Стала вядома, які «хамут на шыю» знайшлі для Мікалая Ладуцькі

Былы дырэктар мінскага завода «Мотавела» Мікалай Ладуцька страціў пасаду пасля таго, як сёлета ў жніўні яму зрабіў разнос падчас наведвання прадпрыемства сам Лукашэнка. Цяпер стала вядома, куды яго прызначылі. 

26.12.2022 / 18:00

Ладуцька паказвае Лукашэнку матацыкл, які пасля выклікаў гнеў палітыка

Падчас візіту Лукашэнкі на завод «Мотавела» яму прадэманстравалі матацыкл «свайго дызайну», які аказаўся французскім матацыклам, сабраным у Кітаі. Лукашэнка тады заявіў, што хоча прызначыць на мотавелазавод маладога гендырэктара, а для Мікалая Ладуцькі знайсці новую пасаду. 

Мікалай Ладуцька ўзначальваў мотавелазавод з 2015 года, а да таго з 2009-га па 2014-ты быў старшынёй Мінскага гарвыканкама. 

«Трэба шукаць маладога хуткага дырэктара. А яму знайсці пенсійную пасаду, але таксама хамут на шыю. Слухай, няўжо ты не разумееш, у чым прычына тут. Прычына ў тым, што тут павольна варушыцеся. А ён [Ладуцька] ужо не можа і не хоча. Ну навошта яму?» — заявіў Лукашэнка, фактычна адпраўляючы Ладуцьку ў адстаўку.

Не ўратавала былога дырэктара нават відэа, дзе Ладуцька, публічна прыніжаючыся, гаварыў, што крытыка Лукашэнкі гэта «не крытыка, а бацькоўскае слова».

Цяпер стала вядома, у што ўвасобіўся абяцаны Лукашэнкам «хамут на шыю». Ім для 63-гадовага Ладуцькі стала сціплая пасада першага намесніка камунальнага будаўніча-эксплуатацыйнага ўнітарнага прадпрыемства «Мінская cпадчына».

Пасада, відаць, «няпыльная», але яўна не адпаведная статусу былога кіраўніка ўсяго горада, а таму прыніжальная.

Чытайце таксама:

На месца Ладуцькі на «Мотавела» паставілі новага дырэктара

Дырэктар «Мотавела» Мікалай Ладуцька запісаў пакаяннае відэа

Лукашэнка загадаў памяняць Ладуцьку на мотавелазаводзе, бо той ужо «не можа і не хоча»

«Свой дызайн». Як аказалася, Лукашэнку паказалі французскі матацыкл

Nashaniva.com