Ілюстрацыйнае фота. www.vecteezy.com

Ілюстрацыйнае фота. www.vecteezy.com

Даследчыкі з Універсітэцкага каледжа Лондана выявілі, што эксперыментальнае маніпуляванне мужчынамі (асабліва пажылымі) з мэтай унушэння ім, што ў іх адносна маленькі пеніс, выклікала ў апошніх павелічэнне жадання для раскошных спартыўных аўтамабіляў.

У эксперыменце ўдзельнічала 195 чалавек ва ўзросце ад 18 да 74 гадоў. Ён працягваўся ўсяго 8 хвілін. Сапраўднай мэты ўдзельнікі не ведалі. Ім сказалі, что эксперымент заключаецца ў вывучэнні таго, як людзі запамінаюць факты падчас пакупкі розных прадметаў. Таму ўдзельнікаў папрасілі паспрабаваць запомніць факты для больш позняга тэста памяці.

Кожнаму ўдзельніку было прапанавана 12 раундаў. У кожным з іх на маніторы на працягу 7 секунд паказвалася картка з нейкім фактам. Затым яна змянялася выяваю нейкага прадмета. Удзельнік эксперымента павінен быў з дапамогай перамяшчэння паўзунка ацаніць сваё жаданне мець гэты прадмет.

6 фактаў з 12 былі падабраны такім чынам, каб маніпуляваць самаацэнкай. Пасля іх паказваліся прадметы раскошы (шампанскае, пяцізоркавы атэль, спа-адпачынак, гадзінік Rolex, дызайнерскія сонцаахоўныя акуляры, спартыўны аўтамабіль). Спартыўных аўтамабіляў было шэсць варыянтаў. Іх выявы вар'іраваліся.

Для таго, каб маніпуляваць самацэнкай, прыводзіліся непраўдзівыя факты. Напрыклад, нізкую самаацэнку павінна была выклікаць інфармацыя кшталту:

«Каля 76 % людзей кожны месяц адкладаюць пэўную суму грошай ў зберажэнні» ці «93,37% жыхароў Вялікабрытаніі ў мінулым годзе рабілі ахвяраванні на дабрачыннасць». Для стымулявання высокай самаацэнкі лічбы ў гэтых «фактах» былі замененыя на, адпаведна, 5 % і 15,37%.

У ключавым раундзе адным удзельнікам прыводзіўся факт аб тым, што сярэдні памер эрэгіраванага палавога члена складае 18 см. Гэта павінна было выклікаць іх нізкую самаацэнку. Другая група атрымлівала факт аб тым, што сярэдні памер складае 12 см. Пасля гэтага паказвалася картка са спартыўным аўтамабілем і прапаноўвалася ацаніць сваё жаданне ім валодаць.

Вынікі паказалі, што мужчыны, якія лічылі, што ў іх адносна малы пеніс, дэманстравалі большае жаданне мець спартыўны аўтамабіль. Адначасова вучоныя заўважаюць, што ў групе маладзейшых за 29 гадоў ніякай сувязі паміж уяўным памерам пеніса і жаданнем раскошнага аўтамабіля не было даказана. Узаемасувязь была відавочнай толькі для людзей старэйшых за 30 гадоў.

Вучоныя заўважылі яшчэ адну тэндэнцыю. Для групы мужчын з вялікім пенісам ацэнка спартыўных аўтамабіляў з узростам зніжалася. А вось у другой групы такая сувязь захоўвалася.

Для таго, каб праверыць, ці ўплывае ўзровень самаацэнкі на жаданне набыць іншыя прадметы раскошы, эксперымент быў паўтораны ўжо без дэманстрацыі аўтамабіляў. У гэтым выпадку ніякіх заканамернасцяў не было выяўлена.

Даследаванне можа мець працяг. «Калі б мы маніпулявалі такімі ж моцнымі фактарамі, як, напрыклад, уяўленне мужчын аб сваім інтэлекце ці багацці, ці выявілі б мы падобны ўплыў на рэйтынгі прадуктаў?» — задаюць сабе пытанне вучоныя.

Чытаць яшчэ:

Калі не віягра, то што? 

Клас
8
Панылы сорам
4
Ха-ха
25
Ого
4
Сумна
1
Абуральна
4