Нашы каманды сустракаліся паміж сабой чатыры разы, прычым заўсёды ў таварыскіх сустрэчах. Гэтая не стала выключэннем. Дык вось у чатырох сустрэчах беларусы мелі адну перамогу, гаспадары — тры.

Першы тайм быў шчыра сумным. Падобна, што каманды прыглядаліся адна да адно. Хаця той жа Натха добра прабіў са штрафнога: мяч нават чыркануў па штанзе.

Гол нарадзіўся зніадкуль. Шкалярскую памылку дапусціў Ягор Філіпенка. Нічога страшнага, калі памяляюцца ў цэнтры поля, але калі хібуе цэнтральны абаронца, чакай бяды. Форвард тэль-авіўскага «Хапаэля» беларусам не дараваў, прабіўшы ў блізкі ад Верамко кут — 1:0.
Беларусы ў першай палове гульні глядзеліся блякла. Нават моманты ля варот Дуду Авата прыгадаць цяжка. Але фартуна ўсміхнулася хлопцам Георгія Кандрацьева, калі ішоў кампенсаваны час. Быў закід у штрафную ізраільцян, абаронцы адбіліся, але проста на нагу Сяргею Кісляку — 1:1.
Удар у Сяргея атрымаўся прыгожы. Дарэчы, калі Кісляк за зборную забівае, то каманда не прайграе.
Ну, а другі тайм пачаўся з цэбра халоднай вады на галовы ізраільцян.
У Сяргея Балановіча атрымаўся бліскучы ўдар з-за межаў штрафной — 1:2.

Ад пачатку аднаўлення гульні не прайшло і хвіліны. Атрымліваецца, што беларусы забівалі галы на 46+ і 46 хвілінах, але ў розных таймах. Для салігорца Балановіча гол стаў першым у складзе нацыянальнай каманды. Пас аддаў Рэнан Брэсан.

Увогуле беларусы мелі шмат момантаў, каб павялічваць перавагу. Што заўважна кантраставала з першай паловай. Брэсан, Пуціла, Драгун сваімі шанцамі, на жаль, скарыстацца не змаглі.

Але для перамогі хапіла і двух галоў. Можа, дапамагло ўчорашяе наведванне Сцяны Плачу і Храма Труны Гасподняй?
Калі беларусы згуляюць наступны матч пакуль невядома. Спарынг-партнёр на 6 лютага яшчэ не падабраны. З таго, што маем, то 3 чэрвеня павінны згуляць з эстонцамі. Таксама ў чэрвені дзве афіцыйныя гульні з Фінляндыяй (дома і ў гасцях).
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?