Хацелася б на пачатку ўхваліць выбар матэрыялу. П'еса Міхаіла Угарава зрабілася культавай перш за ўсё дзякуючы яго ўласнай пастаноўцы ў маскоўскім Цэнтры драматургіі і рэжысуры. Спектакль гэты, дарэчы, паказвалі ў Мінску ў рамках фестывалю «Адкрыты фармат». Гэта п'еса моцна знітавана з маладым і рэвалюцыйным мастацтвам.

На дзіва, у п'есе адсутнічаюць звыклыя прыкметы новай драмы: чарнухі, мацершыны (хаця матнае слова там ёсць, у спектакль яно не ўвайшло), хваравітай сацыяльнай скіраванасці. Таму што насамрэч прыкметы гэтыя з'яўляюцца ўсяго толькі стэрэатыпамі, якія адводзяць увагу ад галоўнага ў новай драме, а менавіта пошуку новага героя.

Абломаў на пачатку 2000-х меў якраз зрабіцца такім героем, бо адмаўляў каштоўнасці практычнай дзелавітасці, і супрацьпастаўляў ёй сваю хлапечую цікаўнасць і непасрэднасць. Менавіта такім Абломава, зусім не падобнага да ілюстрацыі са школьнай хрэстаматыі, сыграў артыст Уладзімір Скварцоў — і раптам тое зрабілася сапраўдным адкрыццём. Інфантыльнасць, якая зрабілася сапраўднай тэмай для мастацтва 2000-х, тут трактавалася як нешта, што супрацьстаіць злачыннай сур'ёзнасці, там не ведаю, новых рускіх бізнэсоўцаў.

Фота www.rustheatre.by.

Фота www.rustheatre.by.

Сяргей Савенкоў на сцэне Нацыянальнага тэатра імя М.Горкага грае Абломава якраз традыцыйна, пазнавальна. Асабліва напачатку ён вялы, рахманы, сутулы, захутаны ў нейкую коўдру, якую называюць халатам і шлафрокам. На фоне дэкарацыі Веніяміна Маршака гэты Абломаў выглядае асабліва маленькім, хаця гэта ўсяго толькі дзве высокія выгародкі. Канфлікт такога Абломава з сучаснасцю не адчуваецца, шматлікія факты імклівай індустрыяльнай эпохі 19 стагоддзя (да Еўропы можна даехаць за 4 дні! да Амерыкі за 3 тыдні!), якія драматург любоўна падбіраў, каб разварушыць свайго Абломава, раптам загучалі павольнымі гістарызмамі. На гэтага Абломава цісне наваколле, раптам тэма душэўнай хваробы (доктара сыграў Алег Коц) пачала гучаць яшчэ больш востра. Уся замкнёная прастора, скрозь сцены якой, як прывіды, трапляюць іншыя персанажы, выяўляецца такой палатай душэўнай клінікі. У стрымана пафасным фінале Абломаў нібыта пакідае свае змрочныя сцены…

І тут узнікаюць пытанні драматургічнага матэрыялу, які прыйшлося адаптаваць пад аўтарскую задуму, скарачаць. Больш пасавала б падрыхтаваць уласную паўнавартасную інсцэніроўку рамана Ганчарова.

І гэта, па адчуванні, асноўны хіб спектакля, які мае важкія плюсы.

Фота www.rustheatre.by.

Фота www.rustheatre.by.

Найбольш пераканаўчымі па-акцёрску сцэнамі спектакля аказаліся дыялогі Абломава і Вольгі Іллінскай (у выкананні Анастасіі Шпакоўскай). Моцная, пачуццёвая гераіня з годнасцю нясе ідэі дзейснай прыгажосці, але гэта кантрастуе з простай харэаграфічнай партытурай Віталіны Бідзюк, якая вымушае Шпакоўскую рухацца вугламі. Сцэна з выкананнем Іллінскай арыі Casta Diva (адной з самых складаных у сусветным оперным рэпертуары) вырашана якраз пластычным эцюдам. Але менавіта ў кантактах з Абломавым Шпакоўская знаходзіць для сваёй гераіні дакладныя і кранальныя інтанацыі. Менавіта на іх Абломаў Сяргея Савенкова адгукаецца, і атрымліваюцца сапраўды цікавыя і кранальныя сцэны. Праблема спектакля ў тым, што іх няшмат.

Фота www.rustheatre.by.

Фота www.rustheatre.by.

У асноўным персанажы перагаворваюцца не наўпрост паміж сабой, а праз публіку, так бы мовіць апарт. Гэта яшчэ больш падкрэслівае самотнасць герояў і немагчымасць дамовіцца паміж сабой, але пры гэтым яны шмат робяць нематываваных рухаў, пераходаў, шмат працы з аб'ектамі. У сцэне развітальнага ліста Абломава да Іллінскай артысты бегаюць па сцэне і хапаюць аркушы папер. Гэта павінна выяўляць эмацыйную напружанасць эпізоду, але думка, што артысты маглі б справіцца і без такіх хаатычных мізансцэн, застанецца толькі гіпотэзай.

Гэта тыпова для рэжысёраў-дэбютантаў, якія выкарыстоўваюць на сцэне ўсе прыёмы, якімі валодаюць, хутка і адразу. І па шчырасці, звышвысокі тэмп (а спектакль ідзе чыстыя дзве гадзіны з антрактам) змены прыгожых карцін не ідзе спектаклю на карысць. Часам ёсць адчуванне мітусні. Са сцэны кажуць пра цэльнасць Абломава, але спектакль такога адчування не пакідае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?