Лідар радыкальнай шыіцкай групоўкі «Хезбала» шэйх Насрала заклікае да новых пратэстаў у Ліване ў адказ на зняты ў ЗША фільм, які многія мусульмане палічылі абразлівым.
Як заявіў у відэазвароце Насрала, свет павінен ведаць, што мусульмане «не будуць моўчкі трываць абразы».
Пратэсты ля дыпламатычных прадстаўніцтваў ЗША ў ісламскіх краінах Блізкага Усходу, Паўночнай Афрыкі і Азіі працягваюцца ўжо некалькі дзён.
У звароце, які быў паказаны па тэлеканале«Аль-Манар» , шэйх заклікаў вернікаў да шматдзённых пратэстаў.
Мяркуецца, што першая акцыя пройдзе ў панядзелак днём у паўднёвым прыгарадзе Бейрута, які фактычна кантралюе групоўка «Хэзбала».
Шэйх адзначыў, што чакаў заканчэння трохдзённага візіту ў Ліван Папы Бенедыкта XVI і толькі затым выступіў са зваротам.
«Тыя, хто стаіць за гэтым фільмам, тыя, хто стаяць за яго стваральнікамі, тыя, хто падтрымліваюць і абараняюць іх, у першую чаргу ЗША, павінны быць прызваныя да адказу і пакараныя.Іх варта байкатаваць», — заявіў шэйх.
У Ліване ў апошнія дні ўжо адбыліся пратэсты супраць фільма, але ў асноўным на поўначы краіны ў горадзе Трыпалі, дзе большасць жыхароў — суніты.
Па словах шэйха Насралы, фільм з’яўляецца велізарнай абразай для мусульман, нават большай, чым раман Салмана Рушдзі «Сатанінскія суры» або апублікаваныя ў дацкай газеце карыкатуры з выявай прарока Мухамеда.
Няякасна зняты і дрэнна змантаваны фільм «Нявіннасць мусульманаў» паказвае прарока Мухамеда дурнаватым чалавекам, які імкнецца да ўлады. У фільме ёсць сцэны сэксу Мухамеда з яго жонкай і іншымі жанчынамі.
Дакладных звестак пра стваральнікаў гэтай стужкі няма, але ўлады ЗША кажуць, што, як мяркуецца, рэжысёрам стаў Накула Баслі Накула з Каліфорніі, якога раней прызналі вінаватым у махлярстве.