«Якія там пытанні задаюць?» Ідэолагі звярнулі ўвагу на «Мазгабойню»

Пра выхаванне «паўнавартаснага патрыёта і грамадзяніна Беларусі» і «знешні ўплыў з Захаду і з Усходу» гаварыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Луцкі на пасяджэнні калегіі на тэму «эфектыўнасці арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай работы ў вышэйшых навучальных установах», перадае БЕЛТА.

24.05.2023 / 18:14

Ён звярнуў увагу на розныя аспекты работы з моладдзю. Напрыклад, растуць пацыфістамі, служыць у арміі не хочуць.

«Па-ранейшаму моцны ўплыў чужых каштоўнасцяў, а не праваслаўя. Сярод моладзі больш папулярныя Хэлоўін і Дзень святога Валянціна замест традыцыйных для Беларусі Вялікадня, Тройцы, Раства», — цытуе БелТА.

Як яшчэ адзін прыклад прабелаў у выхаванні моладзі Луцкі нечакана прывёў папулярную гульню «Мазгабойня»

«Якія там пытанні задаюць? Што на іх адказваюць нашы дзеці? А яны актыўна прымаюць у гэтым удзел… Мы нават не падбіраемся да гэтага. Звярніце на гэта ўвагу, прарэктары па выхаваўчай рабоце і рэктары ВНУ», — сказаў ён.

Луцкі наракае, што няма ініцыятывы на месцах. «Няма рэакцыі на гэты момант. Яна адсутнічае. Пакуль не пхнем — не пойдзем». Адзін з апошніх прыкладаў, паводле яго, — фільм АНТ «Забойная пасылка», які, мяркуе ён, трэба паказваць моладзі, «але ў гэтым сэнсе ініцыятывы з месцаў, ад прарэктараў, дэканаў, намдэканаў па выхаваўчай рабоце не назіралася».

Чытайце таксама:

Дзяцей у школах прымушаюць глядзець фільм «Забойная пасылка» 

«А якія да мяне могуць быць прэтэнзіі?» БРСМ і адміністрацыя юрфака БДУ пракаментавалі відэа са студэнтам у духу сілавікоў

«Дазволіў сабе ганьбіць БРСМ, віну прызнаю». Юрфак БДУ апублікаваў відэа са студэнтам на манер ГУБАЗіКа

Nashaniva.com