісалі ліст за сумленныя выбары, выказваліся ў медыя і сацсетках і наведвалі мірныя пратэсты (за ўдзел у адным з іх Краўчанка правёў 10 сутак за кратамі). Краўчанка нават зладзіў (у хатніх умовах) 10-дзённую галадоўку ў знак салідарнасці з палітвязнямі.

Цяпер легкаатлеты жывуць у Германіі. Яны вярнуліся да спорту — Максімава трэніруецца і рыхтуецца да Алімпіяды-2024, Краўчанка ж падтрымлівае форму ў спартовым клубе і займаецца падрыхтоўкай маладых фехтавальшчыкаў. Сям'я атрымала ў Германіі палітычны прытулак.

Кацярына Сныціна

Фота: zerkalo.io.

Фота: zerkalo.io.

Яшчэ адна зорная баскетбалістка, якой забаронены шлях дахаты. У жніўні 2020-га, яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў, Кацярына Сныціна з'ехала працаваць па кантракце ў Турцыю ў клуб «Нэсібэ Айдын».

Экс-капітан нацыянальнай зборнай, удзельніца дзвюх Алімпіяд і бронзавая прызёрка чэмпіянату Еўропы-2007, Сныціна актыўна падтрымлівала пратэсты. Праз гэта, як яна лічыць, вяртацца ёй на Радзіму небяспечна.

Кацярына дагэтуль гуляе ў «Нэсібэ Айдын», клубе, з якім у мінулым сезоне яна дайшла да паўфіналу чэмпіянату Турцыі. А таксама займаецца бізнэс-праектам — анлайн-крамай адзення TRSK, як яны самі сабе называюць, «адзенне з беларускім настроем». Першая калекцыя праекта прысвечана рэлакацыі.

Сямён Букін

Фота: з асабістага архіва Сямёна Букіна.

Фота: з асабістага архіва Сямёна Букіна.

Букін — экс-член нацыянальнай зборнай па спартовай гімнастыцы, артыст «Цырка дзю Салей». Хлопец наведваў пратэсты, і на адным з маршаў быў затрыманы. Па артыкуле 23.34 Атрымаў 15 сутак арышту. Падчас затрымання Букіна збілі і аблілі пякучай вадкасцю, у турме некалькі дзён не кармілі.

Хутка пасля вызвалення гімнаст атрымаў «сігнал», што ім цікавяцца сілавікі і справа можа скончыцца новым арыштам. Букін палічыў за лепшае для сябе з'ехаць з краіны. Спачатку апынуўся ў Польшчы, а пазней пераехаў у Швецыю, дзе працаваў у клубе гімнастыкі. Цяпер рыхтуецца да новага турнэ з дзю Салеем.

Падчас жыцця ў Швецыі Букін удзельнічаў у платформе «Сход» (створанай як альтэрнатыва УНС), мерапрыемствах Фонду спартовай салідарнасці і акцыях беларускай дыяспары, накіраваных на падтрымку Беларусі, расказваў пра Радзіму ў медыя (у тым ліку ў шведскіх). На беларускі адрас Букіна тым часам прыходзілі позвы ў пракуратуру.

Ці гатовы спартовец вярнуцца на Радзіму? Толькі пры змене рэжыму і ў выпадку, калі новая ўлада будзе сапраўды беларускай.

Канстанцін Якаўлеў

Былы галоўны трэнер гандбольнага клуба «Віцязь» Якаўлеў пацярпеў за сваю пазіцыю яшчэ ў першыя месяцы пасля выбараў. Яго клуб знялі з чэмпіянату Беларусі за тое, што каманда выказала салідарнасць з затрыманай Аленай Леўчанка. 

Якаўлеў і сам актыўна ўдзельнічаў у пратэстах, падпісаў ліст спартоўцаў за сумленныя выбары. Летам 2021 года за анонс адкрытай трэніроўкі ў Новай Баравой Канстанцін трапіў за краты па артыкуле 24.23 (былы 23.34). 

Праз месяц пасля вызвалення, 1 жніўня 2021-га, Якаўлеў з'ехаў ва Украіну. Сярод прычын пераезду называе пагрозы крыміналкі і абяцае вярнуцца — тады, калі «рэжым зжарэ сябе сам».

Чытайце яшчэ: 

Няўдалы бізнэсмен і трэнер зборнай. Чым займаюцца цяпер былыя беларускія зоркі зімовых Алімпіядаў

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2