ЗША: Са снежня на вайне ва Украіне загінулі 20 тысяч расіянаў, многія з іх — у Бахмуце

Прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі ЗША Джон Кірбі заявіў са спасылкай на рассакрэчаныя звесткі амерыканскай разведкі, што на вайне ва Украіне за апошнія пяць месяцаў загінулі больш за 20 тысяч расійскіх вайскоўцаў, а яшчэ 80 тысяч атрымалі раненьні. Паводле яго слоў, значная частка гэтых страт прыпадае на бітву за Бахмут, а палова загінулых са снежня 2022 года былі наймітамі ПВК «Вагнер», якія змагаюцца ў раёне гэтага горада ў Данецкай вобласці, піша Бі-бі-сі.

02.05.2023 / 07:15

Паводле ацэнак Кірбі, наступальная аперацыя Расіі на Данбасе скончыліся правалам. «Спроба Расіі ажыццявіць наступ на Данбасе ў асноўным праз Бахмут правалілася», — заявіў прадстаўнік Белага дома.

«Цана гэтых спробаў, асабліва ў Бахмуце, была проста неверагодна высокай», — сказаў пры гэтым Кірбі. Ён заявіў, што ў выніку Расія «знясіліла свае вайсковыя запасы і ўзброеныя сілы» — пры тым, што «абстрэлы і баі ў Бахмуце ішлі задоўга да снежня».

«Але па нашых падліках, толькі са снежня колькасць страт Расіі склала больш за 100 тыс.чалавек, у тым ліку больш за 20 тыс. забітымі, — заявіў прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі ЗША. — Амаль палова [загінулых] — «вагнераўцы», большасць з якіх былі расійскімі зняволенымі, кінутымі на бітву ў Бахмуце без дастатковага баявога досведу, баявой падрыхтоўкі, баявога камандавання і якога-небудзь падабенства арганізацыйнага і каманднага парадку».

Пры гэтым назваць амерыканскую ацэнку ўкраінскіх страт Кірбі адмовіўся: «Яны тут ахвяры, Расія — агрэсар» Па словах чыноўніка, Белы дом не будзе публікаваць інфармацыю, якая ўскладняе становішча Украіны і яе арміі.

У нядаўніх сакрэтных дакументах Пентагона было сказана, што па стане на 1 сакавіка агульныя страты Расіі на вайне забітымі ацэньваліся ад 35 тысяч да 43,5 тысяч, а Украіны — 16-17 тысяч. Дакладнасць гэтых дакументаў канчаткова не пацверджана.

Дырэктар расійскай праграмы ў цэнтры вайскова-марскога аналізу ЗША Майкл Кофман мяркуе ў сваім твітары, што расійскія страты, пра якія кажа Кірбі, — гэта «верхні парог спектру ацэнак», а яго ніжні парог, імаверна, складае блізу 80-85% ад названай Белым домам лічбы.

Чытайце таксама:

«Больш, чым войска Чэхіі або Венгрыі». УСУ распавялі, колькі расіян ваюе пад Бахмутам

Камандуючы Усходняй групоўкай войск УСУ патлумачыў, чаму яны працягваюць утрымліваць Бахмут

Расія перакідае ў Бахмут падраздзяленні рэгулярных войск з-за вялікіх страт у шэрагах ПВК «Вагнер»

Nashaniva.com