Вільня

Стаўкі на арэнду жытла ў сталіцы Літвы стартуюць з адзнакі ў 200 еўра. За такія грошы можна разлічваць на невялікую аднапакаёўку ў не самым прэстыжным раёне з не самым свежым рамонтам. Больш-менш годныя варыянты здаюцца па цэнах ад 300-350 еўра.

Двухпакаёўкі з 400 еўра, але знайсці нешта годнае па стаўцы ніжэй за 450 еўра ў месяц не атрымаецца.

Трохпакаёвыя кватэры здаюць па стаўках ад 550 еўра ў месяц. Гэта што тычыцца прапаноў на адным з папулярных літоўскіх сайтаў па пошуку нерухомасці.

Колькі ў рэальнасці беларусы плацяць за арэнду кватэры ў Вільні, мы спыталі ў нашых чытачоў.

Адна з чытачак кажа, што за аднапакаёвую кватэру-студыю плошчай 35 м² з добрым рамонтам за 20 хвілінаў хады ад цэнтра плаціць 500 еўра. Да лета мінулага года яна плаціла за яе па 400 еўра ў месяц. Камунальныя плацяжы ў летні перыяд складаюць каля 80 еўра, а ў зімовы каля 120, у кватэры пражываюць два чалавекі.

Іншы чытач з Вільні за 500 еўра здымае двухпакаёўку ў цэнтральнай частцы горада. Плошча кватэры 39 квадратаў. Камунальныя плацяжы ў летні перыяд складаюць да 100 еўра за месяц, а ў зімовы 150-180. У кватэры пражываюць двое дарослых з дзіцем.

Яшчэ адна сям'я беларусаў здымае ў Вільні двухпакаёўку плошчай 58 м² за 680 еўра. Гэта цалкам мэбляваная кватэра з сучасным рамонтам і разнастайнай тэхнікай. Камунальныя плацяжы ў залежнасці ад сезону вагаюцца ад 100 да 180 еўра. У кватэры таксама пражывае двое дарослых з дзіцем.

Беларус, які здымае двухпакаёвую хрушчоўку плошчай 41 м², плаціць за арэнду кватэры 490 еўра ў месяц. Мужчына пражывае ў кватэры адзін. Камунальныя плацяжы ў летні перыяд складаюць каля 60—70 еўра, а ў зімовы — 120—140 еўра.

Самы мінімум, пра які распавялі нашы чытачы — гэта 420 еўра ў месяц за двухпакаёўку плошчай 52 квадраты ў цэнтры Вільні са сціплым рамонтам. Праўда, гэтыя людзі здымаюць яе ўжо пяты год. Да 2022-га яны здымалі яе за 350 еўра ў месяц.

Максімум, пра які падзяліліся чытачы «Нашай Нівы», — гэта 750 еўра за трохпакаёўку плошчай 49 м² блізу цэнтру з добрым рамонтам. Камунальныя плацяжы ў залежнасці ад сезону вагаюцца ад 100 да 180 еўра.

Тым не менш, як адзначаюць суразмоўцы, названыя лічбы далёка не максімальныя, за якія беларусы здымаюць жыллё ў літоўскай сталіцы. Многія айцішнікі здымаюць больш дарагое жытло, стаўкі на якое дасягаюць 1000 еўра на месяц і болей.

Таксама трэба ўлічваць, што для арэнды жытла ўсе апытаныя пакідалі гаспадарам кватэры заставу як за месяц арэнды кватэры. У залежнасці ад канкрэтнага выпадку, гаспадары патрабуюць залог у памеры роўны 1—3 месяцам арэнды.

Варшава

Стаўкі на арэнду жытла ў Варшаве значна вышэйшыя. За аднапакаёўку ў польскай сталіцы давядзецца выкладаць ад 2500-3000 злотых (каля 550-650 еўра). Плюс камунальныя паслугі.

Чытачы здымаюць аднапакаёвую кватэру-студыю за 3700 злотых за месяц. У гэтую суму ўключаны камунальныя плацяжы. Сума не змяняецца ў залежнасці ад сезона. Агульная плошча кватэры 32 м². У ёй пражывае два чалавекі.

Беларусы, якія жывуць за 15 кіламетраў ад Варшавы, кажуць, што за еўрадвушку агульнай плошчай 49 «квадратаў» плацяць 2700 злотых (каля 580 еўра). Камунальныя паслугі круглы год каля 540 злотых (каля 120 еўра).

Іншы чытач таксама здымае кватэру не ў самой Варшаве, а ў адным з гарадоў, якія прылягаюць да сталіцы. За двухпакаёўку ў сучасным доме з падземным паркінгам малады чалавек плаціць 2500 злотых. Камуналка ўключана ў суму. Мужчына адзначае, што па бягучых мерках гэта вельмі танна, бо гаспадар пасля пачатку вайны не стаў падымаць арэнду за саму кватэру, паколькі малады чалавек жыве там ужо трэці год, таму арэнда вырасла зусім нязначна і выключна за кошт павялічанай камуналкі.

Таксама адзначым, што беларусы, якія нядаўна шукалі жыллё ў Польшчы скардзяцца, што апошнім часам апроч заставы польскія арэндадаўцы сталі ўсё часцей патрабаваць заключаць дадатковую натарыяльна завераную дамову, дзе нейкі іншы ўласнік жытла ў Польшчы абавязуецца прыняць вас, калі вас раптам выселяць. Суразмоўцы адначаюць, што раней такога ніхто не патрабаваў.

Беласток

Стаўкі на арэнду жытла ў Беластоку пачынаюцца ад 1000 злотых (каля 200 еўра) за месяц. Напрыклад, столькі плацяць беларусы за невялікую аднапакаёвую «кавалерку». Праўда, сысціся на такой стаўцы ім удалося толькі пасля таго, як яны паведамілі, што збіраюцца здымаць кватэру працяглы час і гатовы ўнесці аплату на некалькі месяцаў наперад. Пачаткова гаспадар хацеў 1500 злотых у месяц (каля 300 еўра). Выдаткі на камунальныя паслугі за такую кватэру складаюць 300-400 злотых (65-85 еўра).

У сярэднім жа стаўкі на арэнду аднапакаёвак у Беластоку пачынаюцца з 1700 злотых (каля 370 еўра), плюс камунальныя паслугі.

Беларусы, якія здымаюць двухпакаёўку плошчай каля 40 квадратаў у Беластоку, плацяць за яе па 1900 злотых у месяц (каля 410 еўра). У гэтую суму ўваходзяць камунальныя плацяжы, якія аднолькавыя незалежна ад сезона. Суразмоўцы адзначаюць, што рамонт і аздабленне кватэры пакідаюць жадаць лепшага. Сярод пераваг сваёй кватэры беларусы адзначаюць лакацыю і смешны па польскіх мерках заклад 300 злотых (каля 65 еўра).

Іншыя беларусы плацяць за еўрадвушку ў Беластоку 1600 злотых (каля 350 еўра) арэнды і яшчэ 400 злотых (каля 90 еўра) за камунальныя і іншыя плацяжы. Кватэра ў сучасным доме з добрым рамонтам і аздабленнем. Агульная плошча — 36 м².

За трохпакаёўку з добрым рамонтам, якая знаходзіцца ў сучасным доме і мае падземны паркінг, беларусы плацяць 3700 злотых (каля 800 еўра) разам з камунальнымі плацяжамі. У кватэры жывуць двое дарослых і двое дзяцей. Суразмоўцы кажуць, што раней за гэту кватэру яны плацілі арэнду на 500 злотых менш (каля 690 еўра) з камунальнымі плацяжамі. Плошча кватэры большая за 60 м².

Чытайце таксама: 
«За пустую кватэру заплаціў пад 190 рублёў, не працаваў нават халадзільнік». Беларускія дальнабойшчыкі ў шоку ад сваіх жыровак

Клас
18
Панылы сорам
7
Ха-ха
8
Ого
17
Сумна
10
Абуральна
13