Навукоўцы б’юць трывогу: сярэдні памер палавога члена за апошнія дзесяцігоддзі рэзка вырас. Вось чаму гэта можа быць кепскі знак

Даследаванні мужчын з усяго свету дэманструюць, што сярэдняя даўжыня пеніса ў стане эрэкцыі за апошнія 30 гадоў вырасла на 24%..

02.01.2024 / 21:00

Ілюстрацыйнае фота. Getty Images

Вучоныя з ЗША правялі даследаванне, падчас якога паспрабавалі высветліць, як змена даўжыні палавога члена ўплываюць на мужчынскую рэпрадуктыўную сістэму. З вынікамі яны пазнаёмілі на старонках часопіса The World's Journal of Menʼs Health.

Група навукоўцаў пад кіраўніцтвам доктара медыцыны, уролага з Медыцынскай школы Стэнфардскага ўніверсітэта Майкла Айзэнберга (Michael Eisenberg) правяла метааналіз звестак 75 даследаванняў, якія былі праведзеныя ў перыяд з 1942 па 2021 год, у якіх утрымліваліся звесткі аб даўжыні палавога члена ў 55 761 мужчыны.

Па словах Айзэнберга, якога цытуе выданне USA Today, да пачатку даследавання вучоныя меркавалі, што выявяць змяншэнне даўжыні гэтага органа ў мужчын. Але вынікі іх уразілі. За апошнія 29 гадоў сярэдняя даўжыня палавога члена ў стане эрэкцыі павялічылася на 24% (з 12,2 да 15,2 см). І гэтая тэндэнцыя назіралася ва ўсім свеце.

Парадокс у тым, што паралельна з ростам памерам мужчынскага органа назіраецца падзенне колькасці сперматазоідаў у насенні і ўзроўню тэстастэрону ў мужчын.

Айзэнберг адзначае, што такія істотныя змены ў даўжыні пеніса за адносна кароткі перыяд часу выклікаюць заклапочанасць:

«Калі мы назіраем такія хуткія змены, гэта значыць, што з нашым целам адбываецца нешта істотнае. Неабходна вызначыць прычыну гэтага».

Па словах вучонага, павелічэнне памеру пеніса можа быць яшчэ адным індыкатарам таго, што негатыўныя змены ў навакольным асяроддзі, а таксама рост маларухомага вобразу жыцця выклікаюць змены ў рэпрадукцыйнай функцыі.

На гарманальную сістэму можа ўплываць шэраг фактараў. Сярод іх уздзеянне хімічных рэчываў. Напрыклад, пестыцыдаў ці сродкаў гігіены. Яны парушаюць работу эндакрыннай сістэмы. І такіх рэчываў шмат як у навакольным асяроддзі, так і ў нашым рацыёне.

Хімічнае ўздзеянне таксама лічыцца прычынай больш ранняга палавога выспявання хлопчыкаў і дзяўчынак. Але гэтая гіпотэза патрабуе больш доказаў.

Чытайце яшчэ:

Апублікаваная карта памераў пеніса па краінах

Інтэнсіўнасць выкарыстання мабільніка ўплывае на якасць спермы — навукоўцы

Чаму пеніс мае форму грыба? Навукоўцы знайшлі прычыну

Цяпер афіцыйна: мужчыны з комплексам малога пеніса часцей выбіраюць спартыўныя аўтамабілі

Інсектыцыды зніжаюць колькасць спермы ў мужчын?

Антось Жупран