СК правярае дзве версіі выбуху на заводзе ў Светлагорску

Следча-аператыўная група працягвае працаваць на месцы аварыі на Светлагорскім ЦКК, паведаміў афіцыйны прадстаўнік СК Аляксандр Сухадольскі.

08.06.2023 / 13:26

Так выглядае цэх пасля «успышкі». Скрын з відэа МНС

«Паводле следства, 7 чэрвеня ў цэху выпарной станцыі па вытворчасці талавага алею Светлагорскага ЦКК праводзіліся тэхнічныя працы. Прыкладна ў 15: 40 адбылася ўспышка газапаветранай сумесі. У выніку выбуху загінулі тры работнікі прадпрыемства ва ўзросце 24, 31 і 42 гадоў. Яшчэ два чалавекі атрымалі цялесныя пашкоджанні», — -праінфармаваў прадстаўнік СК..

«Цяпер дапытаныя і дапытваюцца інжынерна-тэхнічныя работнікі камбіната і кіруючыя супрацоўнікі, задзейнічаныя на вытворчасці. Канфіскаваная дакументацыя, якая рэгламентуе правядзенне вытворчых і рамонтных работ, табелі працоўнага часу і іншыя неабходныя для следства матэрыялы», — адзначыў Сухадольскі.

Што тычыцца прычыны выбуху, то яна яшчэ высвятляецца. Следствам правяраецца версія фарміравання выбуховай газапаветранай сумесі ў ходзе правядзення рамонтна-ачышчальных работ без рэгламенту, а таксама версія аб дапушчаных парушэннях у тэхналагічным працэсе.

Распачата крымінальная справа па факце здарэння. 

Аварыя на прадпрыемстве адбылася 7 чэрвеня прыкладна ў 15:30.

У тэлеграм-канале гомельскага тэлебачання ў 15:46 напісалі, што на тэрыторыі цэлюлознага камбіната адбыўся выбух, а ратавальнікі шукаюць дваіх работнікаў, якія знаходзіліся побач з месцам аварыі.

У пазнейшых афіцыйных паведамленнях гаварылася пра ўспышку газапаветранай сумесі ў цеплаабменніку. Яна адбылася падчас правядзення прафілактычных і рамонтных работ у цэху выпаркі шкіпінару.

Пра выбух пісалі і ў сацыяльных сетках.

«Сёння ў раёне 15:30 моцна бахнула з боку прамзоны. Праз непрацяглы час — сірэны машын, якія імчацца ў той бок», — гаворыцца ў адны з допісаў.

«Выбух быў вельмі моцны, і чулі як падалі розныя аскепкі, потым сірэна… Рэальна крыху былі на паніцы, з прычыны ўсёй абстаноўкі ў Гомельскай вобласці! Дай Бог, каб усе былі жывыя і дзякуй Богу, што гэта не звязана са СВА (вайной. — НН)!!!» — адзначыў аўтар аднаго допісу.

Жыхар Светлагорска расказаў «Нашай Ніве», што тэрыторыя камбіната была ачэпленая. Шмат міліцыі і следчых. Багата выліта пажарнай пены.

СК учора заявіў, што гаварыць пра дакладную колькасць загінулых і пацярпелых на Светлагорскім ЦКК рана, бо следчыя пакуль не маюць доступу да усёй пашкоджанай тэрыторыі. Магчыма, пад заваламі яшчэ ёсць людзі. 

У 2020 годзе на светлагорскім прадпрыемстве ў выніку выбуху на чане ракітавага алею загінуў 40-гадовы зваршчык Аляксандр Русіновіч.

Вытворчасць беленай цэлюлозы спачатку ўзводзіла кітайская кампанія за кітайскія ж інвестыцыі. Але ў выніку канфлікту ў 2018 годзе кітайцы адмовіліся ад супрацоўніцтва з беларускім бокам. Даводзілі да ладу абсталяванне іншыя спецыялісты.

Запусцілі новую вытворчасць у 2020 годзе. Яна вырабляе сульфатную беленую цэлюлозу, якую выкарыстоўваюць у папяровай вытворчасці і вырабе некаторых будаўнічых матэрыялаў.

Чытайце таксама:

У санкцыйны спіс ЗША трапіла беларускае прадпрыемства «Светлагорск Хімвалакно»

Навагрудак застаўся без вады: на цэнтральным водаправодзе адбылася аварыя

«Брата 10 хвілін збівалі ў кватэры і выводзілі ў капюшоне, каб схаваць кроў». Як помсцілі «рэйкавым партызанам»

Nashaniva.com