У Літве мінімальны заробак у наступным годзе вырасце да 924 еўра

«Чыстымі» гэта будзе складаць 709 еўра.

06.05.2023 / 08:13

5 мая Трохбаковая рада, у якую ўваходзяць прадстаўнікі прафсаюзаў, працадаўцаў і ўрада, дамовілася пра павышэнне мінімальнага заробку з 2024 года да 924 еўра «на паперы», неабкладаная падаткамі сума (НПС) будзе павялічана на 20%. Трохбаковая рада прапануе вырашыць пытанне мінімальнага заробку як мага хутчэй, піша Delfi.

Прапанову аб павышэнні прадставіў віцэ-міністр сацыяльнай абароны і працы Вітаўтас Шылінскас. «Гэта значыць, што з 2024 г. «на паперы» будзе 924 еўра. Я спадзяюся, што працадаўцы падтрымаюць такую прапанову, гэта менш, чым прапаноўваў Цэнтрабанк, мы чуем аргументы бізнэсу, іх трэба ўлічваць, як і нявызначанасць у эканоміцы, прыпынак прамысловасці», — сказаў Шылінскас.

Ён сказаў, што ў Мінфіна ёсць план на 5 гадоў, згодна з якім НПС павялічыцца да мінімальнага заробку. «У наступным годзе мы хочам павялічыць НПС да 20%. Дзякуючы павышэнню мінімуму на 10% і НПС на 20% даходы людзей «на рукі» будуць больш, чым калі б павышэнне было па формуле, прапанаванай ЦБ. Калі мы павысілі б па формуле ЦБ, то «на рукі» быў бы 701 еўра, а пры цяперашнім раскладзе — 709 еўра», — сказаў віцэ-міністр.

У Беларусі мінімальны заробак складае 554 рублі, па сённяшнім курсе гэта 173,7 еўра.

Чытайце таксама:

Ад 4 да 14 еўра за гадзіну на рукі. Якую працу прапануюць беларусам у ЕС

Кіраўніца БелТА палохае беларусаў польскімі клубніцамі. А вось колькі там зарабляюць на ягадах

Мінскім арандадаўцам і не снілася. Колькі беларусы плацяць за здымныя кватэры ў Польшчы і Літве

Nashaniva.com