Я чакаў, што на выбарах прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі пераможа Барак Абама. Я быў упэўнены, што за яго ў большасці сваёй прагаласуюць афраамерыканцы і лацінаамерыканцы, быў упэўнены, што маладому, падцягнутаму прэзідэнту аддадуць перавагу маладыя грамадзяне ЗША, што за прафесара Абаму будуць галасаваць інтэлектуалы, у асяроддзі якіх заўсёды пераважаюць левыя настроі.

На паслявыбарнай мапе ЗША можна бачыць, што Барака Абаму падтрымалі тыя штаты, якія ў далёкіх 1860-х вялі барацьбу за ліквідацыю рабства, тыя штаты, якія ў свой час падтрымалі Франкліна Рузвельта і Джона Кенедзі.
Гэта паказальна, што сёння, у дзень паўторнай перамогі Абамы, у амерыканскі Кангрэс зноў прыйшоў прадстаўнік сям’і Кенедзі – родны унук міністра юстыцыі Роберта Кенедзі, таго міністра, які праз 100 гадоў пасля ліквідацыі рабства прыклаў шмат намаганняў дзеля пераадолення расізму, асабліва ў паўднёвых штатах.
Перамога на прэзідэнцкіх выбарах Барака Абамы чатыры гады назад і яго новы электаральны поспех пацвярджае выснову знакамітага сацыял-дэмакрата, што чалавецтва, нягледзячы на ўсе зігзагі і зваротныя рухі, ідзе ад несвабоды да свабоды, ад свабоды меншай да свабоды большай.

Пасля абвяшчэння вынікаў выбараў тысячы і тысячы амерыканак і амерыканцаў выйшлі на вуліцы вітаць прэзідэнта Барака Абаму, яго поспех. Праз два з палавінаю месяцы, у студзені, у прысутнасці дзясяткаў тысяч чалавек адбудзецца інаўгурацыя прэзідэнта ЗША.

Я скажу ці нехта скажа, што мае сучаснікі жылі і змагаліся недарма, калі ноч пасля прзідэнцкіх выбараў у Беларусі не ператворыцца ў ноч крывавага пабоішча і арыштаў, калі тысячы і тысячы беларусак і беларусаў выйдуць на плошчы радаснымі воклічамі вітаць дэмакратычна абранага прэзідэнта. Я скажу ці нехта скажа, што мае сучаснікі жылі і змагаліся не дарма, калі дэмакратычна абраны прэзідэнт будзе ехаць на інаўгурацыю не па пустых вуліцах беларускай сталіцы і складаць прысягу будзе не ў зачыненай зале, пад вартай, але на плошчы, перад народам, пад яго воплескі і вітанні.
Тады я ці нехта скажа: мы жывем у свабоднай краіне.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?