23 кастрычніка на БТ у праграме крымінальнай хронікі паведамілі, што выдаўцы часопіса Arche абвінавачваюцца ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, што рахункі выдання арыштавалі, а таксама канфіскавалі 5 з паловай тысяч асобнікаў кніг, выдадзеных пад рэдакцыяй Валера Булгакава. Паводле аўтараў сюжэту, гэтая літаратура змяшчае «альтэрнатыўны погляд на гісторыю акупацыі Беларусі ў гады вайны».

«Сумнеўная літаратура з прэтэнзіяй на экстрэмізм» — так ахарактарызаваў выданні часопіса Arche журналіст Аляксандр Вярбіцкі ў сюжэце праграмы «Зона Ікс».

Пісьменнік, рэдактар часопіса «Дзеяслоў» Барыс Пятровіч так пракаментаваў падзеі вакол часопіса Arche і яго былога рэдактара Валера Булгакава:

«Тое, што здарылася з галоўным рэдактарам Arche Валерам Булгакавым, — не выпадковасць, у нашай дзяржаве выпадковасцяў не бывае. І гэта не мясцовая ініцыятыва гарадзенскіх чыноўнікаў. Хутчэй за ўсё, гэта адмашка зверху. Каб выправіць сітуацыю, каб спыніць пераслед і галоўнага рэдактара, і часопіса, патрэбная такая самая адмашка. Больш за тое — трэба адмяніць загады аб забароне распаўсюду кніг і часопісаў, вярнуць у Беларусь свабоду слова і свабоду друку. І тады не будзе гэтых парушэнняў. Калі б дзяржава павярнулася тварам да выданняў, якія прапагандуюць беларускую культуру і гісторыю, з бюджэту дапамагала ім, як гэта робіцца ў нашых суседзяў — у Польшчы і Літве, ва Украіне і Расіі, — тады, паўтаруся, не было б ніякіх парушэнняў».

Выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара выдання гісторык Алесь Пашкевіч, які змяніў на пасадзе Валера Булгакава, быў «непрыемна ўражаны» гэтым сюжэтам:

«З канфіскаваных кніжак толькі тры маюць дачыненне да Вялікай Айчыннай вайны. Нумар, які карэспандэнт паказваў на ўсю краіну, быў выдадзены ў 2008 годзе на абсалютна легальных падставах. Да гэтага часу ён ні ў кога не выклікаў пытанняў».

Паводле Алеся Пашкевіча, у гэтым нумары змяшчаюцца працы замежных гісторыкаў з ЗША, Ізраіля, Нямеччыны. Усе яны раней друкаваліся ў арыгінале ў салідных акадэмічных выданнях. «У гэтых краінах, дзе жорсткае заканадаўства супраць экстрэмізму, яны былі дазволеныя. Ужо адно гэта сведчыць, што абвінавачанні БТ надуманыя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?