Украінскі танк, падбіты расійскімі сіламі. Фота з Фэйсбука ўкраінскага лейтэнанта Аляксея Чабана, які ваюе ў раёне Дэбальцава.
Пасля двух тыдняў баёў расійскія сілы выйшлі на трасу Дэбальцава— Арцёмаўск. Такім чынам, перарэзаны шлях забеспячэння ўкраінскага гарнізона ў Дэбальцаве.
Гэта здарылася ў раёне Логвінава і Ласкутоўкі. Працягваюцца вялікія баі, з абодвух бакоў ёсць страты ў бранятэхніцы.
Інфармацыю пра перарэзаную трасу на сваёй старонцы ў Фэйсбуку пацвердзіў камбат батальёна «Данбас» Сямён Сяменчанка.
Украінскія камандзіры высвятляюць адносіны ў Фэйсбуку: «Па-нармальнаму, штабных мудакоў, што праспалі ўваход праціўніка ў Ласкутоўку а 6.00 і пачалі цяліцца толькі пасля абеду, трэба расстраляць. Асобная размова пра нашы танкі, што раптоўна ламаюцца. Карацей. Сепары ў Лоскутовке пераціснулі трасу. ВСУ і процідыверсійная група «Данбаса» адышлі на зыходныя. Астатняе — не для ФБ. Стратэгі, вашу маць!» — экспрэсіўна адзначыў Сяменчанка.
Цяжка сказаць, ці ўкраінскія войскі маюць стратэгію прарыву акружэння. Дакладна невядома таксама, колькі ўкраінскіх байцоў знаходзіцца ў Дэбальцаве — значным чыгуначным вузле між Данецкам і Луганскам.
Мапа баявых дзеянняў з расійскіх крыніц.





