У НАТА асудзілі безадказную ядзерную рыторыку Пуціна

У НАТА падкрэслілі, што на гэты момант не назіраюць ніякіх змен у ядзернай палітыцы Расіі і не бачаць неабходнасці мяняць сваю.

26.03.2023 / 23:05

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін у Крамлі, кастрычнік 2022 года. Фота: AP

НАТА раскрытыкавала Расію за «небяспечную і безадказную» ядзерную рыторыку пасля таго, як прэзідэнт Уладзімір Пуцін заявіў, што РФ размесціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters у нядзелю, 26 сакавіка.

«НАТА праяўляе пільнасць, і мы ўважліва сочым за сітуацыяй. Мы не назіраем ніякіх зменаў у ядзернай палітыцы Расіі, якія прымусілі б нас скарэктаваць сваю ўласную», — заявіў прадстаўнік альянсу.

Тлумачэнне Пуціна, што РФ размяшчае ядзерную зброю ў Беларусі, паколькі краіны НАТА таксама размяшчаюць яе на сваіх тэрыторыях «цалкам уводзіць у зман», дадалі ў альянсе.

«Саюзнікі па НАТА дзейнічаюць пры поўным выкананні сваіх міжнародных абавязацельстваў. Расія паслядоўна парушала свае абавязацельствы па кантролі над узбраеннямі, зусім нядаўна прыпыніўшы свой удзел у новым дагаворы аб стратэгічным наступальным узбраенні», — заявіў прадстаўнік НАТА.

Раней стала вядома, што Масква і Мінск дамовіліся размясціць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі.

Міністэрства абароны ЗША паведаміла, што няма ніякіх прыкмет, якія паказвалі б на тое, што Расія рыхтуецца ўжыць ядзерную зброю.

Чытайце таксама:

Кізім пра ядзерную зброю ў Беларусі: Зразумела, навошта гэта Пуціну, але навошта беларусам?

Балгарыя заклікала да перамоў пасля слоў Пуціна пра ядзерную зброю ў Беларусі

«З дапамогай «ядзернай дубінкі» Пуцін хоча паказаць усяму свету, што імперыя вярнулася»

Два дыктатары, якія загуляліся ў вайну, зрабілі з Беларусі цэль для ўдару — Ціханоўская

Вайсковы аналітык: рашэнне расійскага камандавання пачаць зімовы наступ было памылкай і падарункам для Украіны

Nashaniva.com