Абыходзіць санкцыі «кашальку Лукашэнкі» Зайцаву дапамагае слонімскі ксёндз Лашук — БРЦ

Адзін з «кашалькоў» Аляксандра Лукашэнкі, а з нядаўняга часу і ватыканскі рыцар Аляксандр Зайцаў карыстаецца дзеля абыходу еўрапейскіх санкцыяў дапамогай свайго знаёмага — каталіцкага святара Ігара Лашука. Пра гэта сведчыць новае расследаванне журналістаў «Беларускага расследавальніцкага цэнтра».

21.04.2023 / 19:35

Ігар Лашук з парафіянкай

Бізнэсовец Аляксандр Зайцаў вядомы як стваральнік кампаніі Sohra Overseas, саўладальнік кампаніі «Брэміна груп» і футбольных клубаў. «Брэміна груп» была створаная на ўказ Аляксандра Лукашэнкі для набліжаных да яго бізнесменаў. Праз яе і звязаныя з ёй кампаніі ідзе істотная частка афіцыйнага транзіту праз Беларусь.

Таксама Зайцаў меў дачыненне і да абаронных праектаў, звязаных з кампаніямі ў Беларусі, Латвіі і ва Украіне. Пад санкцыі Еўразвязу ён трапіў у чэрвені 2021 года.

Пра тое, што Зайцаў першым у гісторыі Беларусі атрымаў ватыканскі тытул рыцара Ордэна святога Рыгора Вялікага, стала вядома ў снежні 2022 года. Гэта найвышэйшая адзнака для свецкіх асобаў, якая прызнаецца Папам Рымскім. Пра падзею не паведамлялася на афіцыйных каталіцкіх парталах, але ўсё ж такі на святло выйшга, што высвяціў рэгаліі і прыняў прысягу ад новага рыцара арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Юзаф Станеўскі, а ва ўрачыстасцях удзельнічалі ксяндзы Ігар Лашук са Стоўбцаў і Юрый Жэгарын з Наваградка. 

Ксёндз Лашук адзначыў, што ведае алігарха «шмат гадоў», «ён не толькі асабіста ўзрастаў у веры, але распаўсюджваў і пашыраў веру Касцёлу тут на беларускай зямлі». А арцыбіскуп Станеўскі падкрэсліў, што сам Зайцаў не шукаў гэтай узнагароды, а «ўзнагарода шукала рыцара Аляксандра, рыцарская годнасць шукала яго».

Ініцыятыва «Хрысціянская візія», якая першай паведаміла пра факт уганаравання Зайцава, меркавала тады, што Зайцаў падтрымліваў некаторыя каталіцкія праекты фінансамі, у тым ліку ў пытаннях будаўніцтва. Аднак Беларускі расследавальніцкі цэнтр выявіў больш шчыльныя стасункі Зайцава і ксяндза Лашука.

Паводле БРЦ, у верасні 2021 года святар заснаваў кампанію «АЛІС МА», на якую падсанкцыйныя ўладальнікі кампаніі «Брэміна груп» перапісалі частку сваёй маёмасці. Пры тым, што займацца бізнэсам каталіцкім святарам забараняе нават кананічнае права.

«Нашае заданне — служэнне. Святар не можа ўдзельнічаць ні ў палітычных партыях, ні займацца бізнэсам. Гэта немагчыма нават па кананічным праве.

Такая заява — вельмі цікавая нават для нас. Таму мы таксама ў гэтым пастараемся разабрацца», — расказаў журналістам Юрый Санько, прэс-сакратар Каталіцкай царквы ў Беларусі.

Сам ксёндз Лашук не здолеў выразна патлумачыць, як ён раптам стаў уладальнікам кампаніі, звязанай з «Брэміна груп». Свае сувязі з Зайцавым ён каментаваць адмовіўся.

«Гэта мая асабістая справа, я святар. На некаторыя пытанні я не адказваю нікому, нават Папе Рымскаму, разумееце? Ёсць пытанні, якія толькі перада мной ёсць і Госпадам Богам», — сказаў Ігар Лашук у тэлефоннай размове.

Цікава пры гэтым, што ў красавіку 2022 года ксёндз Лашук судзіўся ўладамі за «распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі» і быў асуджаны да штрафу памерам у 30 базавых велічынь.

Чытайце таксама:

ЗША ўдарылі па сетцы, якая дапамагала Расіі і Беларусі абыходзіць санкцыі. Згадваецца і Аляксандр Зайцаў

Бізнэсовец Зайцаў зарэгістраваў «Белкосмас»

Больш за сто палётаў на курорты і прызначэнні пасля сумеснага адпачынку. Куды і з кім лётаюць Віктар і Лілія Лукашэнкі

Nashaniva.com