Што за мінскі бяздомны з трусікам стаў зоркай тыктоку? Аказваецца, гэта былы палітвязень

Мужчына з трусікам у мінскім метро сабраў за суткі больш за 4 мільёны праглядаў. Мы даведаліся, хто гэта – і такога вы дакладна не чакалі.

26.01.2024 / 15:38

Фота: kyky.org

Як падказалі праваабаронцы «Вясны», пажылы мужчына — былы палітвязень Аляксандр Кутас. Яму 61 год, і гэта насамрэч бяздомны. Вядома, што яшчэ да свайго палітычнага тэрміну Кутас правёў 22 гады ў месцах пазбаўлення волі.

У 2021-м Аляксандра 10 разоў адпраўлялі на суткі быццам за «несанкцыянаванае пікетаванне». Фармальная прычына для пратаколаў — плакаты са сцягам БССР і просьбамі пра дапамогу, якія маляваў мужчына. Але ж быў у яго і плакат з БЧБ-сцягам, на якім было напісана: «Вярніце мне дзяцінства, юнацтва мне вярніце, і першае каханне. Дапамажыце забыць лагеры і няхай жыве Народная Рэспубліка Беларусь».

Кутас правёў на Акрэсціна не менш за 130 сутак.

1 снежня 2021 мужчыну затрымалі па крыміналцы па артыкуле 342-2 КК, то-бок «Неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў». Кутас быў першым у Беларусі, каго асудзілі па гэтым артыкуле.

Ён атрымаў адзін год калоніі і вызваліўся 21 верасня 2022 года.

Чытайце таксама:

Вызваліўся палітзняволены бяздомны Аляксандр Кутас

Бяздомны з Мінска, які адседзеў 130 сутак за «несанкцыянаванае пікетаванне», цяпер пад крыміналкай

Бяздомны з Мінска ўжо адбыў каля 80 сутак. Учора яго арыштавалі яшчэ на 20 за БЧБ-плакат

Nashaniva.com