У якім стане знаходзіцца медыцына праз амаль 30 год лукашэнкаўскага кіравання? Гэта толькі тое, што апублічылі

На ўчарашняй нарадзе ў Лукашэнкі па медыцыне чыноўнікі фактычна распісаліся ў тым, што гадамі не могуць вырашыць праблемы аховы здароўя. «Я была ўражана», — казала Наталля Качанава, нібы яе толькі што прызначылі.

24.05.2023 / 16:59

Пералічым тэзісна, што з праблем прагучала.

Нарада Лукашэнкі. Чыноўнікі абмяркоўваюць сітуацыю ў медыцыне. Фота: belta.by

Кадраў не хапае, сцены разбураюцца

Галоўная доктарка Рэспубліканскага клінічнага медцэнтра Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі Ірына Абельская прызнала тое, што не таямніца: бальніцы не ўкамплектаваныя кадрамі.

Пра недахоп кадраў гаворыцца даўно. Згодна з нацыянальным банкам вакансій, медычным установам краіны патрабуецца 4910 дактароў-спецыялістаў, 4066 медсясцёр, 2750 санітараў.

Медыкі незадаволеныя заробкам ды забяспечанасцю жыллём.

Ёсць праблемы з вырабамі медычнага прызначэння і медабсталяваннем, казала Абельская, якая нядаўна з адмысловай камісіяй ездзіла правяраць бальніцы. 

Ірына Абельская (другая справа) на нарадзе ў Лукашэнкі. Фота: belta.by

Лукашэнку агучыў, што «дагэтуль ёсць абуральныя праблемы бардаку ў бальніцах, паліклініках, ФАПах».

«Сцены і столі разбураюцца, дзверы пакасіліся, элементарныя санітарныя правілы не выконваюцца. (…) Прычым такое здараецца нават у педыятрычных аддзяленнях…» — пералічыў Лукашэнка.

Старшыня камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў сярод недахопаў згадаў вялікія чэргі. Некаторыя працэдуры трэба чакаць да 5 месяцаў. А ў Рагачоўскім раёне чарга на праходжанне МРТ расцягнулася больш чым на год.

Вакцынацыя на паперы, карупцыя, закрыццё ФАПаў

Генеральны пракурор Андрэй Швед сярод праблемаў называў: недахоп кадраў, немэтазгоднае расходаванне сродкаў ад пазабюджэтнай дзейнасці, бюракратыю.

Прызнаў і пагоню за паказчыкамі вакцынацыі.

«Сёлета мы выявілі ў Мінскай і Гомельскай абласцях факты таго, што выкідваюцца на сметніцу прыдатныя да ўжывання вакцыны супраць кавіду. 6 405 упаковак выяўлена на звалках і сметніках у Гомельскай і Мінскай абласцях», — расказаў генпракурор.

«На паверхні ляжыць пагоня за паказчыкамі па вакцынацыі насельніцтва», — канстатаваў ён. 

Швед таксама гаварыў пра карупцыю. За мінулы і гэты год распачата 60 крымінальных спраў. Паводле пракурора, кіраўнікі медычных устаноў Мінска за кошт кавідных выплат павысілі сабе заробкі да 700 працэнтаў. Тым часам, персаналу, які працаваў у кавідных аддзяленнях, даплата склала толькі 27-29 працэнтаў.

На вёсках непрадумана зачыняюць фельчарска-акушэрскія пункты, замяняючы іх перасоўнымі медычнымі комплексамі.

«ФАП закрываюць перш, чым паспяваюць паставіць у раён перасоўны медпункт, і вяскоўцам даводзіцца звяртацца па дапамогу ў суседнія вёскі», — указваў пракурор.

«Факты ўзрушылі нават генпракурора»

Апісваючы нараду, прапаганда падкрэслівала, як «здзівіліся» Лукашэнка і іншыя вышэйшыя чыноўнікі праблемам у медыцыне, што гадамі імі жа не вырашаюцца.

«Я была ўражана», — прыводзіць СТБ словы Качанавай.

«Лукашэнка расказаў, што яго больш за ўсё здзівіла з выяўленых у ахове здароўя праблем», — дае загаловак БелТА.

«Некаторыя факты ўзрушылі нават генпракурора», — піша дзяржаўнае агенцтва ў іншым тэксце.

Аляксандр Лукашэнка на камеры адчытвае чыноўнікаў. Фота: прэс-служба Лукашэнкі

Гэтай нарадай Лукашэнка, відаць, хацеў паказаць, што ён за ўсім сочыць і навядзе парадак. Але насамрэч атрымалася іншае:

ён сам і вышэйшыя чыноўнікі распісаліся ў тым, што што так і не змаглі за столькі гадоў кардынальна палепшыць сітуацыю ў ахове здароўя. Праблемы, якія «ўражвалі да глыбіні душы» функцыянераў, абсалютна не новыя.

Медыкі, з якімі «Нашай Ніве» удалося пагутарыць, кажуць, што нарада нагадвала зрэжысаванае шоў.

«Выпусцілі пар перад насельніцтвам. Гэта ўцёкі ад праблемы», — лічыць адзін з дактароў.

Вырашэнне кадравага пытання Лукашэнка бачыць проста — разабрацца з мэтавікамі.

Суразмоўцы «Нашай Нівы» адзначаюць, што праблемы з медычнымі кадрамі не вырашаюцца пагрозамі і нарадамі. Гэта глабальная для цяперашняй Беларусі праблема, звязаная з агульнай сітуацыяй у краіне і не толькі ў сістэме аховы здароўя. І вырашыць усё да 1 студзеня, як адрапартаваў Лукашэнка, нерэальна.

«Найлепшыя дактары зʼязджаюць, і спыніць адток кадраў можна, толькі закрыўшы мяжу. Якасць падрыхтоўкі маладых спецыялістаў сапраўды, выклікае шмат нараканняў. Трапіўшы ў калектыў бальніцы ім няма ў каго вучыцца. Каб узгадаваць кваліфікаванага спецыяліста патрабуюцца гады. Складваецца ўражанне, што ўсё ў беларускай медыцыне выраджаецца. Не думаю, што да 1 студзеня 2024 году чыноўнікі знойдуць эфектыўныя захады, каб паправіць сітуацыю», — адзначае адзін з суразмоўцаў.

Медыкі адзначаюць, што беларуская сістэма аховы здароўя ў многім захавала савецкія падыходы ў арганізацыі лячэння людзей. У Савецкім Саюзе даводзілася таксама ездзіць з раёнаў у абласныя цэнтры ды сталіцу па неабходнае лячэнне.

Змены ў беларускай медыцыны адбываюцца сітуацыйна: узнікае праблема і яе бяруцца вырашаюць, кажуць дактары.

«Надышла пандэмія і ўсё абрынулася, — тлумачыць адзін з медыкаў. — Потым пачаліся рэпрэсіі. Стала невыносна працаваць. Спецыялісты паехалі за мяжу.

І ў той жа час многіх і многіх дактароў звальняюць за нелаяльнае стаўленне да ўлады. Прымушаюць пісаць заявы. Пра гэта на нарадзе ні слова не было сказана…»

Глядзіце таксама:

Новае запрыгоньванне медыкаў: улады мяняюць правілы ардынатуры — з адпрацоўкай пяць гадоў і гіганцкімі штрафамі

У Мінску не хапае 3500 медыкаў, а ў Польшчу за год пераехала столькі, што хапіла б укамплектаваць усе лякарні Брэстчыны

«Я не збіраўся капаць акопы». Медык з райцэнтра расказвае, чаму больш не вытрымаў

У Шклове звольнілі кіраўніка раённай бальніцы. Ëн заклікаў раўняцца на Лукашэнку

Васіль Вашчыла