На латвійскай мяжы з боку Беларусі адбыўся пажар, падазраюць мігрантаў

У аўторак, 9 мая, каля латвійскай мяжы на беларускім баку адбылося ўзгаранне на тэрыторыі ў некалькі гектараў, паведаміў 10 мая на пасяджэнні камісіі латвійскага Сейма па абароне, унутраных справах і прадухіленні карупцыі намеснік начальніка Дзяржаўнай памежнай аховы Івар Рускуліс. І выказаў меркаванне, што гэта можа мець дачыненне да праблемы нелегальнай міграцыі ў ЕС праз Беларусь.

10.05.2023 / 23:12

Фота ілюстрацыйнае

Паколькі тая тэрыторыя, на якой зафіксаваны пажар, фактычна не заселеная, то латвійская памежная ахова мяркуе, што прычынай пажару маглі стаць нелегальныя мігранты з краін Азіі і Афрыкі, якія штодня масава спрабуюць пранікнуць у Латвію, але іх адпраўляюць назад у Беларусь.

Заўважыўшы ўзгаранне, латвійская памежная ахова выклікала дзяржаўную пажарна-выратавальную службу, якая з латвійскага боку забяспечыла аўтацыстэрну для тушэння пажару на выпадак, калі б полымя перакінулася ў Латвію.

«Ёсць высокая рызыка, што такія дзеянні могуць быць зробленыя і на нашым баку. Наўмысна ці не — гэта іншае пытанне», — падкрэсліў Рускуліс.

Паведамляецца, што сёлета латвійскімі памежнікамі папярэджаныя ўжо 2623 спробы незаконнага перасячэння мяжы, толькі 177 чалавек былі прапушчаныя ў Латвію з гуманітарных меркаванняў. Учора, 9 мая, спробаў парушэння беларуска-латвійскай дзяржаўнай мяжы было зафіксавана 35.

Чытайце таксама:

Латвійская чыгунка забараніла перавозіць грузы ў вагонах БЧ

Беларускія праваабаронцы дапамаглі выратаваць бежанцаў на мяжы з Латвіяй

У Латвіі забаранілі святкаванне 9 мая

Nashaniva.com