Ёзэфу Гафлу (Josef Gaffl) 49 гадоў, ён называе сябе «дасведчаным турыстам» з Аўстрыі, які на сваім кабрыялеце катаецца па свеце ў пошуку новых уражанняў і знаёмстваў. У Беларусі Ёзэф восьмы раз. Ён сустрэўся з журналістам «Нашай Нівы», каб пагутарыць пра нашую краіну.

«Першы раз я быў тут дзесяць гадоў таму. І першае, з чым я сутыкнуўся, гэта пяцігадзіннае стаянне на мяжы. Пяць гадзін, Карл! І калі першы раз мяне займала пытанне «чаму», то сёлета я думаў, чаму нічога не мяняецца? За 5 гадзін можна даляцець з Вены да Мінска, напрыклад. Але няхай з гэтым. Усё ж я прыехаў, каб пабачыцца са сваімі сябрамі і яшчэ больш даследваць Беларусь», — расказвае Ёзэф і адзначае, што фоткі з Мінска ў ягоным фэйсбуку лайкае асабліва шмат людзей.

«Перад тым, як сёлета прыехаць да вас, я быў у Македоніі, Сербіі, Харватыі і Албаніі. Гэта маленькія краіны, але ў плане турызму і стаўлення ўсе яны лепшыя за Беларусь. Там у вас ужо на мяжы будуць пытацца «Як вы?», «Чым дапамагчы?». А тут спыняць дзесьці пад Мінскам, каб сказаць, што вы «заляцелі» на тысячу еўра праз адсутнасць «Белтола».

Я ведаю некалькі папулярных у Еўропе турыстычных блогераў, якім хапіла аднаго негатыўнага досведу вандроўкі па Беларусі. У выніку яны напісалі пра гэта ў інтэрнэт, і тыя дзясяткі тысяч чалавек, што іх чытаюць, ужо ніколі не прыедуць да вас. Яны паедуць да вашых суседзяў, пакінуць свае грошы там», — шкадуе Ёзэф і кажа, што ўважае за памылку прыцягненне турыстаў толькі ў Мінск.

Мінск можна паглядзець за 2 дні, а вось усю Беларусь не паглядзіш і за 10 год.

«Я хачу падзяліцца з вамі наступным назіраннем — беларусы не могуць вызначыцца, хто яны ёсць. Сёлета я першы раз быў у Белавежскай Пушчы і бачыў надпіс па-англійску «The Residence of the Byelorussian Grandfather Frost». Дык тут Belarus ці Byelorussia? Калі англамоўны чалавек бачыць такі надпіс, то ён думае, што вы самі хочаце быць рускімі. Адсюль і блытаніна, калі вас і рускіх не адрозніваюць у Еўропе. І гэта вельмі дзіўна. Бо мне, аўстрыйцу, не трэба насіць кепку ці майку з флагам Аўстрыі, каб у Германіі зразумелі, што я не немец. Хоць і гаворым мы на адной мове», — адзначае Ёзэф.

«Увогуле, мне здаецца, што беларусы павінны інтэгравацца ў англамоўны свет. Нават калі вы робіце штосьці вельмі крутое і выкладаеце гэта ў інтэрнэце, то вашую творчасць убачыць мізэрная колькасць людзей, бо рускамоўная прастора — гэта абмежаваная і вельмі маленькая частка ад сусветнай. Ніхто не ведае пра Беларусь у Францыі, Брытаніі ды Аўстрыі не таму, што Беларусь нікому не цікавая, а таму, што беларусы не могуць самі пра сябе расказаць. Пра вас ведаюць толькі вашыя суседзі, ды і то не вельмі добра, мне падаецца. Беларусам варта адкрыцца для камунікацыі»,— раіць Ёзэф.

Дарэчы, паводле мужчыны, працэс «інтэграцыі» ужо запушчаны — дзесяць гадоў таму, маўляў, мала хто з мінакоў мог пагаварыць з ім па-англійску. А сёння беларуская моладзь не толькі разумее, але можа і падтрымаць дыялог з замежнікам.

Што ж да параўнання Аўстрыіі Беларусі, то мужчына адказвае даволі ўзважана.

«Беларусь і Аўстрыя роўныя: мы саступілі Канадзе 1:10, а вы 0:9. Ха-ха! Калі сур’ёзна, то Аўстрыя вельмі развітая краіна, але пытанне, «дзе і ў чым лепш», не зусім карэктнае. Трэба параўноўваць кожнага паасобку, тады будзе плён. Вось вы, журналісты, робіце сваю работу лепш, чым журналісты ў Аўстрыі? А вы, інжынеры, настаўнікі? Калі кожны будзе імкнуцца быць прафесіяналам у сваёй галіне, тады і краіна будзе ў топе. Мне так падаецца», — сказаў Ёзэф і дадаў, што

калі параўноўваць сістэмы кіравання, то ў Беларусі яна нагадвае «Волгу», а ў Аўстрыі — «Мэрсэдэс».

Таму, маўляў, мы так марудна едзем і не можам дагнаць еўрапейскія краіны па ўзроўню жыцця.

Яшчэ адзін момант, які цікавіць аўстрыйца ў ягоных падарожжах, гэта музыка. Ёзэф сам некалі граў у шматлікіх гуртах і называе сябе меламанам. У новых краінах ён шукае выбітных артыстаў.

«Музычная культура Беларусі адстае ад агульнасусветных тэндэнцый гадоў на 10, — гэта я вам як музыкант кажу.

Але зрушэнні ўсё ж ёсць і я думаю, што

неўзабаве Беларусь народзіць зорку сусветнай велічыні. Кандыдат — «Shuma».

Гэты гурт мне вельмі падабаецца тым, што яны хочуць зачапіць слухача беларускай ідэнтычнасцю. Сёння рэцэпт «фальклор плюс электра-музыка» з’яўляецца залогам поспеху. Як прыклад — спявачка Б’ёнсэ. Яна міксуе нацыянальныя кампаненты з сучаснай электроннай музыкай, і гэта дазваляе людзям адрозніць яе ад тысяч іншых выканаўцаў. «Shuma» можа стаць беларускай Беёнсэ, калі хочаце», — перакананы Ёзэф.

Пасля Мінска аўстрыец паедзе на ўсход і поўнач Беларусі.

«Будзьце адкрытымі, — раіць ён беларусам, — і запрашайце да сябе такіх, як я. Мы піярым вашую краіну ў інтэрнэце!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?